Ва Украіне на Дзень Незалежнасці замест правядзення параду выплацяць прэміі вайскоўцам

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў адмяніць парад на Дзень Незалежнасці, які ўкраінцы адзначаюць 24 жніўня. Грошы, якія маглі б пайсці на арганізацыю парада, Зяленскі збіраецца раздаць у выглядзе прэмій вайскоўцам, перадае Еўрарадыё.

24tv.ua

«Звычайна 24 жніўня ў нас праходзіць вайсковы парад. Такі пампезны і дакладна не танны. Мне здаецца, што ў гэтым годзе лепш гэтыя грошы вылучыць нашым героям, нашым вайскоўцам. І мы прынялі рашэнне вылучыць 300 мільёнаў грыўняў [$11,7 млн. — Еўрарадыё] на прэміі ўсім нашым вайскоўцам», — сказаў ён.

Прэзідэнт Украіны дадаў, што сам Дзень Незалежнасці не адмяняецца, але свята будзе праходзіць «у новым фармаце».


У Беларусі Дзень Незалежнасці традыцыйна адзначаецца парадам вайсковай тэхнікі ў прысутнасці гледачоў і першых асоб дзяржавы. Пасля параду звычайна даюць салют, у гэтым годзе азмрочаны выбухам піратэхнікі і смерцю глядачкі. Міністэрства абароны выдаткоўвае на салюты каля 316 тысячы долараў за год.

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!