Вялікабрытанія. Прыхільнікі Брэксіту стануць еўрадэпутатамі

Брытанскі правы палітык Найжэл Фарадж, якога часта называюць «бацькам Брэксіту», вырашыў перапісаць формулу брытанскай палітыкі, што паўстала пасля вайны.


Менавіта Фарадж у 2016-м кіраваў кампаніяй за выхад Вялікабрытаніі са складу Еўрасаюза. У выніку еўраскептыкі дамагліся перамогі, якая зацягнула краіну ў глыбокі палітычны крызіс.

Аднак гэтага самому Фараджу, падаецца, мала. Прыкладна ў лютым ён стварыў рух Brexit Party, якому спатрэбілася ўсяго пару месяцаў, каб прабіцца ў топы папулярнасці. Паводле апошніх апытанняў, у выпадку выбараў у парламент Brexit Party атрымлівае 17 працэнтаў.

Калі ж у траўні на Альбіёне ўсё ж адбудуцца выбары ў Еўрапарламент, Brexit Party, як і лейбарысты, набірае 28 працэнтаў.

Відавочна, што клуб сімпатызантаў Фараджа фармуецца за кошт электарату кансерватараў, якія праз фурор Brexit Party апынуліся напярэдадні гістарычнай электаральнай катастрофы. На травеньскіх выбарах у Еўрапарламент за іх гатовыя галасаваць толькі 14 працэнтаў выбаршчыкаў.

І гэта можа быць толькі пралогам канфузу на выбарах у брытанскі парламент. З улікам нестабільнасці кабінету Тэрэзы Мэй, датэрміновыя выбары могуць быць абвешчаныя ў любы час. Прычым, як пішуць назіральнікі, кансерватары не маюць плана, як спыніць Фараджа, які адкрыта пагражае канчаткова прыбраць партыю торы з брытанскай палітычнай сцэны.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!