Visa і MasterCard могуць сысці з Расіі

Міжнародныя сістэмы аплаты Visa і MasterCard могуць сысці з Расіі ў выніку дзеянняў Дзярждумы і Цэнтрабанка, піша ў пятніцу газета "Коммерсант".

 

Фота: Антон Навадзярэжкін/ТАСС

23 ліпеня ніжняя палата парламента Расіі збіраецца разгледзець у другім чытанні папраўкі да законапраекта "Аб нацыянальнай плацежнай сістэме", якія падтрымлівае Цэнтрабанк, яны павінны забяспечыць бесперапыннасць картачных плацяжоў у Расіі. Па сутнасці ж расійскім даччыным кампаніям міжнародных плацежных сістэм (МПС) забароняць прыпыняць разлікі па картах банкаў, якія трапілі пад санкцыі.

Калі законапраект будзе прыняты, ім забароняць уводзіць "крытэрыі прыпынення, спынення ўдзелу ў аплатнай сістэме па ініцыятыве аператара аплатнай сістэмы, звязаных, адпаведна, з прыпыненнем, спыненнем удзелу ў замежнай аплатнай сістэме".

На тое, каб пачаць працаваць па новых правілах, плацежным сістэмам дадуць паўгода. Пасля гэтага прыпыненне разлікаў якога-небудзь банка з-за санкцый будзе лічыцца парушэннем. Калі яно не будзе ліквідавана, Цэнтрабанк Расіі выключыць кампанію з рэестра аператараў плацежных сістэм, што будзе азначаць забарону на працу ў Расіі.

Аднак расійскія дочкі Visa і MasterCard пры ўсім жаданні не змогуць прывесці свае правілы ў адпаведнасць з новымі патрабаваннямі — яны не маюць права не выконваць распараджэння сваёй галаўной арганізацыі, адзначае "Коммерсант".

У Visa і MasterCard будзе магчымасць застацца на расійскім рынку — яны змогуць зарэгістравацца ў якасці аператараў "замежных плацежных сістэм" (гэта паняцце таксама ўводзіцца папраўкамі да законапраекта). Аднак, лічаць апытаныя "Коммерсантом" эксперты, хутчэй за ўсё, гэтыя кампаніі проста згорнуты свой бізнес у Расіі.

Калі разгледзець самы негатыўны сцэнар — выключэнне расійскіх «дочак» МПС з рэестра ЦБ, — то плацяжы па ўжо выпушчаных картах будуць праходзіць праз НСПК, аднак за межамі Расіі карты выключаных сістэм працаваць не будуць. Больш за тое, з сыходам якой-небудзь сістэмы з расійскага рынку замежныя карты, эмітаваныя ёю, у Расіі таксама працаваць не змогуць, адзначае "Коммерсант".

Паводле www.kommersant.ru, www.interfax.ru


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!