
Фрагмент фрэскі
Герой Беларусі і Украіны

На фрэсцы адлюстраваны 55 герояў Украіны

Марына Сачэнка
Ідэя фрэскі Марыны Сачэнкі перамагла ў конкурсе, абвешчаным Украінскай грэка-каталіцкай царквой. Цяпер з дабраслаўлення настаяцеля храму, айца Ігара Анышкевіча, яна разам з мужам Пятром распісвае сцены капліцы.


Капліца на аскольдавай магіле
«Гэта ўмацуе нашу нацыянальную еднасць. Мы вельмі цяжка выходзім з каланіяльнага становішча — быў Майдан, цяпер вайна... Людзі ўсведамляюць, што мы моцная нацыя, моцны народ, які мае тысячагадовую гісторыю, і мы павінны ведаць сваіх герояў. Гэта трэба рабіць і візуальна, у мастацтве», — перакананая яна.
Гістарычнае месца
Гэтыя дняпроўскія схілы зьвязаныя з легендай аб забойстве кіеўскага князя Аскольда (ён таксама відаць на фрэсцы ў першым шэрагу). Мяркуецца, што князь быў тут і пахаваны, таму мясціна называецца Аскольдавай магілай. Калісьці тут быў прэстыжны некропаль, дзе знаходзілі апошні спачын вядомыя кіяўляне — філосафы, лекары, пісьменнікі, удзельнікі вызваленчай барацьбы. За савецкім часам помнікі і скляпы пазносілі, хаваць тут перасталі.

Комплекс Аскольдава магіла
Выключэнне зрабілі для героя Нябеснай сотні Аляксандра Кліцінскага (таксама адлюстраваны на фрэсцы ў чацвёртым шэрагу). Ён згарэў у 2014 годзе ў Доме прафсаюзаў у Кіеве, і хавалі яго як безыменнага героя, але пазней ягонае імя вызначылі паводле экспертызы ДНК.

Помнік героям, што загінулі на Данбасе
Цяпер гэтае месца мае статус помніка садова-паркавага мастацтва. Тут стаяць царква святога Мікалая (створаная ў 1809 годзе і перабудаваная ў савецкія часы), званіца Аскольда (на першым яе паверсе — капліца Узвіжання Святога Жыватворнага Крыжа Гасподняга, дзе ствараецца фрэска) і шэраг помнікаў у гонар герояў вызваленчай барацьбы, у тым ліку тых, хто загінуў у часе аперацый у Ілавайску, Дэбальцаве і Данецкім аэрапорце.
Будынак арандуе Украінская грэка-каталіцкая царква.

Званіца Аскольда
Новыя героі — новыя традыцыі іканапісу
Вобразы герояў Нябеснай сотні ўсё часцей выступаюць у новым украінскім іканапісе. Адным з першых, амаль адразу пасля Еўрамайдану, у красавіку 2014 года, прыкарпацкі мастак Раман Банчук прэзентаваў ікону-трыпціх «Героі не паміраюць». На ёй былі выявы 78 чалавек, якія загінулі ў часе акцый пратэсту, у тым ліку і Міхася Жызнеўскага. Мастак сцвярджаў, што напісаў карціну-ікону з дабраслаўлення духоўнага лідара Украінскай грэка-каталіцкай царквы Любаміра Гузара.
У ліпені 2017 года мітрапаліт Епіфаній, які цяпер узначаліў Праваслаўную царкву Украіны, у Міхайлаўскім Залатаверхім саборы Кіева асвяціў ікону Багародзіцы, напісаную ўкраінскім мастаком Юрыем Нікіціным. На ёй таксама былі князь Уладзімір, Іван Мазэпа і постаці, якія сімвалізуюць УПА, запарожцаў, герояў Нябеснай сотні і сучасных украінскіх вайскоўцаў.