Вайна ў час чумы

Не паспелі армяне цалкам справіцца з эпідэміяй, як у ліпені на азербайджанскай мяжы пачаліся вайсковыя інцыдэнты. Як жыве краіна ва ўмовах каранціну і амаль ваеннага становішча?

Пра гэта «Новаму Часу» распавядае армянскі палітык Арменак Даўляцян.

— Ці можна казаць, што цяперашняя канфрантацыя Арменіі з Азербайджанам з’яўляецца руцінным, дзяжурным выпадкам, або гэтым разам тут ёсць нешта незвычайнае?

— Сапраўды, дзяжурным канфлікт назваць цяжка. Я не памятаю, каб сутычкі адбываліся непасрэдна на мяжы Азербайджана і Арменіі. Звычайна баявыя дзеянні мелі месца ў Нагорным Карабаху. Другім сюрпрызам сталі паводзіны Турцыі, якая не толькі аператыўна заявіла пра гатоўнасць падтрымаць Баку. Днямі турэцкія і азербайджанскія войскі ўпершыню пачалі сумесныя вучэнні ў Нахічаванскай акрузе. Гэта адназначна спрыяе эскалацыі сітуацыі (для даведкі, ад Нахічаваню да Ерэвана па прамой — усяго каля 50 кіламетраў).

— Напярэдадні канфрантацыі Арменія дэманстравала дастаткова высокую на фоне каўказскіх краін-суседзяў дынаміку захворвання на COVID-19. Як можна ваяваць ва ўмовах каранціну?

— Ніякага ўздзеяння на стан армянскага войска эпідэмія не мае. Напэўна, таму, што да падобнага сцэнару рыхтаваліся адразу з прыходам каронавіруса. На жаль, гэтага нельга сказаць пра эканоміку. Эканамічная сітуацыя апошнім часам пагоршылася. Праўда, трэба прызнаць, што негатыўныя працэсы ў гаспадарцы назіралася і да пачатку эпідэміі, што, безумоўна, адмоўна ўплывае на рэйтынг ураду Ніколы Пашыняна.

— Пашынян прыйшоў да ўлады якраз два гады таму на хвалі армянскага Майдана. Ці атрымалася краіне зрабіць прарыў пад кіраўніцтвам яго праеўрапейскай ліберальнай партыі «Мой крок»?

— У некаторых сферах поспехі ёсць, — напрыклад, у дзейнасці Мінабароны і Міністэрства рэгіянальнага развіцця. Аднак перазапуску гаспадаркі за кошт прытоку замежных інвестыцый і актываў, канфіскаваных у старых кланаў, армяне так і не дачакаліся. Міністры Пашыняна разводзяць рукамі і кажуць: ніякіх грошай не знайшлі. Абяцаныя гучныя судовыя працэсы над старымі палітыкамі-карупцыянерамі таксама затармазіліся. Днямі той жа экс-прэзідэнт Роберт Качаран быў выпушчаны пад заклад, і цяпер выкладвае фоткі, на якіх весела катаецца на водных лыжах па возеры Севан.

Такі кур’ёз — шмат у чым вынік няздольнасці Пашыняна вельмі хутка, у 2018-м, змяніць склад судовага і сілавога апаратаў. У некаторых ведамствах новых кіраўнікоў не прызначалі на працягу васьмі месяцаў. Цяпер, напэўна, ужо позна, паколькі былыя эліты ачомаліся і навучыліся выжываць у пострэвалюцыйных умовах. Іх прадстаўнікоў Пашынян цяпер нават рэкамендуе на высокія дзяржаўныя пасады, што выклікае шок у тых, хто два гады таму выходзіў на вуліцу.

— Хто можа прыйсці на месца Пашыняна на наступных выбарах, якія павінны адбыцца праз пару гадоў?

— Пакуль не зразумела. Зараз нішу вядучай апазіцыі фармальна займае партыя «Квітнеючая Арменія» алігарха Гагіка Царукяна, якая не мае зразумелага ідэалагічнага твару. Дарэчы, адзін з чальцоў яго фракцыі сябруе з Лукашэнкам. Аднак не факт, што гэтая групоўка захавае імідж галоўнай апазіцыйнай сілы. Пашынян патрабаваў праверыць бізнес алігарха, каб відавочна шантажаваць яго. Акрамя таго, у сеціве нарошчваюць актыўнасць СМІ, гаспадары якіх — кланы, што пацярпелі ад рэвалюцыі 2018-га. Можна прагназаваць, што з часам пачне фарміравацца партыя рэваншу, аднак наўрад ці яна будзе маналітнай.

— Што можна сказаць пра антыўрадавыя пратэсты ў Баку каля месяца таму?

— Гэтага варта было чакаць праз аб’ектыўныя праблемы краіны. Падзенне сусветных коштаў на нафту выклікала праблемы з экспартам і скарачэнне сацыяльных праграм. Пратэсты на цяперашні дзень, быццам, скончыліся. Аднак у выпадку паўтарэння сітуацыі яны патэнцыйна могуць быць выкарыстаныя бакінскім або нахічаванскім кланамі, якія традыцыйна нешта не могуць падзяліць. Гэта можа мець палітычныя наступствы.

— Як вам бачыцца будучыня Арменіі і закаўказскага рэгіёну, скажам, праз пяць гадоў?

— Усё залежыць ад шматлікіх фактараў, у тым ліку геапалітычных гульняў. Напрыклад, Турцыя апошнім часам намагаецца ўзмацніць свае пазіцыі ў рэгіёне. У адказ Грэцыя і Егіпет ужо фарміруюць нейкую антытурэцкую кааліцыю. Расія дэманстратыўна праводзіць вучэнні войскаў паўднёвай вайсковай акругі, да якой адносіцца і яе база ў Арменіі. Шмат будзе залежаць ад вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Злучаных Штатах. Паколькі армянская дыяспара ў Амерыцы падтрымлівае дэмакратаў, іх перамога можа актывізаваць палітыку ЗША на Каўказе. У нашым рэгіёне ўсё больш адчуваецца роля Кітая. Таму маленькім каўказскім краінам цяпер важна не стаць удзельнікамі рознага кшталту проксі-войнаў, якія вялікія дзяржавы могуць весці за іх кошт.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: