Вярнуць Курылы курыльцам

Цяперашнія кансультацыі паміж Расіяй і Японіяй наконт лёсу Курылаў у чымсьці дзіўныя. Бакі забываюць пра тое, што гістарычна гэтыя астравы належаць народу айны.

Фота www.u-news24.com


Менавіта айны раней за рускіх і японцаў каланізавалі Курылы. Няма дакладнай даты, калі гэта адбылося. Але каля 300 гадоў да нашай эры айны засялялі ўвесь японскі архіпелаг, а таксама паўднёвую палову Сахаліна, Курыльскія астравы і Паўднёвую Камчатку.

Увогуле, з айнамі дасюль шмат незразумелага. У тым ліку таму, што яны абсалютна не падобныя на іншыя азіяцкія народы. У іх шырокія вочы, светлая скура. Характэрная рыса знешнасці айнаў — вельмі густыя валасы і барада ў мужчын. Густыя доўгія валасы, якія збіваліся ў каўтун, нават замянялі айнам-жаўнерам шаломы.

Рэлігія ў айнаў таксама была вельмі дзіўная. Іх культ мядзведзя моцна адрозніваўся ад падобных культаў на тэрыторыі Азіі. Толькі ў айнаў ахвярнага мядзведзя выкормлівалі грудзьмі жанчыны-карміцелькі.

Непадобнасць айнаў да суседзяў стала глебай для самых фантастычных тэорый. Паводле самай экстравагантнай, айны — гэта арыі. Нездарма ў іх мове ёсць санскрыцкія словы, а на пячатках выяўленая «свастыка». Праўда, існуе і іншая версія: айны — галіна палінезійцаў, і ніякага дачынення да арыяў яны не маюць. Што тычыцца свастыкі, то ў Японіі яна не арыйскага, а будысцкага паходжання.

Можна сустрэць версіі пра тое, што сама культура воіна-самурая была запазычаная японцамі ў айнаў. На карысць гэтай версіі — арсенал айнаў-жаўнераў, вельмі падобны да самурайскага. Акрамя таго, айны, якія жылі паляваннем, былі вельмі ваяўнічымі. Аж да таго, што жанчынам, каб мець права ваяваць, малявалі або рабілі татуіроўку вусоў. Таму пасунуць айнаў японцы здолелі выключна дзякуючы такому ноу-хау, як гарматы.

Гэта здарылася прыкладна ў XV стагоддзі. Пасля перамогі японцаў айнаў чакала татальная асіміляцыя, у тым ліку на Курылах. Сёння ў Японіі засталося прыкладна 20 тысяч айнаў, якія амаль не адрозніваюцца ад японцаў. Праўда, апошнім часам яны імкнуцца змагацца за свае правы. У 2004 годзе айны арганізавалі сваю партыю, якая адстойвае, паводле праграмы, мультыкультурны характар японскай дзяржавы. У 2007 годзе японскі ўрад афіцыйна прызнаў айнаў асобным народам.

 Фота www.meduza.io



Частка тэрыторыі айнаў трапіла ў склад Расійскай імперыі, дзе ім было забаронена называць сябе айнамі. Бо тады японцы заяўлялі, што ўсе рэгіёны, на якіх жылі ці жывуць айны, з’яўляюцца часткай Японіі. Таму айнаў вельмі часта называлі «курыльцы». У часы СССР людзі з айнскімі прозвішчамі высылаліся ў ГУЛАГ, паколькі іх лічылі японцамі. У выніку вялікая колькасць айнаў перайшла на славянскія прозвішчы. У 1961 годзе нарабіў вэрхалу апошні айн, які жыў на Сахаліне. Пахаваўшы жонку, ён проста на могілках зрабіў сабе харакіры. У 1979 годзе СССР выкрасліла этнонім «айны» са спісу «жывых» этнічных груп Расіі, тым самым абвясціўшы, што гэты народ на тэрыторыі СССР памёр…

Але, паводле апошняга перапісу насельніцтва Расіі, у 2010 годзе прыкладна сто чалавек, у большасці рэзідэнты Камчаткі, пазначылі сябе як айны. Менавіта ў гэтым асяроддзі паўстаў незвычайны праект. У 2004 годзе яны накіравалі Уладзіміру Пуціну ліст, у якім прапанавалі яму адрадзіць на Курылах айнскі этнічны анклаў. У такім разе Японія, маўляў, страціць права патрабаваць вяртання астравоў. А каб японцы ўвогуле супакоіліся, Пуціну прапаноўвалася прызнаць генацыд айнаў з боку Японіі. У лісце сцвярджалася, што гэтая трагедыя па маштабах можа быць параўнальная толькі з генацыдам карэннага насельніцтва Амерыкі. Аднак у Крамлі ліст праігнаравалі.

Па ходзе цяперашніх расійска-японскіх перамоваў ідэя вярнуць Курылы курыльцам зноў адрадзілася. На дапамогу айнам нечакана прыйшлі расійскія лібералы. 14 студзеня апазіцыйная партыя ПАРНАС вуснамі намесніка яе старшыні Андрэя Зубава прапанавала Крамлю перасяліць на Курылы японскіх айнаў. Аднак пры гэтым самі Курыльскія астравы павінны, паводле Зубава, застацца пад расійскім суверэнітэтам.

Прапанова ПАРНАСу свежая, аднак яе перспектывы вельмі неакрэсленыя. Не толькі таму, што вяртанне айнаў на гістарычную радзіму надзвычай складана здзейсніць тэхнічна. Да таго ж японскія айны ў большасці наўрад ці пагодзяцца змяніць японскую мадэль спажывання на расійскі побыт. Не выклікае эйфарыі ідэя рэпатрыяцыі айнаў і ў рускіх, якія жывуць на астравах. Але галоўная праблема ў тым, што з кожным днём усе цяперашнія размовы вакол Курылаў больш нагадваюць фінт крамлёўскіх піяршчыкаў, што мае на мэце адцягнуць увагу расіян ад сацыяльна-эканамічных цяжкасцяў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!