Вялікі тэатр Беларусі адзначыць дзень нараджэння анлайн

Вялікі тэатр 25 траўня адзначае дзень нараджэння і ладзіць Дзень адчыненых дзвярэй — праўда, анлайн

25 траўня на працягу ўсяго дня Вялікі прымае і транслюе ў сацыяльных сетках віншаванні ад артыстаў і публікі. Акрамя таго, тэатр запрашае гледачоў на Дзень адчыненых дзвярэй — праўда, віртуальны, на платформе YouTube і на афіцыйных старонках у сацсетках.

А 15 гадзіне гледачоў запрашаюць зазірнуць у рэпетыцыйныя залы і «пабываць» у жывапісным цэху, убачыць знутры работу галоўнага хормайстра і дырыжораў. Сваімі ўспамінамі і гісторыямі пра любімую работу, якая для многіх стала другім домам, падзеляцца мастацкі кіраўнік тэатра Валянцін Елізар’еў, хармайстар Ніна Ламановіч, балетмайстар Юрый Траян, прыма Аксана Волкава, Іван Касцяхін, Таццяна Шэметавец і многія іншыя.

 

 

«Фармат анлайн-сустрэч з гледачамі для нас пакуль што нязвыклы, але мы абавязкова парадуем іх сюрпрызамі, паколькі Дзень адчыненых дзвярэй быў і застаецца нефарматным мерапрыемствам, — зазначае вядучы рэдактар маркетынгавых камунікацый Вялікага тэатра Алена Балабановіч. — Таму ў адмысловым святочным канцэрце нашы вядучыя салісты раскрыюцца з новага боку: Анастасія Масквіна спяе пад гітару бардаўскія песні, Анастасія Малашкевіч выканае джаз, а Дзмітрый Шабеця — Купалінку”, а саліст балету Іван Савянкоў пакажа, што ў яго ёсць і вакальны талент…».

Трансляцыя канцэрту пачнецца а 19 гадзіне. 

Вікторыя Захарава,  www.zviazda.by

Фота БЕЛТА

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: