Ва Украіну па візах?

У Кіеве зноў кажуць пра хуткае ўвядзенне візавага рэжыму з Расіяй. У межах дыскусіі ўсё часцей абмяркоўваецца пытанне, як пры такім сцэнары будзе выглядаць беларуска-ўкраінскі кардон.

Паміж Беларуссю і Украінай дзейнічае бязвізавы рэжым. Грамадзяне Беларусі праязджаюць ва Украіну пасля прад'яўлення нацыянальнага пашпарта. Аналагічнае правіла дзейнічае і для грамадзян Украіны, якія едуць у Беларусь. На першы погляд, дэбаты пра візы для расійцаў нас не тычацца. Аднак Беларусь і Расія маюць агульную міграцыйную сістэму, і па логіцы закрыццё расійска-ўкраінскай мяжы мусіць суправаджацца ўвядзеннем візаў для ўладальнікаў пашпартоў Сінявокай.

Дарэчы, агульны расійска-беларускі «чорны спіс» асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы, заўжды быў ва Украіне каталізатарам заклікаў увесці візы. Беларускія памежнікі вымушаныя не пускаць у краіну ўкраінцаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Расіі. Ахвярамі гэтага спісу ў свой час сталі такія вядомыя ва Украіне публічныя персоны, як пісьменнік Сяргей Жадан або палітык Ірына Герашчанка. Кожная такая гісторыя правакавала ва ўкраінскай інтэрнэт-прасторы каментары кшталту: «Візавы рэжым з Беларуссю трэба было ўвесці адразу ж пасля таго, як па ўказанні ФСБ хітрыя вертухаі затрымалі Ірыну Герашчанка (або Сяргея Жадана)».

Так ці інакш, у парадыгме канфлікту Расіі і Украіны візавы рэжым паміж гэтымі краінамі выглядае непазбежным. Прычым новыя правілы можна чакаць ужо пад Новы год, калі Кіеў збіраецца ўвесці біяметрычны кантроль для расійцаў і сістэму папярэдняга інфармавання пра намер візіту. Масква дала зразумець, што патрабаванне наяўнасці біяметрычнага пашпарта для расійцаў (якога ў іх няма), якія едуць ва Украіну, — не што іншае, як элемент візавага рэжыму, на які яна адкажа сіметрычна.

У сувязі з гэтым, падаецца, трэба напружыцца і нам. Напрыклад, былы пасол Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны летась дапускаў, што ў выпадку скасавання Украінай бязвізавага рэжыму для Расіі давядзецца перагледзець аналагічныя пагадненні з Беларуссю і Казахстанам. «Расія, Беларусь і Казахстан завяршаюць працэдуру аб'яднання мяжы, мытнага і пагранічнага рэжыму. Гэты крок для Украіны будзе азначаць, што мы павінныя забяспечваць візавы рэжым для Казахстана і Беларусі. Гэта элементарныя рэчы», — сказаў тады Бяссмертны ў эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў.

З іншага боку, як сведчыць сучасная гісторыя, тая дамова пра агульную расійска-беларускую візавую і мытную прасторы — не догма. Усім вядома, што ў 2008-м Мінск праігнараваў рашэнне Масквы ўвесці візы для грузінаў. У выніку паўстала фенаменальная сітуацыя, калі грузіны праз Украіну вольна траплялі ў Беларусь, каб адсюль без усялякіх расійскіх візаў, дзякуючы адсутнасці кантролю на мяжы з РФ, спакойна рушыць на Усход.

На першы погляд, Мінск у выпадку ўвядзення Масквой візаў для ўкраінцаў можа лёгка адкалоць той жа фокус. Нелегальны транзіт украінцаў у Расію праз Беларусь яўна будзе падобны на грузінскі прэцэдэнт. У Расіі стала або сезонна працуюць каля трох-чатырох мільёнаў украінцаў. Калі ў некаторых з іх узнікне праблема з атрыманнем расійскай візы, яны могуць паспрабаваць пашукаць шчасце ў Беларусі.

Такі сцэнар наўрад ці выклікае захапленне ў нашых чыноўнікаў. У гэтым плане будзе дарэчы згадаць інтэрв’ю газеце «Известия» супрацоўніка расійскага Інстытута краін СНД Уладзіміра Жарыхіна, у якім той намякнуў, што гэта Беларусь даўно патрабуе ад Масквы, каб для ўкраінцаў увялі візы. Па яго словах, «беларусы і казахі ціснуць на Расію з патрабаваннямі, каб для грамадзян Мытнага саюза былі адны ўмовы прысутнасці на расійскім рынку, а для астатніх — іншыя».

Інтрыгі ў рэбус візавых парадкаў з нашымі суседзямі дадаюць апошнія крокі расійскіх спецслужбаў, якія пачалі будаваць кантрольныя пункты ўздоўж беларускай мяжы. Сваю дзейнасць яны аргументуюць спасылкамі на вынікі сацыялагічных апытанняў расійцаў. Прыкладна 76 працэнтаў з іх нібыта настолькі расчараваліся геапалітычнымі фінтамі Аляксандра Лукашэнкі, што падтрымліваюць з’яўленне на мяжы з Беларуссю памежных слупоў. І тут жа кіраўнік расійскай дыпламатыі Сяргей Лаўроў абяцаў узаемнае прызнанне візаў Расіі і Беларусі...

Кіеўскі палітолаг Юрый Палянін так пракаментаваў перспектывы ўвядзення Украінай візавага рэжыму:

Я б не раіў тым жа беларускім фанатам нашых курортаў загадзя бегчы і займаць чаргу ў візавы аддзел украінскага пасольства. Увосень ва Украіне стартуе падрыхтоўка да прэзідэнцкіх і, магчыма, датэрміновых парламенцкіх выбараў, калі топавымі ў грамадстве стануць іншыя тэмы. Пра візы будуць яўна менш казаць, у тым ліку таму, што 3-4 мільёны ўкраінцаў у Расіі — гэта прыкладна сем працэнтаў электарату, без уліку тых, хто атрымлівае адтуль грашовыя пераводы.

На гэты конт няма кансенсусу і ў адміністрацыі Парашэнкі. Напрыклад, адзін з адказных за сітуацыю на акупаваных тэрыторыях Рыгор Тука гучна патрабаваў зняць візавае пытанне з павесткі дня.

У дадатак, візавы рэжым з РФ выклікае шмат прававых непаразуменняў адносна фармату камунікацый з жыхарамі Крыма і тымі, хто пражывае ў некантраляваных рэгіёнах Данбаса. Тым жа жыхарам Данецка, каб трапіць у Расію, цяпер, па логіцы, давядзецца ехаць у консульства ў Адэсу або Харкаў, каб зрабіць там расійскую візу. Натуральна, ім будзе прасцей атрымаць расійскі пашпарт. Дзе ўзяць біяметрычныя пашпарты крымчанам, каб наведаць Украіну? Выкліканыя візамі новыя рэаліі яўна будуць незразумелыя і еўрапейскім куратарам «мінскага працэсу». Адным словам, візавыя клопаты пераносяцца, аднак расслабляцца нельга — імавернасць візавага рэжыму з Расіяй праз непрадказальнасць украінскага палітычнага працэсу застаецца вельмі высокай.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: