«Уся ўлада Устаноўчаму сходу!»

Тэма ўстаноўчых сходаў для беларусаў не такая экзатычная, хаця яе тэхнічная рэалізацыя, відавочна, патрабуе шмат папярэдняй працы — у тым ліку ў выбарчым заканадаўстве. Часам ідэю ўстаноўчых сходаў эксплуатуюць аўтарытарныя лідары. Элементы пародыі на Устаноўчую асамблею мы дакладна пабачым на Усебеларускім народным сходзе, які плануецца на студзень, і які, як піша афіцыёз, абмяркуе папраўкі ў Канстытуцыю.

«Уся ўлада Устаноўчаму сходу!» — напэўна, да нядаўняга часу гэты лозунг выклікаў або ўсмешку (такая фраза гучыць у камічнай сцэне ў фільме пра прыгоды няўлоўных мсціўцаў) або падаваўся анахранізмам. Але ў цяперашніх умовах для некаторых палітыкаў правядзенне такога сходу — не самы кепскі варыянт для перазагрузкі краіны на базе грамадзянскага кампрамісу.

Тым больш, што ўстаноўчы сход — не такая ўжо і архаіка, як падаецца на першы погляд. У нашым стагоддзі такія канстытуцыйныя канвенты збіраліся ў Лівіі і Тунісе. А ў Непале пасля звяржэння караля, каб прыняць Канстытуцыю, давялося збіраць устаноўчы сход аж два разы. Першая спроба аказалася правальнай праз адсутнасць кансэнсусу.

Нельга прайсці міма феномена Канстытуцыйнай асамблеі Ісландыі, якую склікалі пасля фінансавага крызісу 2010 года. Яна складалася з 25 дэлегатаў, якія былі абраныя на дэмакратычных выбарах. У тым ліку туды трапілі актывістка руху за правы людзей з інваліднасцю, электрык, прафсаюзны лідар, бацька спявачкі Б’ёрк… У сваёй працы чальцы сходу павінны былі кіравацца думкамі тысячы выпадкова абраных ісландцаў ва ўзросце ад 18 да 89 гадоў. Гэтая акалічнасць дазволіла казаць, што ў Ісландыі прайшло першае ў гісторыі чалавецтва змяненне Канстытуцыі з прымяненнем прамой дэмакратыі.

Увогуле, устаноўчы альбо канстытуцыйны сход — гэта орган альбо сход усенародна абраных прадстаўнікоў або часткі дэпутатаў парламента, які збіраецца з мэтай распрацоўкі альбо прыняцця Канстытуцыі ці аналагічнага дакумента. Устаноўчы сход звычайна ствараецца з пэўнай мэтай. Таксама звычайна ён праводзіцца за адносна кароткі час, пасля чаго распускаецца.

Сама традыцыя прымаць Канстытуцыю паўстала ў часы Вялікай Французскай Рэвалюцыі, калі 20 чэрвеня 1789 года дэпутаты ад трэцяга саслоўя прынеслі знакамітую «клятву ў зале для гульні ў мяч», паабяцаўшы няспынна працаваць, пакуль Францыя не атрымае Канстытуцыю. Пасля няўдалых спробаў разагнаць асамблею сілай Людовік XVI быў вымушаны прызнаць яе законнай. 1 кастрычніка 1791 года ў Францыі пачаў дзейнічаць Асноўны закон, які абвяшчаў нацыю галоўнай крыніцай улады.

Французскі прыклад аказаўся прывабным. У праграмах амаль усіх рэвалюцыйных партый (у тым ліку ў Расійскай імперыі) прысутнічаў параграф пра тое, што лёс нацыі пасля рэвалюцыі павінен вызначыць Устаноўчы сход. Быў ён і ў праграме арганізацыі «Народная Воля», чальцом якой быў арганізатар замаху на цара беларус Ігнат Грынявіцкі.

Таму не дзіўна, што адным з першых рашэнняў Часовага ўраду пасля краху расійскай манархіі было абяцанне склікаць Канстытуцыйную асамблею. Цікава, што першапачаткова выбары былі прызначаныя на 17 верасня, што магло паўплываць на ход кастрычніцкай рэвалюцыі. Аднак у выніку галасавалі напрыканцы лістапада, пасля перавароту 7 лістапада. Галасавалі і ў Беларусі, адкуль абіралася 38 дэпутатаў. Імі сталі 19 эсэраў, 16 бальшавікоў, 3 дэпутаты па яўрэйскім нацыянальным спісе. Усяго па краіне большасць мандатаў атрымалі правыя (370 з 715), што і абумовіла разгон сходу бальшавікамі. У дадатак матросы-анархісты забілі пару дэпутатаў-кадэтаў.

У хуткім часе пасля разгону пяцёра эсэраў — чальцоў Сходу пры падтрымцы Чэхаславацкага корпусу зрынулі ў Самары бальшавікоў і ўтварылі там Камітэт членаў Устаноўчага сходу, называючы яго адзіным легітымным органам у былой Імперыі. Праўда, скончылася гісторыя Камітэту феерычна. У 1919-м дэпутатаў Устаноўчага сходу канчаткова разагнаў галоўны лідар антыбальшавісцкіх сілаў Аляксандр Калчак.

Паколькі імперыя развалілася, на яе рэштках пачалі імкліва нараджацца новыя дзяржавы, Канстытуцыі якіх таксама прымалі ўстаноўчыя сходы. Такія мерапрыемствы былі ў Грузіі, Эстоніі і нават на тэрыторыі Далёкага Усходу. Неардынарнай атрымалася сітуацыя ва Украіне, якая абірала свой Канстытуцыйны сход у студзені 1918-га на фоне наступу бальшавікоў. У выніку вызначылі толькі 171 дэпутата з 301 і вырашылі ад ідэі пакуль адмовіцца.

Не паспелі праз калізіі інтэрвенцый і грамадзянскай вайны правесці ўстаноўчы сход і актывісты БНР. Затое беларусы былі прадстаўленыя на польскім устаноўчым Сейме 1919–1922 гадоў (дарэчы, гэта быў першы Сейм пасля гродзенскага Сейму 1793 года). Гэты сейм быў вельмі незвычайны, паколькі на той час Польшча не мела выразных межаў, і была ўцягнутая ў тэрытарыяльныя канфлікты. Як вынік, колькасць дэпутатаў увесь час змянялася.

Спачатку абралі дэпутатаў на падкантрольных польскай дзяржаве тэрыторыях. Да іх далучылася група польскіх дэпутатаў парламента Германіі і парламента Аўстра-Венгрыі. У наступныя месяцы, калі палякі прасунуліся на ўсход, былі праведзеныя выбары ў тым ліку ў Беластоцкім рэгіёне. Нарэшце, у 1922 годзе ў склад Сейма ўвайшлі 20 дэпутатаў ад Сярэдняй Літвы, фіктыўнай дзяржавы, якая існавала на тэрыторыях сучаснай Літвы і Беларусі. Па выніках працы Сейм прыняў так званую «Сакавіцкую Канстытуцыю».

Як бачым, тэма ўстаноўчых сходаў для беларусаў усё ж не такая экзатычная, хаця яе тэхнічная рэалізацыя, відавочна, патрабуе шмат папярэдняй працы — у тым ліку ў выбарчым заканадаўстве. Нарэшце, варта дадаць, што часам ідэю ўстаноўчых сходаў эксплуатуюць аўтарытарныя лідары. У 2017 годзе Нікалас Мадура стварыў Венесуэльскую Канстытуцыйную асамблею з чальцоў лаяльных яму партый, які прыдумляюць яму новую версію Канстытуцыі. Элементы пародыі на Устаноўчую асамблею мы дакладна пабачым на Усебеларускім народным сходзе, які плануецца на студзень, і які, як піша афіцыёз, абмяркуе папраўкі ў Канстытуцыю.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: