Ваенны эксперт назваў магчымыя даты пачатку буйной вайны Украіны з РФ

"Паўнавартасная" вайна паміж Украінай і Расіяй вельмі верагодная, мяркуе Аляксей Арастовіч. Эксперт спрагназаваў, што буйная вайна паміж Украінай з Расіяй можа пачацца ў бліжэйшыя гады.

Аляксей Арастовіч.  Фота Дар'і Давыдзенка / Апостроф

Ваенны эксперт Аляксей Арастовіч мяркуе, што буйная вайна паміж Украінай і Расійскай Федэрацыяй можа пачацца ў 2020–2022, 2024–2026 і ў 2028–2030 гады.

Паміж украінскай дзяржавай і Расіяй можа быць і тры вайны, распавяла аналітык у інтэрв'ю apostrophe.ua.

Паводле яго слоў, верагоднасць "паўнавартаснай" вайны Украіны з Расіяй складае 99%.

"...наступальная паветраная аперацыя, уварванне расійскіх войскаў, якія яны стварылі на нашых межах, аблога Кіева, спроба акружыць войскі, якія ў АТА (у раёне аперацыі Аб'яднаных сіл. — Рэд.) знаходзяцца, прарыў праз Крымскі перашыек, выхад на Кахоўскага вадасховішча, каб ваду ў Крым даць, наступ з тэрыторыі Беларусі, стварэнне новых "народных рэспублік", дыверсіі на аб'ектах крытычнай інфраструктуры і г.д., паветраны дэсант — вось што такое паўнавартасная вайна", — адзначыў Аляксей Арастовіч.

“Нішто не падштурхне Пуціна да самастойнага завяршэння канфлікту. Яго галоўнай мэтай з'яўляецца аднаўленне Савецкага Саюза і перамога ў так званай халоднай вайне, разбурэнне сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе, крушэнне НАТА, калі не дэ-юрэ, то дэ-факта, і Еўрасаюза, і гульня сам-насам з асобнымі краінамі Еўрасаюза — а з кожнай паасобку Расія, вядома, больш моцная”, — адзначае Аляксей Арастовіч. І звяртае ўвагу, што Расіі няма патрэбы спяшацца: гэта стратэгічныя мэты.

Расійская аперацыя разлічаная да 2032—2035 года, лічыць эксперт, бо “такія справы не робяцца хутка”. Вынікам у 2032–2035 гадах павінна стаць “новая форма імперыі. Яны знойдуць нейкі спосаб рэканструяваць знешнюю палітыку, перайначыць ўнутраную палітыку — Расія, Беларусь, Украіна, альбо яе частка, магчыма, Арменія, Малдова, поўнач Казахстана. У любым выпадку, Украіна і Беларусь дакладна павінны быць сабраныя ў гэтай новай дзяржаве”, перакананы Аляксей Арастовіч.

Раней расійскі эканаміст, супрацоўнік Інстытута Катона (ЗША), экс-дарадца расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна Андрэй Іларыёнаў казаў, што адкрытая шырокамаштабная аперацыя РФ супраць Украіны магчымая.

Фота radiosvoboda.org


Даведка. 16 сакавіка 2014 года ў Крыме пад наглядам расійскіх вайскоўцаў прайшоў так званы "рэферэндум" аб статусе паўвострава, большасць жыхароў нібыта выказаліся за далучэнне да РФ. Пазней краіна анексавала Крым.

Ва Украіне ўлады прызналі 20 лютага 2014-га датай пачатку акупацыі паўвострава. На ўсходзе ўкраінскай дзяржавы ў 2014-м баевікі стварылі самаабвешчаныя "ДНР" і "ЛНР", у тым жа годзе на Данбас уварваліся расійскія войскі. Расія падтрымлівае тэрарыстаў, але не прызнае, што пайшла на агрэсію.

Паводле glavred.info, apostrophe.ua


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!