Дасье ў карыкатурах. Выбары ў Польшчы. Інтрыгі не будзе?

Сёння Польшча выбірае новы Сейм. Сюрпызаў быццам не чакаецца. Яшчэ год таму сацыёлагі давалі апанентам кіруючай партыі хаця б тэарэтычную магчымасць усім разам атрымаць больш галасоў, чым кіруючая «Права і Справядлівасць» (PiS). Аднак цяпер дыскусіі мясцовых аналітыкаў сканцэнтраваны толькі на падліках — з якім запасам PiS пад кіраўніцтвам Яраслава Качыньскага атрымае монабольшасць у Сейме?
Малюнак карыкатурыста Міхала Грачыка

Малюнак карыкатурыста Міхала Грачыка

Партыя Качыньскага сапраўды ўшчыльную набліжаецца да 50%-га бар'еру. Паводле апытанняў, за тыдзень да выбараў ёй сімпатызавалі 48,3% выбаршчыкаў. Калі трансфармаваць гэтыя працэнты ў галасы, то PiS можа атрымаць у Сейме 254 мандаты з 460. Такі беспрэцэдэнтны рэсурс даверу тлумачыцца эканамічнымі поспехамі Польшчы — з моманту прыходу гэтай партыі да ўлады эканамічны рост Польшчы не апускаўся ніжэй 4%. Апаненты PiS лічаць, што на самай справе гэта вынік банальнага сацыяльнага подкупу выбаршчыка ў выглядзе розных адрасных сацыяльных праграм падтрымкі накшталт «500 +1» і г.д. Карыкатурысты мясцовай апазіцыйнай прэсы любяць выяўляць выбаршчыка кансерватараў, які прадаецца за падачкі.


Малюнак Gazeta Polska

Малюнак Gazeta Polska

Галоўныя апаненты PiS з ліберальнай «Грамадзянскай кааліцыі» (СО) могуць разлічваць толькі на 26-27,7%. Гэта безумоўна слабы вынік з улікам таго, што год таму на этапе фарміравання кааліцыя (туды запісаліся ўсе апазіцыянеры) разлічвала выйграць цяперашнія выбары. Аднак фіяска на выбарах у Еўрапарламент пахавала ўвесь энтузіязм. Незадоўга да сённяшніх выбараў правадыр апазіцыі Гжэгаж Схетына прапанаваў новага кандыдата у прэм'еры — Малгажату Кідаву-Блонску. Аднак нават з улікам гэтай перамены выправіць сваё становішча апазіцыянерам не ўдалося. Аглядальнікі мяркуюць, што пакуль лібералам няма чаго супрацьпаставіць рэальным эканамічным поспехам PiS і ксенафобскай істэрыі на тэме ЛГБТ. Карыкатурысту выдання Gazeta Polska Гжегаж Схетына ў цяперашняй сітуацыі нагадвае сумнага рыбака-няўдаху, які спадзяецца яшчэ нешта злавіць.

Малюнак Вітольда Гаеўскага

Малюнак Вітольда Гаеўскага

Між тым на гарызонце фарміруецца новы апазіцыйны полюс. Упершыню ў гісторыі сучаснай Польшчы левыя знайшлі агульную мову, сфармаваўшы адзіны картэль, які разлічвае на 12 адсоткаў. З улікам таго, што ў папярэднім Сейме левай фракцыі ўвогуле не было, гэта сур'ёзны прарыў. Наогул кааліцыя «Левыя» вельмі незвычайная тусоўка, паколькі тон задаюць не былыя камуністы, а лева-ліберальная моладзь, якая арыентуецца на каштоўнасці і мадэлі еўрапейскага левага руху. Шмат у чым гэтая з’ява тлумачыцца феноменам Роберта Бедроня — першага адкрытага гея ў Польшчы, які ўзначальваў муніцыпалітэт, лідара партыі «Вясна». Увесну на выбарах у Еўрапарламент «Вясна» стала самай папулярнай левай партыяй і цяпер, падаецца, задае правілы для ўсіх польскіх левых сіл. Трансфармацыя польскіх левых ад прыхільнікаў Леніна ў абаронцаў праў ЛГБТ і кабетаў — тэма шаржа Вітольда Гаеўскага


Акрамя названых вышэй партый за магчымасць скокнуць у парламент вядуць вайну яшчэ пару структураў. Сярод іх сялянская Польская Народная партыя (PSL), якая вядзе свой летапіс аж з 1895 года і практычна не пакідала парламент пры ўсіх рэжымах, якія існавалі ў Польшчы. Таму правал на сённяшніх выбарах будзе разглядацца як гістарычны фейл. Каб прайсці ў Сейм яшчэ ўлетку сяляне пачалі блакавацца з нацыяналістамі з групы Паўла Кукіза ў рамках блока Koalicja Polska. Кааліцыі ў спіну дыхае партыя Канфедэрацыя, якая набірае ачкі на тэме пагрозы сексуальных меншасцяў. Яе прыхільнікам падаюцца недастатковымі абяцанні PiS не дапусціць гей-шлюбаў і ўсынаўлення дзяцей аднаполымі парамі. Наогул тэма ЛГБТ адна з ключавых у гэтай выбарчай кампаніі. На карыкатурах левых і ліберальных СМІ «вясёлка» (сімвал ЛГБТ) — гэта абарона ад будзь-якога негатыву.

Для правых фарбы “вясёлкі” наадварот зборны сімвал усіх негатыўных з’яў.


Так ці інакш па выніках сённяшніх выбараў «Права і Справядлівасць» стане другой партыяй у гісторыі сучаснай Польшчы, якая застанецца ва ўладзе на другі чатырохгадовы тэрмін. Куды пойдзе Польшча падчас другой кадэнцыі партыі Качыньскага? Урад у наступныя гады абяцае дамагчыся ўключэння Польшчы ў клуб краін - лідараў сусветнай эканомікі і зрабіць яе рэгіянальным лідарам. Праўда, пакуль незразумела, як пры гэтым будзе вырашацца шэраг відавочных праблем. Кансерватыўнымі і клерыкальнай рэформамі PiS настроила супраць сябе сярэдні класс аж да таго, што ў дыскусіі замацаваўся тэрмін «польска-польская вайна». Варшава таксама пасварылася з Брусэлем па пытанні судовай рэформы і знаходзіцца на парозе санкцый, што натуральна паўплывае на планы польскага ўраду. 


Зрэшты, куды б не рухацца, кансерватарам спачатку прыйдзецца замацаваць сённяшні поспех на прэзідэнцкіх выбарах, якія пройдуць вясной наступнага года. Дарэчы не выключана, што галоўным фронтменам апазіцыі будзе той самы Роберт Бедронь, які мае харызму і стварае новую палітычную атмасферу. Раней ліберальны Newsweek нават параўнаў яго выхад у вялікую палітыку з праменем сонца.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!