Вінаватыя ў масавай гібелі бежанцаў у Венгрыі атрымалі пажыццёвы тэрмін

У Венгрыі асудзілі членаў крымінальнай групоўкі, якая нелегальна перавозіла бежанцаў у краіны ЕС. Яны нясуць адказнасць за гібель 71 чалавека, што задыхнуліся ў аўтафургоне.

Суд венгерскага горада Сегед 20 чэрвеня прысудзіў да пажыццёвага зняволення чатырох вінаватых у масавай гібелі бежанцаў, целы якіх былі знойдзеныя ў аўтафургоне ў Аўстрыі ў 2015 годзе, паведамляе dw.com. Усе чацвёра з'яўляюцца членамі крымінальнай групоўкі, якая займалася нелегальнай перавозкай бежанцаў. Трое з іх з'яўляюцца грамадзянамі Балгарыі, адзін — кіраўнік гэтай групоўкі — выхадзец з Афганістана.

Целы 71 нелегальнага бежанца былі знойдзеныя 27 жніўня 2015 года ў грузавіку, пакінутым на паркоўцы аднаго з аўтабанаў на поўдзень ад Вены. Эксперты прыйшлі да высновы, што ўсе яны — 59 мужчын, восем жанчын і чацвёра дзяцей — задыхнуліся ў фургоне. Па дадзеных следства, кіроўца фургона чуў стогны і крыкі бежанцаў, але, па ўказанні свайго шэфа, не спыніўся, каб упусціць паветра ў грузавы адсек. Пазней ён пакінуў аўтафургон на паркоўцы і збег.

Суд пазбавіў трох абвінавачаных права на датэрміновае вызваленне. Чацвёрты павінен правесці за кратамі па меншай меры 30 гадоў.

Нагадаем, што 20 чэрвеня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень бежанцаў. Хто і чаму бяжыць у Беларусь? 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!