Вірус і прайдзісветы

Прайдзісветы і аферысты ва ўсім свеце намагаюцца падмануць даверлівых грамадзянаў за кошт эпідэміі.


Калісьці Астап Бендэр сцвярджаў, што ведае багата спосабаў адносна законнага адабрання грошай. Цяпер вялікі камбінатар дакладна мог бы папоўніць сваю калекцыю за кошт тэмы каронавіруса. У свеце паўстаў сапраўдны «лахатрон», арганізатары якога спрытна ашукваюць тых, хто баіцца заразы.

Натуральна, самы папулярны сродак — продаж цудадзейных лекаў. Прыём, натуральна, не новы. Можна ўзгадаць, якім шалёным попытам карысталіся ў часы чумы ў Еўропе святыя рэліквіі, якім прыпісвалі цудадзейны тэрапеўтычны эфект. Часы ідуць, а людзі не мяняюцца. Эрзацам мошчаў святых у часы эпідэміі каронавіруса сталі адпаведныя абярэгі. Іх, напрыклад, прадаюць у расійскім Санкт-Пецярбургу. А ў Сібіры можна набыць «загавораны часнык». Нарэшце, у Смаленску папулярныя антывірусныя амулеты карэльскіх шаманаў.

Больш адукаванай публіцы прадаюць старыя медыцынскія прэпараты, якія, як раптам высветлілася, «дапамагаюць» супраць вірусу. Сярод іх інтэрферон, арбідол, інгаварын і гэтак далей.

Не прайшлі прайдзісветы міма масак, дэфіцыт якіх выклікаў сапраўдны ажыятаж. Нейкі прадавец на Amazon умудрыўся ўзняць цану на тыя павязкі ў 528 разоў! Зрэшты, магчыма, ён хоць нешта прадаваў. Вельмі часта інтэрнэт-аферысты бяруць за маскі грошы, аднак не абцяжарваюць сябе адпраўкай тавару. Пакуль найбольш на гэтай глебе пацярпеў прадпрымальнік з Малайзіі, якому прапанавалі партыю танных масак у Facebook. Той пагадзіўся на здзелку, каб у выніку нічога не атрымаць, і да таго ж страціць каля 266 тысяч рупій (прыкладна 63 тысячы долараў).

Паралельна з маскамі прапануюцца іншыя «перадавыя» сродкі індывідуальнай абароны. Напрыклад, супрацьгазы ад каронавіруса або нават спецыяльныя біялагічныя касцюмы. Для тых, хто хоча перастрахавацца ад хваробы на сто працэнтаў, прапануюць незвычайныя маскі, напрыклад «вугальную маску» або «маску з шасцю слаямі».

Асобная катэгорыя ашуканцаў робіць грошы на тэме дэзінфекцыі. З’явіліся фірмы, якія прапануюць дэзінфекаваць памяшканні офісаў або кватэраў. У Літве злачынцы пайшлі яшчэ далей. Як піша мясцовая прэса, ужо быў выпадак, калі злодзеі пад выглядам камунальных рабочых, якія, маўляў, дэзінфекуюць жылы фонд, спрабавалі трапіць у кватэры.

Да лайт-версіі махлярства наконт «дэзінфекцыі» можна аднесці нядобрасумленную рэкламу. Так, у Калузе адна з кампаній, што займаецца перавозкамі, сцвярджае, што яе рухомы састаў апрацаваны антывіруснымі сродкамі. На адным з украінскіх сайтаў можна знайсці аб’яву пра паслугі брыгады грузчыкаў, якія прышчэпленыя ад каронавіруса. У Маскве нехта прадае ў інтэрнэце смартфон, адной з якасцяў якога з’яўляецца «адсутнасць на апараце каронавіруса». У прыватнай абвестцы горада Прыпяць (Украіна) чытачам прапануецца ўзяць сабе дахаты ката, які «мае ўсе прышчэпкі, у тым ліку прышчэпку ад каронавіруса».

А вось у Аўстраліі паліцыя заклікала быць асцярожнымі наконт абвестак ад прыватных кампаній, якія прапануюць хуткія тэсты на COVID-19. Паліцыя нагадвае, што толькі бальніцы маюць права праводзіць тэсты на вірус. Цікава, колькі бяруць аўстралійскія астапы бендэры за такія тэсты? Напрыклад, маскоўская вядзьмарка Арына Ласка гатовая за 10 тысяч расійскіх рублёў даць кожнаму адказ на пытанне, ці абыдзе яго каронавірус. Хто б сумняваўся, што грошы Арына просіць пераводзіць да кансультацыі, а прызначэнне плацяжу не пазначаць.

Цікавы бізнес прыдумалі ашуканцы ў Кіеве на хвалі плётак пра тое, што пасылкі з Кітая могуць быць небяспечнымі. Яны прапануюць забіраць іх з пошты за адпаведную суму. «Рызыкну сваім здароўем, вядома, за асобную плату, забяру з пошты вашу пасылку з таварам з Кітая», — піша на мясцовым інтэрнет-форуме аўтар Глеб. За паслугі ён просіць 200 грыўняў.

На Захадзе, між тым, назіраецца феномен так званых фішынгавых лістоў — прыём, калі ашуканцы, якія выдаюць сябе за вартыя даверу крыніцы, крадуць чужыя даныя. Схема ў двух словах выглядае так: вам на пошту прыходзіць ліст ад спецыяліста-вірусолага з прапановай даведацца інфармацыю пра захады па абароне ад эпідэміі. Інфармацыя, якая «можа выратаваць вашае жыццё», знаходзіцца ва ўкладзеным файле. Спасылка, па якой прапануецца перайсці, змяшчае праграму, што дазваляе даведацца нумар і пароль вашай банкаўскай карткі. Брытанскі Telegraph сцвярджае: толькі ў лютым мясцовым аферыстам атрымалася такім чынам скрасці ў звычайных людзей каля 400 тысяч фунтаў.

У інтэрнэце таксама з’явілася і адпаведная духу часу мадэль «лістоў шчасця», аўтары якіх, як правіла, просяць у атрымальніка ліста дапамогі ў шматмільённых грашовых аперацыях, абяцаючы велізарны гешэфт. У новай варыяцыі нейкая не надта вядомая кампанія піша, што распрацоўвае лекі або вакцыну ад каронавіруса, і што, калі гэта адбудзецца, яе акцыі рэзка вырастуць у цане (для пераканаўчасці прыкладаюцца фальшывыя «справаздачы» аб распрацоўках і «прагнозы» пра рост акцый). Таму прапануецца тэрмінова ўкласці грошы ў праект, каб хутка стаць новым Ротшыльдам.

Застаецца дадаць, што амаль усе апісаныя прыёмы «законнага адабрання грошай» на тэме віруса паўсталі літаральна за апошні месяц. З улікам таго, што эпідэмія, як чакаецца, працягнецца як мінімум да ліпеня, «разводкі» не толькі не спыняцца, але і абавязкова набудуць новыя формы. Не трапляйце на вуду прайдзісветаў!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: