Выбары ў Германіі: малацікавая кампанія

Сёлетняя выбарчая кампанія ў нямецкі Бундэстаг рызыкуе стаць самай прадказальнай і нецікавай за ўсю пасляваенную гісторыю.

Тэледэбаты паміж Ангелай Меркель і Марцінам Шульцам. Фота www.dw.com

Ужо цяпер вынікі галасавання, якое адбудзецца 24 верасня, амаль не выклікаюць сумневу ў пераможцы, а пасаду канцлера зноў зойме цяперашні кіраўнік ураду Ангела Меркель.

Чацвёртая перамога лідара Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) у звязцы з яе “вечным партнёрам” — Хрысціянска-сацыяльным саюзам (ХСС) Ангелы Меркель ні ў кога не выклікае сумневу, нават у яе заклятых супернікаў з Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Відаць, таму, нават за 20 дзён да выбараў, у самой Германіі амаль не назіраецца палітычнай актыўнасці. Калі не лічыць адмысловыя праграмы буйных тэлеканалаў ARD, ZDF, N-TV ды іншых ды публікацыі ў газетах ды часопісах.

Ні ў былой сталіцы краіны Боне, ні ў мегаполісе Кёльне (абодва гарады знаходзяцца ў самай густанаселенай федэральнай зямлі Паўночны Рэйн — Вестфалія) мне на ўласныя вочы не давялося ўбачыць аніводнага мітынгу альбо вулічнай сустрэчы кандыдатаў з электаратам. І гэта, як сведчаць нямецкія калегі, тычыцца ўсёй Германіі.

Чатыры гады таму аўтару гэтых радкоў давялося назіраць за выбарчай кампаніяй у Бундэстаг у Берліне ды некаторых іншых месцах. Дык вось тады палітычнае жыццё віравала — мітынгі і сустрэчы, агітацыя на кожным кроку. Цяпер — толькі партрэты кандыдатаў на слупах для абвестак.

Калегі з германскіх выданняў кажуць, што Ангела Меркель, чыёй палітыкай задаволена большасць насельніцтва ФРГ, не мае патрэбы рабіць залішнія высілкі, бо ўсе сацыялагічныя апытанні сведчаць пра тое, што яна і так захавае сваю пасаду. На сённяшні дзень партыя дзеючага канцлера набірае значна больш галасоў за эсдэкаў, а нядзельныя (3 верасня) тэледэбаты паміж асноўнымі прэтэндэнтамі на пасаду канцлера прадэманстравалі поўную перамогу Ангелы Меркель над Марцінам Шульцам (былым кіраўніком Еўрапейскага парламента) — 55% супраць 35%. Такая перавага ў вырашальных тэледэбатах — з’ява нячастая ў Германіі. 

Хутчэй за ўсё, калі ўсё адбудзецца так, як на руку цяперашняму кіраўніку ўрада, то пасля выбараў 24 верасня ў Германіі можа з’явіцца новая-старая кааліцыя — ХДС/ХСС і СвДП (Свабодная дэмакратычная партыя, то бок, лібералы), з якімі ў хрысціянскіх дэмакратаў блізкія погляды і багаты досвед супрацы ў кіраўніцтве ФРГ. Калі б выбары адбыліся заўтра, то СвДП упэўнена з 8–9% галасоў патрапіла б у Бундэстаг. І гэтага хапіла б для стварэння кааліцыі з ХДС/ХСС, а сацыял-дэмакраты чарговым разам зведалі б паразу.

Хаця ў сапраўды дэмакратычнай краіне, якой з’яўляецца Германія, у любы момант можа адбыцца ўсё што заўгодна. Самая нецікавая за апошнія дзесяцігоддзі электаральная кампанія (хоць Меркель і Шульц так не лічаць) можа выбухнуць у апошні момант немаведама чым. Тут, як адзначаюць нямецкія палітолагі, можа адбыцца нейкая бяда пад знешнім уплывам ці нешта іншае, што татальна пераверне стаўленне выбарцаў да дзеючай улады.

Але большасць аналітыкаў прытрымліваюцца меркавання, што хрысціянскія дэмакраты на чале са сваім лідарам атрымаюць упэўненую перамогу. І нават палітыка канцлера па прыёме ўцекачоў з Сірыі ды іншых рэгіёнаў планеты, няхай гэта і выклікае незадаволенасць значнай колькасці насельнікаў краіны, не зможа падарваць фундамент, на якім зараз грунтуецца цяперашняя ўлада ФРГ. Калі расце дабрабыт грамадзян, падае беспрацоўе, дык ад дабра дабра не шукаюць.

P.S.:

Дарэчы, не варта верыць страшылкам з расійскіх тэлеканалаў, калі тыя вяшчаюць пра напружанасць у Германіі ў сувязі з наплывам уцекачоў. Сведчу, што няма такой напружанасці. А немцы застаюцца такімі ж талерантнымі, добразычлівымі і ветлівымі, які і 20 ці 30 гадоў таму.

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: