Выбары прайшлі. Інтрыга засталася

У аўторак, 6 лістапада, у ЗША адбыліся так званыя прамежкавыя выбары. Але і рэспубліканцы, і дэмакраты разглядалі іх як двубой, у выніку якога «застацца павінен толькі адзін».

Фота www.profinance.ru

У ЗША пераабіраліся 35 са 100 сенатараў, усе 435 чальцоў Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу, 39 губернатараў штатаў і тэрыторый, а таксама 6073 чальцы заканадаўчых сходаў штатаў, суддзі і чальцы саветаў школьных акругаў.

Фактычна, галасаванне нагадвала плебісцыт па пытанні стаўлення да курсу Дональда Трампа. Прычым плебісцыт з усімі прававымі наступствамі. Амаль усе кандыдаты ў дэмакраты абяцалі ў выпадку перамогі ўзняць пытанне пра датэрміновую адстаўку прэзідэнта.

У выніку «аслы» сапраўды атрымалі большасць у Палаце прадстаўнікоў, хаця дакладных лічбаў пакуль яшчэ няма. Прычым нічога падобнага не было аж з 2010 года. Таму вынікі выбараў выклікалі ў прагрэсіўных колах сапраўдную эйфарыю. Тым больш, калі ў дадатак сталі вядомыя вынікі на ўчастках, дзе быў вырашаны лёс мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Гаворка пра шэраг акругаў, дзе ў 2016 годзе нечакана перамог Трамп. Мясцовыя выбаршчыкі зноў пачалі сімпатызаваць дэмакратам.

Інфаграфіка www.bbc.com

Дадатковым фактарам для радасці дэмакратаў стала неасцярожная рэпліка Трампа, які першапачаткова назваў вынікі выбараў «фантастычным поспехам». Каментуючы тую фразу, вядучыя сатырычных праграм заклікаюць прэзідэнта прызнаць вынікі 6 лістапада «фэйкавымі навінамі».

Аднак у агульнай суме вынікі выбараў можна назваць амбівалентнымі. Прайграўшы бітву за Палату прадстаўнікоў, «чырвоныя» (чырвоны — партыйны колер рэспубліканцаў) захавалі большасць у Сенаце. На раніцу 7 лістапада яны забяспечылі сабе 51 месца са 100. Менавіта кантроль над Сенатам практычна страхуе Трампа ад імпічменту.

Акрамя таго, рэспубліканцы маюць някепскія вынікі на выбарах губернатараў, якія таксама праходзілі ў шэрагу штатаў. У тым ліку за рэспубліканцамі засталіся Флорыда, Джорджыя і Тэхас, дзе выбары былі вельмі прынцыповымі для абедзвюх партый. Дэмакраты могуць ганарыцца хіба што навінамі з Каларада, дзе іх кандыдат Джарэд Поліс, які не хаваў гомасексуальных прыхільнасцяў, стаў губернатарам.

Таму эксперты асцярожныя з прагнозамі наконт абяцанняў дэмакратаў пра хуткі імпічмент. З іншага боку, маючы парламенцкую большасць, яны прыбіраюць да сябе ўсе профільныя камітэты. Таму Трампу давядзецца, перш чым рабіць некаторыя крокі, праводзіць з дэмакратамі адпаведныя кансультацыі.

Хаця, ведаючы стыль Дональда Трампа, можна чакаць не пошукаў кансенсусу, а наадварот новай серыі супрацьстаяння. Тым больш, што па сутнасці выбары нічога глабальна не вырашылі. Яны хутчэй у чарговы раз давялі слушнасць тэзісу пра тое, што краіна  палітычна і ментальна моцна палярызаваная.

Тым не менш выбары сапраўды можна лічыць гістарычнымі. Упершыню ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэса ЗША аказаліся дэпутаткі ад дэмакратаў з нізкім сацыяльным статусам, вельмі радыкальнымі поглядамі і стаўкай на грамадскі актыў. 



У штабе Александрыі Акасіа-Картэз — самай юнай кангресвумэн у гісторыі Амерыкі — бурна адсвяткавалі яе перамогу. Фота GETTY IMAGES


Гэта перш за ўсё 29-гадовая Александрыя Акасіа-Картэз (Alexandria Ocasio-Cortez) з Нью-Ёрка і 44-гадовая Аяна Прыслі (Ayanna Pressley). Акрамя таго фракцыя дэмакратаў папоўнілася першымі ў гісторыі амерыканскага парламентарызму дэпутаткамі, якія вызнаюць іслам. А таксама прадстаўніцай індзейцаў. Такога таксама яшчэ не было. Трапіў у Палату прадстаўнікоў — таксама ўпершыню ў гісторыі — і індзеец-дэпутат. Апошні, дарэчы, перад тым, як падацца ў вялікую палітыку, лячыўся ад алкагалізму.

Паколькі ўсе пералічаныя палітыкі паходзяць з сацыяльна слаба абароненых групаў і адстойваюць іх правы, ад дэмакратаў чакаюць павароту налева. У прыватнасці, кажуць, што дэвізам партыі ў бліжэйшы час стане патрабаванне прагрэсіўнай медыцынскай рэформы. Тым больш, што выбары 6 лістапада называюць пачаткам адраджэння дэмакратаў, якім трэба вызначыцца з новым профілем.

Наўрад ці разбор палётаў 6 лістапада абмяжуецца пералічанымі вышэй тэмамі. Выбары ледзь завяршыліся, і, адпаведна, эксперты толькі пачалі аналізаваць розныя іх аспекты і выяўляць трэнды.

Нарэшце, агляд выбараў 6 лістапада будзе няпоўным, калі не згадаць, што ў аўторак таксама праходзілі мясцовыя рэферэндумы. Часам на такія рэферэндумы выносяцца вельмі экстравагантныя пытанні. Так адбылося і на гэты раз у Алабаме, дзе ўхвалілі папраўку ў мясцовы закон, які патрабуе выяўляць біблейскія дзесяць запаведзяў у афіцыйных установах, публічных месцах і школах.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-11-08 00:35:09
Пару слоў пра падзею. Для мяне яна пачалася ў пачатку жніўня, калі паглядзеў новы амерыканскі фільм у кінатэатры і фільма апынулася чыста канкрэтна прапагандонскай з боку дэмакратаў у бок рэспубліканцаў. Я быў у шоку, бо ўпершыню ў жыцці сутыкнуўся наяве з амерыканскай прапагандай унутры ЗША. Чамусьці мне казалася, што паняцце дэмакратыя (як я яе некалі ўяўляў сабе, гледзячы з СССР) гэта нешта дэмакратычнае (іншага слова не знайду). Апынулася гэта тупа БІТВА за ўладу. Бо так моцна палівалі брудам у тым фільме сваіх суграмадзян-палітычных супраціўнікаў з другога лагера. Але гэта толькі пачатак. Затым я зайшоў на амера форум па тэме дадзенага фільма, напісаў, што фільма прапаганда, што яна для тых, хто нічога не рубіць у палітыцы. Атрымаў два лайкі і шмат-шмат адмоўных каментаў. Апынулася трапіў да дэмакратаў. Я ледзь ногі ўнёс з таго форуму. Перад самымі выбарамі той форум ажыў і на ім дэмакраты ізноў рэкламавалі той фільм. То бок дэмакраты і рэспубліканцы - гэта сутнасць мы б-ч-б і ч-з
  • фцф
  • 2018-11-08 22:32:53
Дык за каго вы галасавалі?
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-10 14:17:54
Я грамадзянін Беларусі, а не Злучаных Штатаў Амерыкі, і таму не удзельнічаў у амерыканскіх выбарах.
Каментар выдалены

Каментаваць