Washington Post: Расійскія шпіёны ўзламалі сотні кампутараў Алімпіяды

Амэрыканская выведка абвінаваціла Расію ў кібератацы на кампутары арганізатараў Алімпіяды-2018. Пра гэта піша Радыё Свабода са спасылкай на Washington Post.
Паводле выдання, расійскія хакеры спрабавалі зрабіць так, каб сляды ўзлому вялі ў Паўночную Карэю.

У Паўднёвай Карэі пацвердзілі інфармацыю пра кібератаку падчас адкрыцця Алімпійскіх гульняў 9 лютага. Яна выклікала перабоі з доступам да інтэрнэту, сістэмаў вяшчання і афіцыйнага сайту Алімпіяды. Наведнікі не маглі раздрукаваць квіткі на цырымонію адкрыцця, і шмат месцаў на трыбунах засталіся пустымі.

Арганізатарам спатрэбілася каля 15 гадзін для прывядзення кампутарнай сістэмы ў нармальны стан.

Аналітыкі мяркуюць, што так расейцы помсцілі за нядопуск расійскай каманды на Алімпіяду праз допінгавы скандал. (Асобныя спартоўцы выступаюць пад назвай «Алімпійскія атлеты з Расіі» бяз права на нацыянальны гімн і сцяг).

Паводле крыніцаў Washington Post, атака можа паўтарыцца і падчас цырымоніі закрыцця Алімпійскіх гульняў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!