Вяртанне дыназаўраў, «Навічок» для Трампа: тыдзень вачыма сусветных карыкатурыстаў

Пратэсты ў Нікарагуа, Клінтан ідзе ў прэзідэнты, няласкавы прыём Трампа ў Вялікабрытаніі — гэтыя і іншыя падзеі тыдня вачыма сусветных карыкатурыстаў.

У Брусэлі адбыўся саміт NATO. Падчас мерапрыемства прэзідэнт ЗША Дональд Трамп раскрытыкаваў саюзнікаў за адмову павялічваць свой унёсак у фонд альянсу. Шмат хто расцэньвае дэмарш Дональда як вяртанне Штатаў да мадэлі ізаляцыянізму. Мастак ірландскай газеты Irish Times ілюструе небяспеку такога выбару Трампа.

Нарэшце свет звярнуў увагу на сітуацыю ў Нікарагуа, дзе толькі на мінулым тыдні ў сутыкненнях паміж пратэстоўцамі і сілавікамі прэзідэнта Даніэля Артэгі загінула 11 чалавек. Канфлікт у Нікарагуа выбухнуў з-за рэформы сацыяльнага забеспячэння. Агульная колькасць ахвяр на цяперашні час дасягае ўжо больш за 350. На думку выдання Waсhington Рost, спробы Даніэля Артэгі вырашыць прблему шляхам рэпрэсій выглядаюць вельмі архаічна. Быццам мы бачым новы фільм з серыі «Парк юрскага перыяду», у якім Артэга з'яўляецца дыназаўрам з пароды «Тырантазаўрус».


Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп завяршыў візіт у Вялікабрытанію, дзе яго сустракалі масавымі пратэстамі. Прахалодная атмасфера візіту дазволіла карыкатурысту выдання The Guardian змадэляваць магчымую сцэну падчас чаявання Трампа і каралевы Лізаветы Другой. Каралева на малюнку кажа амерыканскаму госцю: «Яшчэ кубачак «навічка», містэр Трамп?».

Між тым на радзіме Трампа ў прэсе пайшлі чуткі пра тое, што сябра дэмпартыі Хілары Клінтан падумвае зноў балатавацца на пасаду прэзідэнта ЗША ў 2020-ым годзе. Амерыканскаму мастаку Тому Штыгліцу (Tom Stiglich) адразу на памяць прыйшла славутая карціна Эдварда Мунка «Крык». Хіба што ў яго варыянце ад жаху наконт ідэі балаціроўкі Хілары Клінтан лямантуе асёл (сімвал дэмакратычнай партыі ЗША).

Нарэшце заканчваецца чэмпіянат свету па футболе. Французскі штотыднёвік Courrier international лічыць, што гэта быў час у тым ліку дзіўных фантазій, калі зорку, што падае з неба (сімвал надзей), для шмат каго замяняў футбольны мяч.

***
Паглядзіце таксама папярэднія агляды сусветнай карыкатуры. А якія тэмы былі б цікавыя вам? Пішыце ў каментарах!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!