«Вельмі высокая на глабальным узроўні». СААЗ пераацаніла рызыку распаўсюду каронавіруса

За апошнія 24 гадзіны Кітай паведаміў аб 329 выпадках заражэння каронавірусам. Гэта самы нізкі паказчык за месяц. У той жа час за межамі Кітая заразіўся 4351 чалавек у 49 краінах, 67 чалавек памерлі. Такія дадзеныя прывёў 28 лютага кіраўнік СААЗ Тедрас Гебрэйесус, перадае прэс-служба арганізацыі.
Па апошніх дадзеных СААЗ, вядома аб 78 959 выпадках COVID-19, уключаючы 2791 смяротны зыход. За суткі пра першыя выяўленыя выпадкі каронавіруса паведамілі Данія, Эстонія, Літва, Нідэрланды, Нігерыя, Азербайджан, Мексіка. Зафіксаваны першы выпадак і ў Беларусі.

Па дадзеных СААЗ, 24 заражаных у 14 краінах прыбылі з Італіі, а 97 чалавек з каронавірусам, якіх выявілі ў 11 краінах, прыехалі з Ірана.

Арганізацыя заклапочаная павелічэннем выпадкаў заражэння ў свеце.

— Нашы эпідэміёлагі пастаянна сочаць за гэтымі падзеямі, і зараз мы павысілі нашу ацэнку рызыкі распаўсюджвання і рызыкі ўздзеяння COVID-19 да вельмі высокага на глабальным узроўні, — заявіў Тедрас Гебрэйесус.

СААЗ пакуль не бачыць доказаў таго, што вірус свабодна распаўсюджваецца ў супольнасцях.

— Пакуль гэта так, у нас усё яшчэ ёсць шанец стрымаць гэты вірус, калі будуць прыняты актыўныя дзеянні для ранняга выяўлення выпадкаў захворвання, ізаляцыі і догляду за пацыентамі і адсочвання кантактаў, — лічыць кіраўнік СААЗ.

Ён адзначае, што ключом да стрымлівання каронавіруса з'яўляецца разрыў ланцугоў перадачы.

Зараз ва ўсім свеце ў распрацоўцы знаходзяцца больш за 20 вакцын, некалькі тэрапеўтычных сродкаў праходзяць клінічныя выпрабаванні. Першыя вынікі чакаюць праз некалькі тыдняў.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: