Выбары ў Латвіі: прарасійская партыя сабрала менш, наперад выйшлі кансерватары

Прарасійская партыя «Згода», лідарам якой з'яўляецца мэр Рыгі Ніл Ушакоў, паводле папярэдніх даных, набірае каля 20% галасоў, што выводзіць яе на першае месца. Пра гэта паведамляе Delfi са спасылкай на даныя Цэнтрвыбаркама Латвіі.
Усяго ў сейм Латвіі па выніках выбараў павінны прайсці сем партый, якія перасягнулі пяціпрацэнтны бар'ер — «Згода» (19,91%), цэнтрысцкая KPV LV («Каму належыць дзяржава?») (14,06%), Новая кансерватыўная партыя (13,6 %), партыя «Для развіцця / За!» (12,04%), «Нацыянальнае аб'яднанне» (11,03%), «Саюз« зялёных» і сялян» (9,96%), і «Новае Адзінства» ( 6,67%).

Упершыню ў парламент патрапілі правая Новая кансерватыўная партыя і цэнтрысцкая KPV LV

Партыя «Рускі саюз Латвіі» не прайшла бар'ер і не будзе прадстаўленая ў парламенце. За яе прагаласавалі толькі 3,21% выбаршчыкаў.

Нягледзячы на перамогу, «Згода» пагоршыла свой вынік у параўнанні з выбарамі 2014 года. Тады партыя атрымала 23% галасоў і 24 месцы ў парламенце. З улікам таго, што іншыя партыі ўжо адмовіліся ад супрацоўніцтва са «Згодай», партыя зноў застанецца ў апазіцыі.

Лідар партыі Ніл Ушакоў, мэр Рыгі, неаднаразова выступаў у абарону рускай мовы. Цэнтр дзяржаўнай мовы Латвіі штрафаваў Ушакова за выкарыстанне рускай мовы ў сацыяльных сетках з улікам яго статусу прадстаўніка муніцыпальнай улады.

Найбольшую папулярнасць сярод выбаршчыкаў «Згода» атрымала на выбарчых участках для галасавання за межамі краіны, у Расіі.

Выбары ў 13-й сейм Латвіі адбыліся напярэдадні, 6 кастрычніка.


Паводле nn.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!