Ветэраны па-ўкраінску: калі ў тваёй краіне вайна

Сёння ва Украіне ўжо 369 924 чалавекі афіцыйна лічацца ветэранамі вайны на ўсходзе краіны. Усе яны атрымалі статус удзельніка баявых дзеянняў (УБД). Каб эфектыўна праводзіць дзяржаўную палітыку ў іх дачыненні, давялося стварыць адмысловае міністэрства.
Ірына Фрыз

Ірына Фрыз

За мінулыя пяць гадоў ветэраны вайны супраць Расіі сталі ва Украіне моцным фактарам грамадскага жыцця. Гэта сотні тысяч чалавек, для якіх жыццё больш ніколі не будзе ранейшым. Сёння яны нароўні з іншымі будуюць краіну, але заўжды чымсьці адрозніваюцца. Нават бізнес вядуць свой — ветэранскі. У Кіеве кожны ведае рэстаран Veterano Pizza, а таксама іншыя бізнесы пад агульным брэндам Veterano.

Тым не менш, праблем у ветэранаў ва Украіне шмат — і дзяржава не можа іх абыходзіць. Тым больш, што сярод ветэранаў не толькі ўкраінцы, але і грамадзяне іншых краін, якія ў свой час паехалі бараніць Украіну ад агрэсіі. У тым ліку і беларусы, для большасці з якіх цяпер вяртанне на радзіму немагчымае. Украіна гатовая зрабіць іх сваімі грамадзянамі і дапамагчы пачаць новае жыццё.

Найбольшы рост колькасці ветэранаў адбыўся ў 2015 годзе — тады была адна з апошніх хваляў мабілізацыі. У мінулыя гады адказнасць за такую вялікую колькасць людзей спрабавалі размеркаваць паміж сабою 22 розныя ўкраінскія дзяржаўныя органы. У выніку гэтага ветэраны заўжды апыналіся «дзіцём без вока» пры вялікай колькасці «нянек». Напрыклад, Дзяржаўная служба ветэранаў вайны і ўдзельнікаў антытэрарыстычнай аперацыі (АТА) з бюджэтам у 109 мільёнаў грыўняў (4,1 мільёна долараў ЗША) была амаль цалкам паралізаваная на працягу большай часткі 2018 года, паколькі яна не змагла ўхваліць акты органа, які рэгуляваў яе дзейнасць. У выніку кантракты на аказанне паслуг ветэранам не падпісваліся.

Каб нарэшце апанаваць бюракратычны беспарадак, 28 лістапада 2018 года пастановай Кабінета Міністраў было створана Міністэрства па справах ветэранаў. Фактычна гэта самае маладое ведамства ў краіне, фінансаванне якога ідзе асобным артыкулам з дзяржаўнага бюджэту.

Створанае міністэрства зараз кіруе нацыянальнай сістэмай дапамогі шматлікім ветэранам вайны на Данбасе і амаль мільёну былых камбатантаў іншых канфліктаў мінулага, пачынаючы з апошніх жывых байцоў Другой Сусветнай вайны.

Адзін з галоўных абавязкаў ведамства — стварэнне адзінага рэестра асоб, якія маюць права на адпаведныя ільготы і прывілеі ветэранаў. Такі афіцыйны спіс, які ўвесь час абнаўляецца і ўдакладняецца, на думку прадстаўнікоў міністэрства, у прыватнасці, дапамагае ліквідаваць многія шырока распаўсюджаныя карупцыйныя рызыкі. Напрыклад, магчымасць рабавання сродкаў, што выдзяляюцца фантомным атрымальнікам дапамог.

Зараз ведамства дастаткова шырока ўзаемадзейнічае з грамадскімі ініцыятывамі падтрымкі ветэранаў, якія працуюць у сферы прадстаўлення кансультацый, дапамогі альбо адпаведных паслуг. Трэба ўзгадаць, што існуе асобная праграма, якая прадугледжвае вылучэнне, у тым ліку, дзяржаўных грошай на праектную дзейнасць грамадскіх арганізацый. Былі знятыя пэўныя абмежаванні, што надае магчымасць любой арганізацыі ветэранаў або любой грамадскай арганізацыі, якая працуе для ветэранаў, атрымаць грошы пры ўмове непасрэднага ўдзелу ў праектах, што рэалізуюцца міністэрствам.

Працуе міністэрства і над зменай статуса жанчынаў ва Узброеных сілах Украіны (па дадзеных Упраўлення па сувязях з грамадскасцю Узброеных сіл Украіны, жанчыны складаюць каля 8% ад агульнай колькасці ў баявых падраздзяленнях, якія праводзяць Аперацыю аб’яднаных сілаў на ўсходзе краіны). З дапамогай, у тым ліку, чыноўнікаў ведамства, былі праведзеныя пэўныя змены ў дзеючае заканадаўства. У прыватнасці, быў пашыраны пералік спецыяльнасцяў і пасадаў, якія могуць займаць жанчыны-вайскоўцы. Гэта стала добрым стымулам і матывацыяй для жанчын ісці і служыць у войска справядліва, на той пасадзе, якую яна займае, а не лічыцца бухгалтарам, кухаркай ці юрыстам. Таксама з падачы Міністэрства па справах ветэранаў была прынятая пастанова Кабінета Міністраў, якая пашырыла магчымасці вайсковых ліцэяў. У 2019 годзе ўпершыню пройдзе набор дзяўчынак-падлеткаў з 14 гадоў на навучанне ў Кіеўскі вайсковы ліцэй імя Івана Багуна.

«НЧ» пагутарыў з Ірынай Фрыз — міністрам самага маладога ўкраінскага ведамства, — каб даведацца, на якіх умовах беларускія добраахвотнікі ва Украіне зараз атрымліваюць статус ветэрана баявых дзеянняў і, адпаведна, могуць прэтэндаваць, згодна новаму закону, на спрошчаны парадак прыняцця грамадзянства Украіны.

— Вярхоўная Рада 6 чэрвеня 2019 года прыняла закон аб спрошчаным парадку прыняцця ў грамадзянства Украіны іншаземцаў і асоб без грамадзянства, якія аказвалі практычную дапамогу ў абароне тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці Украіны. Ці атрымаюць беларускія добраахвотнікі, якія баранілі суверэнітэт Украіны падчас АТА, статус ветэранаў?

— Калі беларускія добраахвотнікі знаходзіліся ў зоне баявых дзеянняў не менш за тры гады, яны атрымліваюць статус УБД, што падпадае пад статус ветэрана. Паводле новага закону №3433 пра ўнясенне зменаў у некаторыя заканадаўчыя акты (адносна праўнага статусу замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія бралі ўдзел у абароне тэрытарыяльнай цэласці і недатыкальнасці Украіны) ад 6 чэрвеня 2019 года, для беларусаў i iншых замежных грамадзян на сёння трэба прабыць у зоне баявых дзеянняў не менш за тры гады. Гэта, на жаль, неабходная рэч, каб атрымаць статус УБД і прэтэндаваць на грамадзянства. Калі мы гаворым пра спрошчаны парадак прыняцця іншаземных добраахвотнікаў у грамадзянства Украіны, у першую чаргу мы маем на ўвазе больш спрошчаную працэдуру. Зменшыцца колькасць неабходных дакументаў для падачы на грамадзянства для гэтых катэгорый. І гэта абсалютна справядлівае рашэнне нашага парламента, якое можна толькі вітаць.

— А ўкраінскія грамадзяне, колькі яны павінны знаходзіцца ў зоне баявых дзеянняў, каб атрымаць статус ветэрана?

— Украінскім грамадзянам, каб атрымаць статус ветэрана, дастаткова прабыць на ўсходзе краіны 30 дзён. Раней, у 2014 годзе, нават гэтае абмежаванне для ўкраінскіх грамадзян не дзейнічала, і трэба было прабыць у зоне АТА да трох дзён, каб атрымаць статус ветэрана. Нашае ведамства будзе працаваць і надалей, каб скараціць тэрмін, які замежнік павінен прабыць у зоне баявых дзеянняў для атрымання УБД. Замежныя добраахвотнікі, якія падтрымалі нас у вайне з Расіяй, вартыя атрымаць украінскае грамадзянства і прававыя гарантыі ад дзяржавы.

— Вам даводзілася сутыкацца з беларускімі добраахвотнікамі, якія абаранялі суверэнітэт Украіны ў зоне АТА?

— У Ровенскай вобласці ў нас быў грамадзянін Беларусі, які з 2005 года пражываў на тэрыторыі Украіны. Па мабілізацыі ён прыйшоў у ваенкамат, таму што лічыў сваім абавязкам абараняць краіну, дзе жыве сам, дзе нарадзіўся яго сын. Яго ўзялі ў войска — тады бралі ўсіх. Ён адслужыў, вярнуўся. Непасрэдна я хадайнічала аб прадастаўленні яму грамадзянства Украіны. У выніку грамадзянства ён атрымаў.

— Ваш прагноз, як будзе далей змяняцца колькасць ветэранаў баявых дзеянняў на ўсходзе краіны?

— Усё залежыць ад актыўнасці баявых дзеянняў. Мы не разлічваем. Мы ў дадзеным выпадку з’яўляемся статыстамі. Мы фіксуем.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!