Ва Украіне знікнуць дзіцячыя дамы

З 2020 года ва ўкраінскія дзіцячыя дамы не будуць прымаць дзяцей, яны будуць ператвораныя ў паліятыўна-рэабілітацыйныя цэнтры. Пра гэта в.а. міністра аховы здароўя Украіны Ульяна Супрун паведаміла на сваёй старонцы ў facebook.
vogazeta.ru

vogazeta.ru

Паводле яе слоў, да 2020 года ўсе дзіцячыя дамы будуць працаваць у звычайным рэжыме, але паралельна будзе весціся неабходная падрыхтоўка для ўладкавання ўсіх дзяцей у родныя, патранатныя або прыёмныя сем'і.

«З 2020 года дзяцей не будуць прымаць дзіцячыя дамы. Будуць створаны ўсе ўмовы, каб гэтыя дзеці маглі паўнавартасна расці са сваімі роднымі бацькамі. У выключным выпадку яны будуць жыць у патранатнай або прыёмнай сям'і», — паведаміла Супрун.

Яна патлумачыла, што ў якасці альтэрнатывы дзіцячым дамам існуе практыка патранатнай сям'і (часовай). Гэта пераходны перыяд перад падрыхтоўкай перадачы дзіцяці сям'і, якая ім будзе займацца. Кожнае дзіця, бацькі якога не могуць па шэрагу прычын забраць яго дадому і наладжваюць сваё жыццё, павінны знаходзіцца не ў інтэрнаце, а ў патранатнай сям'і.

У той жа час, па словах міністра, да 2023 на месцы дзіцячых дамоў будуць арганізаваны паліятыўна-рэабілітацыйныя цэнтры.

«Усе гэтыя змены не азначаюць, што дзеці з дзіцячых дамоў застануцца без жылля. Мы хочам, каб дзеці, якія цяпер жывуць у іх, былі ўладкаваныя ў добрыя сем'і ці маглі расці ва ўмовах, набліжаных да сямейных», — адзначыла міністр.

Супрун падкрэсліла, што ўвесь цывілізаваны свет адмовіўся або адмаўляецца ад уладкавання дзяцей у дзіцячыя дамы.

«Не жывуць дзеці ў інтэрнатах і да паўналецця. Такога проста не існуе. Так не павінна быць і ў нас», — заявіла ўкраінскі міністр.

nn.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!