Пейзаж перад бітвай
Упершыню ў найноўшай гісторыі Францыі дзеючы прэзідэнт не выстаўляе сваю кандыдатуру на другі тэрмін. Франсуа Аланд, абраны ў 2012 годзе ад Сацыялістычнай партыі, не стане ўдзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы. Ды і цяжка было бы гэта зрабіць з рэйтынгам 4%.
Акрамя таго Францыя зараз знаходзіцца ў глыбокім істытуцыянальны крызісе палітычных партый, гэтага "каркаса" палітычнай сістэмы Пятай рэспублікі. Паўстагоддзя да ўлады прыходзілі альбо рэспубліканцы, альбо сацыялісты. Зараз жа французскія сацыялісты патрапілі ў наймацнейшы крызіс за ўсю сваю гісторыю. Пры Аландзе Сацпартыя стала хутка губляць папулярнасць, а яе выбаршчыкі ўпадабалі альбо вельмі левыя, альбо правыя сілы. Міграцыйны крызіс у Еўропе і жудасныя тэракты (уключаючы смяротны напад 2015 году ў Парыжы) пераканалі грамадзян у правальнасці палітыкі партыі, якая сцвярджала, што толькі яна можа забяспечыць Францыі сацыяльную і эканамічную справядлівасць і, як следства, бяспеку.
Да таго ж, на думку шмат якіх французаў, сацыялісты сёння — самая буржуазная з усіх партый краіны. Нядзіўна, што традыцыйны электарат яе пакідае.

Пры такім раскладзе сацыялісту Амону даводзіцца трымаць абарону злева ад Жан-Люка Меланшона і ад Эмануэля Макрона — справа.
Фіёну жа трэба трымаць удар ад таго жа Макрона, але ўжо злева, і ад лідара праварадыкальнай партыі "Нацыянальны фронт" Марын Ле Пен — справа. Як бачым, у цяперашніх умовах і вельмі левыя, і вельмі правыя сілы Францыі пачынаюць змагацца за адзін і той жа электарат.
Па выніках апытанняў на 21 красавіка, асноўныя канкурэнты — Эмануэль Макрон і Марын Ле Пэн — ідуць амаль на роўных. Неістотна адстаюць Франсуа Фіён і Жан-Люк Меланшон.
Лідзіруе ў рэйтынгах, як і раней, Марын Ле Пэн. За яе гатовыя прагаласаваць ад 22 да 23,5% французаў. Далей — Эмануэль Макрон, які мае падтрымку 22-22,5% выбаршчыкаў. Трэццяе месца ў Франсуа Фіёна, які можа разлічваць на 19-20% галасоў; замыкае чацвёрку Жан-Люк Меланшон, за яго гатовыя прагаласаваць 17-20% грамадзян Францыі. А вось Бенуа Амон відавочна не можа прэтэндаваць на прэзідэнцкі пост. Па ацэнках сацыёлагаў, у лепшым выпадку ён зможа набраць 9% галасоў у першым туры.
"Апытанні грамадскай думкі паказваюць, што 48%
працоўных з фабрыкаў і заводаў прагаласуюць за лідэра нацыяналістаў Ле Пен, 19%
— за ўльтралевага кандыдата Жан-Люка Меланшона, 33% — за Макрона і толькі 10%
гатовыя падтрымаць сацыяліста Амона. Адваяваць галасы працоўных будзе вельмі
няпростай задачай, якую за гэтую выбарчую кампанію сацыялісты не вырашаць", — лічыць палітолаг Гель
Брюстье.
Відавочнае і верагоднае
Самы верагодны варыянт — у другі тур
выйдуць Марын Ле Пен і Эмануэль Макрон.
Пакуль усе сацапытанні паказваюць, што ў гэтым выпадку амаль напэўна
прэзідэнтам стане Макрон. Тут верагодны паўтор сцэнара 2002 году, калі ў другім
туры ўсе спужаліся Жан-Мары Ле Пэна і аб'ядналіся вакол Жака Шырака, які ў
выніку атрымаў больш 80% галасоў. Калі Марын Ле Пэн выйдзе ў другі тур, такі
сцэнар, напэўна, будзе разыграны зноў.

Але і пра "эфект Трампа" забываць не варта — і ён можа быць звязаны з постаццю Марын Ле Пэн. Мы не чакалі ні выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза, ні, тым больш, прыходу Трампа да ўлады. З Ле Пен можа адбыцца нешта падобнае хоць бы таму, што шмат якія французы канчаткова не вызначыліся са сваім выбарам. Чыннік — расчараванне ад звыклых і вядомых кандыдатаў.
Ключавы пункт праграмы Ле Пэн — змаганне з "засіллем імігрантаў і ісламізацыяй Францыі". Апроч таго, яна падтрымлівае ідэю выхаду краіны з Еўрасаюза і адмовы ад адзінай еўрапейскай валюты. Па апытаннях сацыялагічных службаў IFOP і OpinionWay, Марын Ле Пен мае мінімум 25% галасоў выбаршчыкаў. Яшчэ ёсць фактар утоенага электарату.
У Францыі ў шырокіх пластах грамадства афіцыйная публічная заява аб тым, што чалавек сімпатызуе Нацыянальнаму фронту, — гэта маветон. Многія французы саромеюцца публічна казаць аб такіх сімпатыях, але, калі яны прыйдуць да выбарчых урнаў, могуць моўчкі прагаласаваць за Ле Пэн. Таксама вядома, што ў Марын Ле Пэн шмат прыхільнікаў у паліцыі, спецслужбах, войску. Яны хоць публічна не выказваюцца ў яе падтрымку, але ёсць вялікая верагоднасць, што на выбарах прагаласуюць менавіта за Нацфронт.
Левак супраць цэнтрыста
Усякае бывае. Ёсць верагоднасць таго, што ў другі тур пройдуць Жан-Люк Меланшон і Эмануэль Макрон. Тут мы атрымліваем класічны расклад "левы супраць цэнтрыста". Меланшон абяцае забяспечыць працай кожнага, хто яе не мае, і максімальна падвысіць заробкі. Таксама ён збіраецца пайсці на адміністрацыйную рэформу з тым, каб дэцэнтралізаваць кіраванне краінай.

Вядома, Францыя — краіна з вельмі багатымі "левымі" традыцыямі. Але пры гэтым французы ганарацца і тым, што іх радзіма — адзін з двух слупоў адзінай Еўропы. Ды і досыць высокі ўзровень жыцця большасць усё ж звязвае з цэнтрыстамі. Так што ў супрацьстаянні Меланшон vs. Макрон асабіста я пастаўлю на другога.
Правы — таксама супраць цэнтрыста
Франсуа Фіён — гэта кандыдат, якога правільна было бы назваць "правацэнтрыстам". І у другім туры мы можам убачыць такую пару супернікаў: Франсуа Фіён і Эмануэль Макрон. Але пры такім раскладзе складана нават выказаць здагадку, што можа дапамагчы Фіёну перамагчы. Хіба што толькі публічная падтрымка з боку Марын Ле Пэн. Але, як я ўжо казаў, Фіён зрокся ад Нацыянальнага фронту, гэта значыць па ідэі ён павінен будзе адмовіцца ад падтрымкі Ле Пэн у другім туры. Хоць, з іншага боку, давайце ўспомнім, што паняцце "realpolitik" нарадзілася менавіта ў Еўропе.

Правы, яшчэ правей…
Што будзе, калі скрозь сіта першага тура пройдуць Франсуа Фіён і Марын Ле Пэн? А вось гэта ўжо расклад, які цалкам можа зрабіць Франсуа Фіёна прэзідэнтам. Таму што для французскага палітычнага істэблішменту ён значна больш "свой", чым непрымірымая і рэзкая ў выказваннях Марын. Нагадаю, што Фіён — сапраўдны ветэран французскай палітыкі. Сваю палітычную кар'еру ён разпачаў у 1976 годзе ў якасці памочніка дэпутата ад дэпартамента Сарта. Паступова прасоваўся па кар'ернай лесвіцы і заняў у 2002 годзе пост міністра працы. У 2007-м Фіён стаў прэм'ер-міністрам, а ў 2013-м быў абраны ў Нацыянальны сход Францыі.

Але ёсць у іх і кропка сумяшчэння: сілавікі, якім абодва кандыдаты абяцаюць павялічыць фінансаванне. Марын Ле Пэн мае намер наняць дадаткова 15 тысяч паліцыянтаў. Франсуа Фіён лічыць, што неабходна прыцягнуць яшчэ 10 тысяч сілавікоў, а таксама аб'яднаць усе структуры, што забяспечваюць парадак, і ўзброіць муніцыпальную паліцыю.
Самая вялікая інтрыга
Я быў бы гатовы заплаціць вялікія грошы, каб убачыць абліччы французскіх палітолагаў, калі ў другі тур пройдуць Марын Ле Пэн і Жан-Люк Меланшон. Ультраправы і ўльтралевы кандыдаты, прычым абодва настолькі "ультра", што іх праграмы ў выніку стульваюцца. Асноўная частка выбаршчыкаў Ле Пэн — гэта неабароненыя групы насельніцтва і працоўны клас, для якога вельмі добра працуюць абяцанні ўрэгуляваць міграцыйны крызіс і вырашыць эканамічныя пытанні. Праблема ў тым, што ўсё гэта ў роўнай меры адносіцца і да Меланшона.

Калі гэтыя двое выйдуць у фінал прэзідэнцкай гонкі, усе іншыя партыі і палітыкі наўрад ці змогуць аб'яднацца вакол аднаго і супраць другога. А значыць, шанцы на перамогу ў другім туры ў іх будуць прыкладна роўныя.