Уся ўлада дыяспары!

Цікавай асаблівасцю апошніх антыкарупцыйных пратэстаў у Румыніі было тое, што іх актыўнымі ўдзельнікамі сталі румынскія гастарбайтэры — грамадзяне, якія раней выправіліся на заробкі за мяжу, аднак прыехалі падтрымаць акцыі пратэсту

 Фота www.rferl.org

Паводле дадзеных ААН, 17% румын працуюць у іншых краінах свету. Асноўная прычына эміграцыі — беднасць і карупцыя, узровень якой лічыцца самым высокім у ЕС. Між тым, зарабляючы пару тысяч еўра на месяц, напрыклад, у ФРГ, можна забяспечыць сваякам на радзіме нармальнае жыццё. У Румыніі сярэдні заробак — 520 еўра.

Пры гэтым працоўныя мігранты з Румыніі не абыякавыя да таго, што адбываецца на радзіме. На выбарах яны традыцыйна падтрымліваюць правыя палітычныя партыі. Менавіта галасы 17% дыяспары спрыялі перамозе правага кандыдата Клаўса Ёханіса на прэзідэнцкіх выбарах у 2014 годзе.

Не прайшла дыяспара і міма нядаўніх працэсаў. За некалькі апошніх месяцаў урад Партыі сацыял-дэмакратаў (PSD) правёў скандальную рэформу. Яе вынікам стала карэкціроўка артыкула, паводле якога кіраўнікоў, функцыянераў, дэпутатаў і палітыкаў, у тым ліку ад кіруючай партыі, раней прыцягвалі да адказнасці за карупцыю. Іншымі словамі, эсдэкі фактычна руйнуюць сістэму незалежных антыкарупцыйных органаў. Гэта і стала дэтанатарам жнівеньскіх пратэстаў, якія актыўна падтрымала замежжа.

Усё пачалося з відэазакліку, змешчанага ў Фэйсбуку на пачатку чэрвеня румынскім зямляцтвам у Вялікабрытаніі. Потым з’явілася іншае відэа, аўтарам якога быў румынскі палітык Себасцьян Бурдужа, што і сам у свой час працаваў за мяжой. «Трэба падтрымаць дэмакратыю, судовую сістэму і працягнуць інтэграцыю з Еўропай. Прыязджайце дадому, таму што гэта неабходна. Шмат хто кажа мне: цяпер у Румыніі цёмныя часы. Дык прыязджайце — і запаліце святло!» Відэа сталася вірусным ды сабрала амаль два мільёны праглядаў.

Напярэдадні 10 жніўня — дня галоўнай антыўрадавай маніфестацыі ў Бухарэсце, — тысячы румын рушылі на радзіму з розных краін ЕС. Тыя, хто не здолеў прыехаць, арганізоўвалі пікеты пад амбасадамі Румыніі ў еўрапейскіх краінах. У самім жа Бухарэсце менавіта прадстаўнікі дыяспары павялі народ на штурм офіса ўраду. Сёння пратэстоўцы маюць намер працягваць ціск на ўрад і далей.

З’яўленне дыяспары як прыкметнага палітычнага фактару стала для экспертаў сапраўдным сюрпрызам. Дыяспары ў многіх краінах Усходняй Еўропы і раней уплывалі на сітуацыю на радзіме, але, хутчэй, апасродкавана. У румынскім выпадку гастарбайтэры ледзь не зладзілі сапраўдную рэвалюцыю. Нагадаем, што 10 жніўня натоўп паспрабаваў прарвацца праз кардон паліцыі вакол будынка ўрада. Сілы праваахоўнікаў у адказ ужылі слезацечны газ і вадамёты. Больш за 450 чалавек былі параненыя.

 Фота www.washingtonpost.com

Не дзіўна, што феномен румынскай дыяспары актыўна абмяркоўваюць у прэсе. Некаторыя бачаць у эмігрантах нейкіх ідэалістаў — рамантыкаў, якія мараць дапамагчы суайчыннікам пазбавіцца ад язвы карупцыі. Прычым ніякіх уласных інтарэсаў прадстаўнікі дыяспары, маўляў, не маюць.

Іншая частка палітолагаў лічыць, што дыяспара — новы інструмент Захаду для ціску на эліты ў краінах Усходняй Еўропы. Мясцовыя палітыкі, як правіла, карумпаваныя, і ў той ці іншай ступені зацікаўленыя ў суверэнітэце сваіх краін. Найбольш радыкальны варыянт такой мадэлі — аўтарытарная Венгрыя, якой кіруе Орбан. Не дапусціць з’яўлення новых Венгрый, нібыта, прапануецца за кошт арганізаваных дэсантаў гастарбайтэраў — групаў са сваёй ідэнтычнасцю, не звязаных агульнанацыянальнай павесткай дня.

Ёсць яшчэ адна пазіцыя. Яе прыхільнікі заклікаюць не пераацэньваць геапалітычны падтэкст апошніх падзей у Румыніі. PSD заўсёды была лаяльная Захаду. Ніводнага разу, у адрозненне ад Сафіі або Будапешта, Бухарэст не быў, напрыклад, заўважаны ў флірце з Масквой. Эсдэкі нават абяцаюць бліжэйшым часам увесці ў Румыніі еўра. Супрацьстаянне ў Бухарэсце — гэта барацьба старых посткамуністычных кланаў і алігархаў супраць сярэдняга класа, дзе шмат прадстаўнікоў дыяспары.

Прычым дыяспара — гэта былыя румынскія грамадзяне, якія зрабілі кар’еры ў тых краінах, куды яны прыехалі. Гэта студэнты еўрапейскіх універсітэтаў, людзі з добрымі прафесіямі, асобы, якія скарысталіся спрыяльным момантам, сталі дробнымі прадпрымальнікамі. Сёння ўнутры дыяспары папулярная ідэя — прыйшоў час вяртаць сабе краіну і будаваць Румынію па сваіх стандартах.

У чым згодныя прыхільнікі ўсіх версій, дык у тым, што дыяспары сапраўды становяцца важным палітычным суб’ектам ва Усходняй Еўропе. Для гэтага ў іх ёсць уся неабходная атрыбутыка — камунікацыі, палітычная матывацыя, рэсурсы, мабільнасць. Называюцца і краіны, дзе патэнцыйна магчымы наступны Майдан гастарбайтэраў. Сярод іх Малдова і, у перспектыве, Украіна.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць