Выродлівасць, паразіты і высокая смяротнасць: змрочная рэальнасць шатландскага ласося

Цьмяныя глыбіні шатландскай ласасёвай прамысловасці выкрытыя ў новым таемным расследаванні.

Найбуйнейшае ў гісторыі экспазэ шатландскай вытворчасці ласося выявіла пакуты ў агульнапрамысловым і эндэмічным маштабах, парушэнні заканадаўства аб абароне жывёл, а таксама шакавальную смяротнасць.

Таемнае расследаванне і суправаджальны даклад пад назвай «Падводныя клеткі, паразіты і мёртвыя рыбы: чаму мараторый на пашырэнне вырошчвання шатландскага ласося з’яўляецца неабходным», апублікаваныя 23 сакавіка 2021 года глабальнай сеткай няўрадавых арганізацый у звыш чым 30 краін на чале з дабрачыннай арганізацыяй па дабрабыце жывёл «Compassion in World Framing», раскрывае змрочную рэальнасць для многіх рыб, якія вырошчваюцца ў марскіх клетках, адкуль паходзіць сусветна вядомы шатландскі ласось.

Шатландыя займае трэцяе ў свеце месца па вырошчванні атлантычнага ласося (у 2019 годзе было вырашчана каля 35 млн. рыбы), а шатландскі ўрад падтрымлівае планы павялічыць галіну ўдвая да 2030 года. Больш за 96% вытворчасці шатландскага ласося ажыццяўляецца пяццю кампаніямі: «Mowi», «Scottish Sea Farms», «Grieg Seafood», «Scottish Salmon Company» і «Cooke Aquaculture». У перыяд з верасня па лістапад 2020 года арганізацыя «Compassion» правяла расследаванне на 22 фермах, як з выкарыстаннем беспілотнай тэхналогіі, так і — на 6 фермах — з дапамогай вадалазаў. На некалькіх з гэтых ферм было выяўлена сур'ёзнае заражэнне рыбы марскімі вошамі і высокі ўзровень смяротнасці.

Акрамя таго, аказалася, што гэтым прыродным мігрантам, набітым у змрочныя падводныя клеткі, нічога не застаецца рабіць, як бязмэтна плаваць у цеснаце да 2 гадоў. Гэтыя жывёлы пакутуюць да такой ступені, што чвэрць гіне яшчэ да таго, як іх мусяць забіць.

«Ласось моўчкі пакутуе па-за людской увагай на жорсткіх падводных фермах па ўсёй Шатландыі. Нават дасведчаныя даследчыкі былі ў шоку ад таго, што знайшлі», — сцвярджае Сафі Путрыл з арганізацыі «Compassion», якая займаецца пытаннямі дабрабыту рыб у «World Farming». «На фотаздымках можна ўбачыць ласося з дэфармацыямі і хваробамі, у некаторых адсутнічаюць вочы і вялікія кавалкі плоці і скуры, з'едзеныя марскімі вошамі. Гэта абсалютна недапушчальна.

Ласосі — разумныя істоты, яны не павінны падвяргацца такім жудасным пакутам. Мы павінны неадкладна ўвесці мараторый на фабрычнае вырошчванне шатландскага ласося».

Марскія вошы — гэта паразіты, якія сілкуюцца скурай, крывёй і сліззю рыб. Іх колькасць вырасла з пашырэннем галіны ласосегадоўлі, дзе яшчэ не існуе эфектыўнага метаду лячэння і прафілактыкі, які б забяспечыў дабрабыт рыб і быў экалагічна чысты. Метады, якія выкарыстоўваюцца сёння дзеля таго, каб пазбавіць рыбу ад марскіх вошай, уключаючы хімічныя ванны, тэрмаачышчальнік і гідралайсер, — жорсткія і неэфектыўныя. У выніку такіх захадаў шмат рыб гіне.

Развядзенне ласося шкодзіць не толькі дабрабыту жывёл, але і навакольнаму асяроддзю. Арганічныя і хімічныя адходы ферм шатландскага ласося змяняюць хімію падводных наносаў і забіваюць марскіх насельнікаў. Адходы з ферм могуць прывесці да значнага зніжэння якасці вады і шкоднага цвіцення водарасцяў. Хімічныя рэчывы і лекі — такія, як інсектыцыды, — таксама выкідваюцца ў навакольнае асяроддзе, і, як вядома, многія з іх таксічныя для рыб і іншых марскіх арганізмаў, а таксама для птушак і млекакормячых.

«"Compassion" патрабуе ўвядзення мараторыя на пашырэнне шатландскай ласасёвай прамысловасці, пакуль належным чынам не будуць разгледжаны шматлікія праблемы дабрабыту рыб і навакольнага асяроддзя, а практыка значна палепшана», — сказаў д-р Кшыштаф Войтас, кіраўнік аддзела рыбнай палітыкі ў «Compassion in World Farming». — Зыходзячы з сур'ёзнасці бягучых галіновых праблем, планы пашырэння цалкам безадказныя. 

Паколькі шмат жывёл наўрад ці вытрымае ўвесь працэс вырошчвання, нельга дапускаць павелічэння вытворчасці шатландскага ласося. Пытанні дабрабыту рыб шырока распаўсюджаны, і ў цэлым па галінах не атрымліваецца абараніць гэтых разумных жывёл».


Гадоўля шатландскага ласося багатая на праблемы дабрабыту рыбы, а таксама сур'ёзныя экалагічныя праблемы. На бягучых узроўнях вытворчасці заражэнне марскімі вошамі і хваробы выйшлі з-пад кантролю, што выклікае пакуты і пагражае папуляцыі дзікіх рыб. «Compassion» напісала адкрыты ліст да шатландскага ўрада, у якім тэрмінова патрабуе ўвядзення мараторыя на пашырэнне галіны, пакуль не будуць разгледжаны праблемы дабрабыту рыбы і экалогіі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: