Ва Украіне завялі справу за праезд расійскага цягніка па Крымскім мосце

Справа распачатая пракуратурай Аўтаномнай рэспублікі Крым, якая знаходзіцца ў Кіеве. Ведамства дасць прававую ацэнку запуску чыгуначных зносін паміж Расіяй і анексаваным Крымам.
Ва Украіне адкрыта справа за праезд першага цягніка з Расіі ў анексаваны Крым па Крымскім мосце. Пракуратура Аўтаномнай рэспублікі Крым зарэгістравала крымінальную вытворчасць па факце перасячэння пасажырскім цягніком "Санкт-Пецярбург - Сімферопаль" дзяржаўнай мяжы Украіны праз "Керчанскі мост", гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ведамства, апублікаваным у сераду, 25 снежня.

У паведамленні адзначаецца, што падчас дасудовага расследавання "будзе дадзена прававая ацэнка незаконнаму запуску чыгуначных зносін паміж Расійскай Федэрацыяй і Крымскім паўвостравам, паколькі такія дзеянні краіны-акупанта груба парушаюць дзяржаўны суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, сведчаць аб пагардзе агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права" .

Крымінальная вытворчасць зарэгістравана 25 снежня па ч.1 ст.332 КК Украіны. Звесткі ўнесены ў Адзіны рэестр дасудовых расследаванняў па звароце прадстаўніцтва прэзідэнта Украіны ў АР Крым.


Па мосце прайшоў першы пасажырскі цягнік


Раніцай 25 снежня ў анексаваны Расіяй Севастопаль прыбыў праз Крымскі мост першы расійскі пасажырскі цягнік, які рухаўся з Санкт-Пецярбурга ў Крым у абыход тэрыторыі Украіны. Цягнік праходзіў чыгуначны ўчастак Крымскага моста прыкладна паўгадзіны. Машыніст замарудзіў ход саставу, каб пасажыры маглі разгледзець мост, паведамляюць расійскія СМІ.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адкрыў чыгуначны рух па Крымскім мосце 23 снежня.

Па гэтай трасе праз Керчанскі праліў ў Сімферопаль, Севастопаль, Еўпаторыю і Феадосію будуць хадзіць 11 пар пасажырскіх цягнікоў, у асноўным, з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Екацярынбурга і Кіславодска. Паміж Масквой і Сімферопалем будзе курсіраваць двухпавярховы цягнік, які складаецца з 14 купэйных і спальных вагонаў, агульнай умяшчальнасцю 882 пасажыра.

Крымскі мост — найбуйнейшае збудаванне такога роду ў Еўропе. Яго працягласць складае 19 кіламетраў. Будаўніцтва Крымскага моста пачалося ў 2015 годзе. У траўні 2018 года па мосце быў адкрыты аўтамабільны рух. Украіна пратэставала супраць будаўніцтва дадзенага аб'екта, паколькі яно вялося без яе дазволу.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: