Вінаватых у крушэнні лайнера MH17 над Данбасам могуць судзіць завочна

Вінаватых у крушэнні рэйса МН17 над Данбасам у 2014 годзе могуць судзіць завочна, заявіла напярэдадні трэцяй гадавіны катастрофы кіраўнік МЗС Аўстраліі Джулія Бішоп. Сярод 298 ахвяраў катастрофы было шмат аўстралійцаў, і краіна ўдзельнічае ў рабоце міжнароднай следчай групы, якая зрабіла выснову, што лайнер быў збіты з ЗРК «Бук», дастаўленага з тэрыторыі Расіі.
Фота: Reuters

Фота: Reuters

Бішоп, як перадае Reuters, заклікала ўсе краіны да супрацоўніцтва «з мэтай прыцягнуць да адказу вінаватых у забойстве». Яна прызнала, што судовы працэс, магчыма, будзе весціся ў адсутнасці абвінавачаных.

У канцы чэрвеня ўлады Нідэрландаў паведамілі, што судовы працэс пройдзе ў гэтай краіне і па галандскіх законах. Як адзначае Reuters, такі шлях абраны пасля таго, як Расія запрацівілася стварэнню міжнароднага трыбунала па гэтай справе. Месцам дзеяння, верагодна, будзе Гаага, суд у якой прыстасаваны для маштабных міжнародных працэсаў.

Каля амбасады Расіі ў Гаазе нядзельнай раніцай прайшла маўклівая дэманстрацыя з удзелам сваякоў ахвяраў катастрофы. Мэта акцыі — нагадаць аб тым, што здарылася і запатрабаваць ад Масквы даць праўдзівую інфармацыю аб трагедыі.

Улады Малайзіі на тыдні выказалі надзею, што спіс людзей, адказных за гібель авіялайнера кампаніі Malaysia Airlines, стане вядомы да канца 2017 года. Reuters адзначае, што да пачатку судовага працэсу складана сказаць, наколькі Расія будзе накіраваная на супрацоўніцтва. Улады РФ аспрэчваюць версію катастрофы, выкладзеную следчымі.

Нагадаем, 17 лiпеня 2014 года Boeing 777, які рухаўся рэйсам MH17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, пацярпеў крушэнне над усходам Украіны. На яго борце знаходзілася 298 чалавек, усе яны загінулі. Большасць пасажыраў на борце былі грамадзянамі Нідэрландаў.

Група Bellingcat ўстанавіла нумар ЗРК «Бук», з якога быў збіты самалёт. Яна высветліла, што комплекс з бартавым нумарам 332 прыпісаны да 53-й зенітнай ракетнай брыгады з Курска і адсачыла шлях ЗРК на Украіну і назад. Машына была дастаўлена з Курска ў Мілерава (Растоўская вобласць), а адтуль — у Данецкую вобласць на тэрыторыю, кантраляваную сепаратыстамі Данецкай народнай рэспублікі. Bellingcat таксама назвала чалавека, адказнага за транспарціроўку «Бука»: гэта адстаўны расійскі афіцэр Сяргей Дубінскі, вядомы пад псеўданімам Хмурны.

Мінабароны Расіі абвінаваціла экспертаў Bellingcat ў фальсіфікацыі фактаў пра крушэнне пасажырскага самалёта.

Аднак з апублікаванага пазней дакладу міжнароднай следчай групы таксама вынікала, што самалёт быў збіты з ЗРК «Бук», дастаўленага з тэрыторыі Расіі. Запуск ракеты быў ажыццёўлены з сельскагаспадарчага поля ў пасёлка Першамайскі, які знаходзіўся пад кантролем сепаратыстаў ДНР.

У сумесную сьледчую групу (Joint Investigation Team, JIT) уваходзяць прадстаўнікі пяці краін — Нідэрландаў, Аўстраліі, Бельгіі, Малайзіі і Украіны.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: