Выхад Вялікабрытаніі з ЕС могуць перанесці

Апошнім тэрмінам выхаду Вялікабрытаніі з Еўразвязу можа стаць пачатак ліпеня, заявіў Антоніа Таяні. Brexit без пагаднення з Брусэлем, на ягоную думку, стане катастрофай для брытанскай эканомікі, паведамляе Радыё Свабода.

Тэрмін выхаду Вялікабрытаніі з складу Еўразвязу можа быць перанесены «не больш чым на некалькі тыдняў», заявіў старшыня Еўрапарламенту Антоніа Таяні выданню нямецкай медыягрупы Funke 9 сакавіка.

Апошнім тэрмінам для Brexit можа стаць тады пачатак ліпеня, дадаў ён. Пры гэтым брытанцы «ў любым выпадку павінны назваць нам прычыну пераносу», адзначыў Таяні. Ён выказаў здагадку, што гаворка можа ісці пра час, неабходны для новых выбараў ці новага рэферэндуму.

Старшыня Еўрапарламенту асабліва падкрэсліў неабходнасць пазбегнуць «самай вялікай памылкі» — хаатычнага Brexit без пагаднення з Брусэлем. Падобная сітуацыя, на думку Таяні, стала б неспрыяльнай для Еўразвязу і «катастрофай для брытанскай эканомікі». У той жа час Таяні выключыў магчымасць перагляду ўзгодненага ў лістападзе дакумента аб выхадзе Вялікай Брытаніі з Еўразвязу.

14 лютага прэм’ер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй не змагла пераканаць парламентароў у Палаце абшчын падтрымаць яе курс па Brexit. 8 сакавіка Мэй заявіла, што калі парламент не падтрымае пагадненне ўраду аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЕС або перанясе яго, Brexit наогул можа не адбыцца.

Выхад Вялікабрытаніі з Еўразвязу запланаваны на 29 сакавіка. Бакі да гэтага часу не зацвердзілі пагадненне аб адносінах пасля выхаду.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!