Вызваліць іншапланецян!

Больш за тры мільёны амерыканцаў ужо заявілі пра сваё жаданне ўдзельнічаць у запланаваным штурме звышсакрэтнай амерыканскай ваеннай базы «Зона 51», дзе нібыта ўлады хаваюць іншапланецян.

У сёмай серыі культавага серыяла «Сакрэтныя матэрыялы» агенты Малдэр і Скалі прабіраюцца ў «Зону 51», каб стаць сведкам палёту загадкавага карабля, які вонкава нагадвае НЛА. Усё гэта, натуральна, было выдумкай сцэнарыста. Затое неўзабаве ў Дэвіда Духоўнага і Джыліян Андэрсан, якія выконваюць ролі Малдэра і Скалі, будзе шанец у рэале пазнаёміцца з таямнічай базай. Акцёрскі тандэм, а таксама іншыя зоркі Галівуду (Кіану Рыўз, Арнольд Шварцэнэгер, Чак Норыс ды іншыя) далучыліся да групы амерыканцаў, якія вырашылі штурмаваць згаданы аб’ект.

Кампанію акторам гатовыя скласці больш за тры мільёны чалавек (!). Тым больш незвычайна, што ўсё пачалося з жарту. 27 чэрвеня 2019 года нейкі Мэт Робертс стварыў мерапрыемства ў Facebook пад назвай «Штурм Зоны 51. Усіх не спыніць!». Нягледзячы на відавочна жартоўны характар тэксту (удзельнікам штурму мусяць бегчы, як персанажам анімэ і мангі, якія могуць рухацца хутчэй за кулю), мерапрыемства неўзабаве прыцягнула інтарэс з боку каласальнай колькасці людзей.

Удзельнікам штурму прапануецца прыбыць 20 верасня ў гарадок Лінкальн-Кантры, што ў штаце Невада, у 133 кіламетрах ад Лас-Вегаса. Адсюль яны паспрабуюць пракрасціся на сакрэтны ваенны комплекс, дзе ўрад ЗША нібыта размяшчае і даследуе іншапланетныя тэхналогіі. Многія ўпэўненыя, што ахова, пабачыўшы такі натоўп, складзе зброю і дапусціць людзей да ангараў на базе, дзе знаходзяцца артэфакты з іншых планет, целы прышэльцаў і, магчыма, нават жывыя іншапланецяне.

Фота NASA

Чаму людзі ўпэўненыя, што на аб’екце сапраўды хаваюць рэшткі іншапланецян? Прычыны дзве. Па-першае, «Зона 51» — вельмі сакрэтны аб’ект, што і спарадзіла мноства чутак наконт яе місіі. Трапіць на базу досыць складана, бо на трасе адсутнічаюць адпаведныя паказальнікі. База ахоўваецца спецназам, плюс маюцца шматлікія відэа- і цеплавыя датчыкі. Паветраная прастора вакол «Зоны 51» абмежаваная для палётаў. Уся інфармацыя пра аб’ект таксама пад грыфам «сакрэтна». Мімаволі ўзнікае пытанне — навошта такая таямнічасць?

Алею ў агонь падлівае тое, што над Невадай людзі часам бачаць дзіўныя агні ў небе і іншыя загадкавыя з’явы. Так, 7 траўня гэтага года над базай у ЗША праляцеў рой неапазнаных аб’ектаў. «Тэстуем новыя самалёты і беспілотнікі», — заявілі вайскоўцы, але уфолагі ім усё роўна не паверылі.

Затое яны ахвотна вераць інфармацыі навукоўцаў, якія працавалі на базе і цяпер узгадваюць розныя дзіўныя рэчы. Так, адзін сцвярджае, што «Зона 51» з’яўляецца базай іншапланецян, аддадзенай ім людзьмі для правядзення эксперыментаў. Маўляў, у амерыканскага ўрада наладжаная сувязь з імі яшчэ з 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Другі навуковец распавёў, што бачыў падчас знаходжання на базе файлы з лабараторнымі дадзенымі іншапланецян, якіх даследавалі там.

Трэба адзначыць, што ёсць катэгорыя навукоўцаў, якія таксама працавалі на базе, аднак кажуць іншае. Па іх словах, інфармацыю пра «Зону 51» хаваюць праз сістэматычнае ігнараванне на яе тэрыторыі законаў аб ахове навакольнага асяроддзя і ахове працы. Супрацоўнікі базы раней спальвалі таксічныя матэрыялы ў адкрытых траншэях, замест таго, каб арганізаваць правільную ўтылізацыю. Для ліквідацыі смецця выкарыстоўвалі рэактыўнае паліва. Гэтыя факты, а таксама таксічнае атручванне калектыву базы, намагаюцца схаваць за кошт сакрэтнага статусу базы.

Аднак гэтым заявам цяжка супрацьстаяць такому чынніку, як масавая культура. Акрамя згаданага вышэй эпізоду з «Сакрэтных матэрыялаў», тэма іншапланецян у «Зоне 51» прысутнічае ў вялікай колькасці кніг, коміксаў, серыялаў, камп’ютарных гульняў і фільмаў. Самы знакаміты з якіх, мабыць, «Дзень незалежнасці» (1996). Акрамя таго, фабулу пра прысутнасць іншапланецян на зямлі можна сустрэць у многіх іншых творах.

Нядзіўна, што так шмат амерыканцаў маральна гатовыя штурмаваць базу ў Невадзе. Улады ў адказ на анонс аб штурме «Зоны 51» паведамілі, што супраць парушальнікаў парадку будзе выкарыстоўвацца агнястрэльная і траўматычная зброя. «Любая спроба незаконнага доступу да ваенных аб’ектаў або раёнаў ваеннай падрыхтоўкі небяспечная», адзначыла прэс-сакратар ВПС ЗША.

Як бачым, развязка штурму непрадказальная. Дакладна можна сцвярджаць толькі тое, што на псіхозе вакол тэмы іншапланецян нехта ўзбагаціцца. Усе месцы ў гатэлях гарадкоў, якія знаходзяцца каля «Зоны 51», ужо забраніраваныя. Плануецца правядзенне недалёка ад базы вялізнага музычнага фестывалю. Кампаніі фаст-фуда збіраюцца напярэдадні штурму адкрыць у раёне базы свае кропкі. Па ўсёй краіне назіраецца бум папулярнасці крамаў, якія прадаюць сувенірную прадукцыю на тэму НЛА. Далей за ўсіх пайшла піўная кампанія «Bud Light», запусціўшы рэкламу, у якой іншапланецянам, якіх знойдуць на базе, абяцаюць бясплатную порцыю алкаголю.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!