Вяртанне жывых «саўкоў»

Пакуль расійскія сілавікі палявалі на Навальнага і яго прыхільнікаў, яны, падаецца, праспалі нараджэнне вельмі небяспечнай групоўкі — «Грамадзян СССР», або «жывых».

Упершыню навіны пра дзейнасць групоўкі сталі з’яўляцца ўлетку мінулага года. Маскоўская вобласць, Кіраў, Кіславодск, Уладзікаўказ, Ніжні Ноўгарад, гарады Урала і Сібіры… У гэтых і іншых месцах паўсталі асяродкі тых, хто адначасова наладзіў працу ў сацсетках.

Вельмі часта адэпты СССР называлі сябе па рознаму — «Рух жывых суверэнных людзей» або «Прафсаюз Саюз ССР», «Прафсаюз жывых» і гэтак далей. Аднак нейкі агульны ідэалагічны кампанент у агітках розных груповак прысутнічаў. Яны лічаць, што жывуць не ў Расіі, а ў СССР. А такой дзяржавы, як Расійская Федэрацыя, на іх думку, папросту не існуе. Адсюль яшчэ больш цікавая выснова: усе грамадзяне РФ «мёртвыя», а грамадзяне СССР — «жывыя».

На першы погляд, гэта падобна на цяжкі дыягназ. Не кажучы пра тое, што савецкая спадчына трактуецца «жывымі» вельмі арыгінальна. Напрыклад, секцыя «грамадзян СССР» ва Уладзівастоку вядзе летапіс СССР ад бітвы чалавецтва з драконамі, якая, маўляў, адбылася 7500 гадоў таму. Нягледзячы на тое, што СССР меў выразную структуру кіравання і ідэалогію, прыморскія «грамадзяне СССР» не прызнаюць сацыялізм. Уся ўлада ў СССР, па іх словах, павінна належаць не КПСС, а нейкаму «Народнаму вечу».

Адэпты СССР не адседжваюцца на сваіх сходах: яны актыўна блакуюць працу дзяржаўных органаў, перш за ўсё адмаўляючыся выплачваць «камуналку». Напрыклад, на Камчатцы справакаваны байкот плацяжоў набыў заўважны характар.

У адказ на «жыроўкі» камунальных службаў звычайна дасылаюць дакумент, у якім патрабуюць надаць дадатковыя дакументы, якія пацвярджаюць, што СССР сапраўды распаўся, а Расійская Федэрацыя з'яўляецца «пераемнікам СССР». Просяць таксама паперкі, «якія пацвярджаюць перадачу з балансу СССР на баланс РФ усіх актываў і пасіваў, у тым ліку прадпрыемствы, ЖКГ і рэсурсы, якія, згодна з артыкулам 10 Канстытуцыі СССР, з’яўляюцца неад’емным здабыткам народа».

Не прызнаюць грамадзяне фантомнага СССР не толькі «жыроўкі», але і пашпарты, медыцынскія полісы, іншыя афіцыйныя дакументы... Матывуецца гэта тым, што любая папера з пячаткай і гербам Расійскай Федэрацыі, маўляў, з’яўляецца «пазнакай раба».

Нарэшце, ідзе працэс фармавання альтэрнатыўных органаў улады. Яшчэ 2 кастрычніка 2018 года «аднавіў» сваю дзейнасць Вярхоўны савет СССР, старшынёй якога з’яўляецца Валянціна Іванаўна Рэўнава. Хутка пачалося дзяржаўнае «будаўніцтва» на месцах. У гэтым плане ўсіх апярэдзілі фанаты віртуальнага СССР у Паўночнай Асеціі. У інтэрв’ю «Радыё Свабода» іх лідар распавядае, што ў аўтаноміі ўжо працуе КДБ СССР, Мінасветы, савецкі МУС, і нават пашпартны стол. Ужо створаная камісія па вяртанні зямлі, дзяржаўнай і асабістай уласнасці савецкага народа.

Парадаксальна, аднак паліцэйская машына Расіі дасюль не здольная не толькі спыніць экспансію руху, аднак нават зразумець яго іерархію. Рэпрэсіі супраць канкрэтных актывістаў, хутчэй, спрыяюць папулярызацыі руху. Пасля таго, як у Сургуце за непадпарадкаванне паліцыі асудзілі мясцовага апостала «жывых», колькасць яго падпісчыкаў у сацсетках вырасла да 14 тысяч чалавек. Падаецца, самым вялікім дасягненнем сілавікоў у барацьбе з «жывымі» можна лічыць ліквідацыю ў лютым гэтага года МЗС СССР, якое складалася з адной жанчыны. Пасля вобшуку ФСБ яна публічна пагадзілася не лічыць сябе больш кіраўніком савецкай дыпламатыі.


Між тым, спецыялісты па дэструктыўных сектах кажуць, што перакананні «жывых» падобныя на неаязычніцкі акультны рух New Age. Аднак хто дакладна стаіць за праектам — не ведаюць. Затое, па іх словах, з’явіліся прыкметы, якія паказваюць, што паступова рух «грамадзян СССР» фармуецца ў больш жорсткую структуру, якая ў выпадку пераследу можа пачаць працаваць у падполлі.

Канешне, не выключана, што «Грамадзяне СССР» — банальныя махляры. За адпаведную аплату яны раздаюць дзяржаўныя пасады і дакументы СССР. Пры гэтым, не прызнаючы Расійскую Федэрацыю, аплату за выдадзеныя людзям дакументы прымаюць у расійскіх рублях — па 300 рублёў (каля 8 беларускіх) за даведку. У Цюменскай вобласці ад грамадзян пад выглядам «аднаўлення СССР» патрабавалі перапісаць усю маёмасць, абяцаючы ў будучыні, пры савецкай уладзе, выдаць па 14 мільярдаў рублёў.

Феномен «Грамадзян СССР» і яго перспектывы каментуе для «Новага Часу» маскоўскі журналіст Сяргей Кудрашоў.

— Бум сектаў з элементамі неапаганцтва — з’ява, характэрная для ўсяго свету. Што тычыцца дадзеных асобаў, то іх з’яўленне шмат у чым заканамернае. Паводле сацыялагічных апытанняў, каля 65–70 працэнтаў расіян настальгуюць па Саюзу. Гэту настальгію даўно і актыўна эксплуатуе бізнес, выкідаючы на рынак тавары з савецкім брэндамі. На лозунгах пра адраджэнне СССР будуюцца палітычныя кар’еры. Зараз тэмай зацікавіліся дэструктыўныя элементы. Цікавей тое, што вельмі часта ў «жывыя» запісваецца электарат і нават нізавы актыў КПРФ. Таму не выключана, што вар’яцтва «жывых» будзе прарывацца ў расійскае палітычнае жыццё.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!