«Ханстытуцыя», Курултай і ўся ўлада прэзідэнту

Прыклад Кыргызстану сведчыць, што вынікам Канстытуцыйнай рэформы можа быць не лібералізацыя, а, хутчэй, закручванне гаек.


Дарэчы, магчыма, хутка ўвогуле ніякай Кыргызскай Рэспублікі на мапе свету не будзе. Справа ў тым, што на пасяджэнні Канстытуцыйнай нарады, якая працавала над тэкстам новага Асноўнага закона Кыргызстана, прагучала прапанова змяніць у новай Канстытуцыі афіцыйную назву краіны — замест Кыргызскай Рэспублікі — Кыргызская Народная Рэспубліка (КНР).

Падставай для такой арыгінальнай ініцыятывы стала з’яўленне ў тэксце праекта параграфа пра стварэнне ў краіне новага інстытута — Народнага Курултая. Народны Курултай, паводле Канстытуцыі, будзе вышэйшым дарадчым, кансультацыйным і каардынуючым органам народаўладдзя. Пакуль, праўда, незразумела — будзе той Курултай грамадскім органам, як жадаюць некаторыя палітыкі, або яго ўсё ж нейкім чынам увядуць у сістэму дзяржаўнай улады.

Зразумела толькі тое, што два разы на год кыргызы па месцы прапіскі будуць абіраць прыкладна 2500 прадстаўнікоў — удзельнікаў гэтага Курултая. Тыя заслухаюць справаздачу ўрада, каб вынесці (або не) вотум даверу яго міністрам. Таксама Курултаю нададуць права здымаць любога чыноўніка і зацвярджаць кандыдатаў на ўсе высокія дзяржаўныя пасады. Тады, калі верыць аматарам ідэі з Курултаем, чыноўнікі будуць больш адказнымі.

Трэба сказаць, што ідэя Курултая для кыргызаў не новая і мае гістарычную перадумову. У кыргызскай гісторыі шмат фактаў, калі вядомыя плямёны і знаныя роды збіраліся на Курултай. Курултай 1620 года лічыцца ледзь не днём нараджэння кыргызскай дэмакратыі.

Тым не менш вонкава гэтая тэма вельмі нагадвае нашыя Усебеларускія народныя сходы, якія людзі жартам таксама часта называюць «курултай». Гісторыя айчынных «курултаяў» дае падставы сумнявацца, што падобныя органы могуць быць крыніцамі дэмакратыі. Хутчэй, яны з’яўляюцца інструментамі піяру кіраўніцтва краіны.

На карысць версіі пра тое, што кыргызскі Курултай будзе аналагам нашых сходаў, гаворыць і прапісанае ў праекце значнае пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта. Прэзідэнт Кыргызстана павінен узяць пад поўны кантроль урад, Канстытуцыйны Суд і ўсю судовую сістэму. Ніякага балансу галінаў улады не праглядаецца і праз запланаваную рэформу парламента. Прахадны бар’ер для партый паменшаць з сямі да трох працэнтаў, вынікам чаго, як мяркуецца, будзе драбненне дэпутацкага корпусу і, адпаведна, паралюш яго працы.

Усе каментатары згодныя, што новая Канстытуцыя пішацца пад Садыра Жапарава, які часова выконвае функцыі кіраўніка дзяржавы пасля рэвалюцыі 15 кастрычніка. Тады, нагадаем, па слядах пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў быў зрынуты прэзідэнт Сааранбай Жэенбекаў. Якраз Садыру Жапараву і належыць ідэя перакройкі Канстытуцыі.1 

З прыняццем новага Асноўнага закона ў будучага кіраўніка дзяржавы (мала хто сумняецца, што выбары выйграе менавіта Жапараў) адкрываюцца магчымасці кіраваць краінай у агульным аж 17 гадоў (сем год па цяперашняй Канстытуцыі плюс два тэрміны па пяць гадоў паводле новай). У сацыяльных сетках новы праект назвалі «Ханстытуцыяй».

Мяркуючы па прэсе, шмат з тых кыргызаў, хто стаміліся ад бясконцых пераваротаў, гатовыя надаць Жапараву карт-бланш. Ёсць надзея, што ён як мінімум зможа забяспечыць адносную стабілізацыю сітуацыі на этапе легалізацыі пострэвалюцыйнай улады. Таксама ў ім бачаць чалавека, які зможа скараціць апетыты мясцовых кланаў.

Аднак, як піша прэса, па-ранейшаму да канца незразумела, наколькі новая мадэль дзяржавы можа функцыянаваць ва ўмовах існавання моцнай нефармальнай грамадскай структуры (у выглядзе кланаў), якая часам бярэ на сябе функцыі паралельнай улады. Гэта яшчэ без уліку вялікай арміі беспрацоўнай моладзі, якая праз пандэмію не можа выехаць з краіны на заробкі. Менавіта яна, па сутнасці, была авангардам рэвалюцыі ў кастрычніку.

Лёс канстытуцыйнай рэформы таксама цяжка прадсказаць з-за таго, што праца па яе падрыхтоўцы часам нагадвала шоу. Яе ўдзельнікі агітавали за вельмі смелыя папраўкі. Прапанавалі Канстытуцыяй абавязаць школьнікаў вучыцца да 11 класа. Гучала думка адмовіцца ад свецкага прынцыпу дзяржавы. Нехта заклікаў замацаваць за англійскай мовай статус афіцыйнай — разам з рускай. І, нарэшце, вішанька на торце — варыянт Канстытуцыі, які быў размешчаны для грамадскага абмеркавання на сайце парламента, адрозніваецца ад таго, што разглядалі на Канстытуцыйнай нарадзе. Адсюль іранічнае стаўленне да рэформы.

Так ці інакш, выбары прэзідэнта і рэферэндум па новай Канстытуцыі, праект якой цяпер выстаўлены на абмеркаванне, запланаваныя на студзень. І ведаючы кыргызаў, наўрад ці ўсё абыдзецца без новых эксцэсаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: