Ва Украіне заявілі пра гатоўнасць да спынення транзіту газу з Расіі

На падрыхтоўку да такога сцэнару накіравана праграма аптымізацыі газатранспартнай сістэмы краіны, заявіў кіраўнік «Аператара ГТС» Сяргей Макагон. Альтэрнатывай ён назваў транзіт паміж еўрапейскімі дзяржавамі.
Па словах Макагона, Кіеў працягне процідзейнічаць будаўніцтву газаправода «Паўночны струмень-2» і разлічвае на дапамогу ў гэтым пытанні ЗША і краін ЕС, паколькі праект «нясе рызыкі не толькі для Украіны, але і для ўсёй Еўропы». Разам з тым, лічыць ён, «ужо цяпер відавочна», што «Газпрам» не зможа скончыць будаўніцтва да 2021 года.

Альтэрнатывай для ўкраінскай ГТС Макагон назваў транзіт паміж еўрапейскімі краінамі. Паводле яго слоў, ва Украіне таксама разглядаюць магчымасць паставак амерыканскага звадкаванага прыроднага газу праз Польшчу і далей ва Усходнюю Еўропу.

У канцы снежня 2019 года «Газпрам» падпісаў з «Нафтагазам» пакет пагадненняў тэрмінам на пяць гадоў, які рэгулюе транзіт расійскага газу праз Украіну. Паводле дамовы, «Газпрам» будзе прапампоўваць 65 млрд куб. м газу ў першы год і па 40 млрд куб. м у наступныя чатыры. З праекта дамовы паміж кампаніямі вынікала, што з 1 студзеня транзіт газу падаражэў на 2% у параўнанні з папярэднім годам, што ў выніку можа абыйсціся «Газпраму» больш чым у $ 7 млрд за пяць гадоў.

У студзені 2020 года транзіт расійскага газу праз Украіну склаў 2,65 млрд куб. м, а ў лютым — 3,926 млрд куб. м, або 76% ад забраніраваных магутнасцяў.

Старшыня праўлення «Нафтагаза» Андрэй Кобалеў, які неаднаразова выступаў супраць «Паўночнага струменю-2», лічыць, што той пазбаўляе Украіну значнай часткі транзіту расійскага газу ў Еўропу. Як тлумачылі ў кастрычніку мінулага года эксперты, у гэтым годзе Расія не зможа адмовіцца ад транзіту газу праз тэрыторыю Украіны, аднак патрэба ў транзітных магутнасцях пачне зніжацца па меры поўнага ўводу ў эксплуатацыю газаправодаў «Паўночны струмень-2» і «Турэцкі струмень».

Праект газаправода «Паўночны струмень-2» (аператар — Nord Stream 2 AG, чыім акцыянерам выступае «Газпрам») прадугледжвае будаўніцтва дзвюх нітак працягласцю больш за 1,2 тыс. км кожная па дне Балтыйскага мора. Па іх будзе пастаўляцца газ у Германію праз марскія тэрыторыі Расіі, Германіі, Фінляндыі, Швецыі і Даніі. Усе краіны выдалі дазволы на будаўніцтва.

Першапачаткова запуск газаправода планаваўся на канец 2019 года, аднак будаўніцтва зацягнулася пасля таго, як у абаронны бюджэт ЗША былі закладзеныя санкцыі супраць кампаній, якія ўдзельнічаюць у праекце. Пасля гэтага швейцарскі падрадчык Allseas, які займаўся пракладкай труб, заявіў, што прыпыняе працы. У лютым «Газпрам» паведаміў, што цяпер газаправод збіраюцца ўвесці ў эксплуатацыю ў канцы 2020 года.

Паводле РБК

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: