Вайна 8.8.8. Альтэрнатыўны погляд

Жанр альтэрнатыўнай гісторыі сёння ў модзе. Не прайшлі адэпты і міма падзей дзесяцігадовай даўніны, калі ў жніўні 2008-га палыхнула расійска-грузінская вайна.

Фота www.kavkaz-uzel.eu

Нагадаем, 8–12 жніўня 2008 года паміж Расіяй і Грузіяй пачаўся ўзброены канфлікт. Расійскія войскі сумесна з асецінскімі фармаваннямі выціснулі грузінскія войскі з Паўднёвай Асеціі, якая афіцыйна з’яўляецца часткай Грузіі. Пасля расіяне часова занялі шэраг прылеглых да канфліктнай зоны раёнаў Грузіі. Адначасова Расія прызнала незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Грузія, у сваю чаргу, спыніла дыпламатычныя адносіны з Расійскай Федэрацыяй. Вось кароткае рэзюме тых падзей.

А як бы выглядаў цяперашні каўказскі палітычны пейзаж, калі б гісторыя ў адзін са сваіх пераломных момантаў (вайна 2008-га) пайшла па іншым шляху? Або, напрыклад, вайны ўвогуле б не было?

Грузінскі апазіцыянер Ніно Бурджанадзэ ўпэўненая: калі б не вайна 2008 года, ужо даўно можна было б урэгуляваць сітуацыю вакол Паўднёвай Асеціі. Паводле яе словаў, на той час адносіны паміж грузінамі і асецінамі сталі паляпшацца. А кампраміс з асецінамі, у сваю чаргу, стаўся б выдатным прыкладам і для Абхазіі. «У жніўні 2008-га Саакашвілі, які атакаваў Цхінвалі, забіў гэтыя пазітыўныя парасткі», — лічыць Бурджанадзэ.

Іншыя не вераць, што Расія пагадзілася б аддаць Цхінвалі. На думку выдання «Каўказ Online», без жнівеньскай вайны цяперашняя сітуацыя ў Грузіі адрознівалася б толькі колькасцю ўцекачоў і тым, што Расія па-ранейшаму мела б статус пасярэдніка ў канфлікце. Шматгадовая безвыніковая спроба аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці бясконца працягвалася б, як той мексіканскі серыял.

«Каўказ Online» таксама дапускае, што без канфлікту 8.8.8 Міхаіл Саакашвілі мог хутчэй пакінуць сваю пасаду. У 2008 годзе пачаўся глабальны эканамічны крызіс, які закрануў і Грузію. Парадаксальна, але дзякуючы вайне Грузія, як пацярпелая краіна, у кастрычніку 2008 года на канферэнцыі донараў у Брусэлі атрымала дапамогу ў памеры 4,55 мільярда долараў, што моцна дапамагло як эканоміцы краіны, так і стабілізацыі рэжыму Саакашвілі.

Цікавы варыянт альтэрнатыўнай гісторыі прапанаваў у 2011-м Дзмітрый Мядзведзеў. Ён дапусціў: «Калі б не вайна з Грузіяй, у NАТО прынялі б некалькі краін насуперак пазіцыі Расіі». Сапраўды, падзеі на Каўказе спалохалі Захад. Яго лідары зразумелі, што, калі б Грузія была б сябрам Альянсу, то NАТО апынуўся б уцягнутым у вайну з Расіяй. Размовы пра наданне Грузіі і Украіне статусу кандыдатаў на сяброўства ў блоку з таго часу больш афіцыйна не ўздымаюцца. У гэтым кантэксце цытата Мядзведзева пасуе версіі вайсковага эксперта Міхаіла Іларыёнава. Іларыёнаў мяркуе, што вайна ў Паўднёвай Асеціі была проста непазбежнай. Расіі ў тым ліку трэба было давесці Захаду рызыкі ад сяброўства краін СНД у блоку.

Спрабуюць сёння дапусціць і іншыя варыянты ходу баявых дзеянняў. Той жа Саакашвілі ўпэўнены, што грузінам давялося адступаць выключна з-за адсутнасці на перадавой самай баяздольнай грузінскай брыгады, якая ў той час дыслакавалася ў Іраку. Таксама пішуць пра правал грузінскіх штабістаў: маўляў, мела сэнс не бамбіць Цхінвалі, а браць ці заблакаваць Рокскі перавал — адзіны шлях з Паўднёвай Асеціі ў РФ. У такім выпадку Грузія магла б выйграць час, а магчыма, і вайну. «Быў шанец дацягнуць да моманту, калі ў Расіі пачуццё эйфарыі змянілася б пачуццём незадаволенасці непапулярнай вайной. А на Захадзе з кожным днём нарастала б палітычная і ваенная падтрымка Тбілісі», — пішуць на форумах.

Шмат спекуляцый выклікае перспектыва наступстваў уваходу расіян у сталіцу Грузіі ў жніўні 2008-га. «Калі б яны (расійскія войскі) увайшлі ў Тбілісі, то, хутчэй за ўсё, цяпер у Грузіі быў бы іншы прэзідэнт», — заявіў Мядзведзеў у адным з інтэрв’ю. Шанец на стварэнне новай акупацыйнай адміністрацыі, напэўна, сапраўды быў. Як пісаў Павел Шарамет у кнізе «Грузія. Загінулыя мары», у тыя дні на берагах Куры назіраліся ўсе прыкметы вакууму ўлады. «Многія высокапастаўленыя грузіны вывозілі свае сем’і куды падалей, кіруючая грузінская эліта ў большасці сваёй апынулася ў прастрацыі, запанікавала», — адзначаў журналіст.

Натуральна, узнікае пытанне пра легітымізацыю новай улады. Не выключана, што ад грузінаў марылі дамагчыся лаяльнасці за кошт вяртання ў склад краіны… Абхазіі і Паўднёвай Асеціі!

У 2017-м адстаўны кіраўнік ураду Абхазіі Сяргей Шамба распавёў пра цікавы праект Дзмітрыя Мядзведзева, які той агучыў у жніўні 2008 года. Па словах Шамбы, Мядзведзеў настойліва рэкамендаваў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі стварыць разам з толькі што разбітай Грузіяй канфедэрацыю. Больш за тое, нібыта, гэтую ідэю падтрымліваў Нікаля Сарказі. А вось Саакашвілі ўпэўнены, што ўваход расійскай арміі справакаваў бы наўпроставае сутыкненне ЗША і РФ. «Калі б рускія ўзялі Тбілісі, ЗША ўдарылі б па Асеціі», — упэўнены ён.

Аналізуюць вайну 8.8.8 і праз прызму актуальных працэсаў ва Украіне. Пракрамлёўскі палітолаг Іслам Сайдаеў лічыць, што Мядзведзева за загад не браць Тбілісі ў 2008-м годзе трэба саджаць у турму. «Не было б сёння праблем з Украінай, калі б мы скончылі з Грузіяй. Таму што мы не дабілі той ачаг нянавісці, і ён перакінуўся на Украіну», — мяркуе Сайдаеў. У сваю чаргу, ва ўкраінскіх экспертных колах кажуць пра фатальную памылку Захаду дзесяцігадовай даўніны. Падзей у Крыме і на Данбасе можна было б пазбегнуць, калі б Захад рэагаваў больш жорстка на тагачасныя вайсковыя акцыі РФ. Дарэчы, тады ва ўкраінскім палітыкуме назіралася сумная выснова: «Мы наступныя».

Наўрад ці пералічанымі фабуламі альтэрнатыўная гісторыя вайны 2008-га абмяжуецца. Відавочна, што той канфлікт быў катаклізмам для постсавецкай прасторы. Выкліканы ім дыскамфорт заўжды будуць намагацца кампенсаваць. Не кажучы пра тое, што, па сутнасці, вайна 8.8.8 у іншай форме трывае дасюль.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!