Венгрыя забараніла мяняць у дакументах пол, пазначаны пры нараджэнні

Парламент Венгрыі прыняў закон, які забараняе трансгендарным мужчынам і жанчынам змяняць у афіцыйных дакументах палавую прыналежнасць, указаную пры нараджэнні.
GETTY IMAGES

GETTY IMAGES

Закон, прапанаваны кіруючай правай партыяй Фідэс, атрымаў падтрымку 133 дэпутатаў, 57 прагаласавалі супраць. Ён прадугледжвае, што ў сведчаннях аб нараджэнні, заключэнні шлюбу і смерці замест венгерскага слова "пол" з гэтага часу будзе фігураваць тэрмін "пол пры нараджэнні".

Гэта азначае, што пол людзей будзе заставацца без змен у тым ліку ў пасведчаннях асобы, якія венгры абавязаны заўсёды мець пры сабе.

Калі закон уступіць у сілу, улады змогуць адхіліць заяўкі на змену полу ў дакументах, якія былі пададзеныя грамадзянамі Венгрыі цягам апошніх трох гадоў і пакуль не разгледжаны. Праваабарончыя групы кажуць, што з 2018 года ў Венгрыі практычна немагчыма змяніць пол у дакументах, што стала прычынай шматлікіх судовых пазоваў.

Закон выклікаў рэзкую крытыку праваабаронцаў, якія сцвярджаюць, што ён прывядзе да ўзмацнення дыскрымінацыі супраць членаў ЛГБТ-супольнасці. Адзін з апазіцыйных дэпутатаў апісаў яго як "згубны".

Аднак урад на чале з прэм'ер-міністрам Віктарам Орбанам сцвярджае, што такім чынам ліквідуецца юрыдычная нявызначанасць, праз якую суды і адміністрацыйныя органы не разумелі, як трактаваць слова "пол".

"У людзей паніка"

Улады настойваюць, што закон не супярэчыць канстытуцыі краіны і не перашкаджае захаванню правоў чалавека. Як сказана ў заяве прэс-службы венгерскага ўрада, рашэнне "рэгістраваць біялагічны пол дзіцяці ў пасведчанні аб нараджэнні не ўплывае на права мужчын і жанчын свабодна выказваць і практыкаваць сваю ідэнтычнасць у залежнасці ад іх жадання".

Групы, якія прадстаўляюць трансгендарных людзей, і праваабаронцы, лічаць прыняцце закона яшчэ адным сведчаннем, што венгерскі кансерватыўны нацыяналістычны ўрад вядзе вайну з усімі, хто не ўпісваецца ў іх уяўленні аб сям'і, перадае карэспандэнт Бі-бі-сі ў Будапешце Нік Торпа.

"Проста няма слоў, каб апісаць нашы пачуцці, — сказала ў інтэрв'ю Thomson Reuters Foundation віцэ-прэзідэнт праваабарончай групы "Transvanilla Transgender Association" Ціна Корлас Орбан. — У людзей, якія многія дзесяцігоддзі не мелі суіцыдальных думак, цяпер яны з'явіліся. У многіх паніка , яны хочуць уцячы з Венгрыі ў месца, дзе будуць прызнаваць іх палавую прыналежнасць".

Трасгендары асцерагаюцца, што цяпер яны будуць сутыкацца з дыскрымінацыяй кожны раз, калі ім трэба прадастаўляць афіцыйныя дакументы.

Законапраект, прыняты парламентам Венгрыі, павінен падпісаць прэзідэнт краіны Янаш Адэр, які таксама належыць да кіруючай партыі Фідэс. Праваабарончыя групы спрабуюць пераканаць прэзідэнта не ставіць свой подпіс пад законам.

У большасці краін Еўрапейскага саюза дазволена мяняць афіцыйныя дакументы, каб змешчаная ў іх палавая прыналежнасць адпавядала ідэнтычнасці людзей.

Прэм'ер-міністр Віктар Орбан, які прыйшоў да ўлады ў 2010 годзе і ў 2018-м пераабраны на чарговы тэрмін, прытрымліваецца правых кансерватыўных поглядаў.

Спікер парламента Венгрыі Ласла Кёвер, які прадстаўляе яго партыю, у 2019 годзе параўноўваў усынаўленне дзяцей аднаполымі парамі з педафіліяй.

bbc.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: