Wizz Air зноў робіць больш жорсткімі нормы бясплатнай перавозкі багажу

Венгерская бюджэтная авіякампанія абвясціла пра новую палітыку правозу багажу: ужо з 1 лістапада ўсе пасажыры будуць мець права пранесці на борт бясплатна толькі адзін прадмет ручной паклажы памерам да 40х30х20 см.

Пра гэта паведамляецца на сайце авіякампаніі. Пасажырам, якія набылі WIZZ Priority, будзе дазволена пранесці з сабой дадатковы багаж памерам 55x40x23 см.

Акрамя таго, Wizz Air уводзіць новы тып зарэгістраванага багажу вагой да 10 кг па цане ад 7 еўра пры куплі анлайн загадзя, акрамя ўжо даступных варыянтаў да 20 і 32 кг. Аплачваць багаж па новых правілах для падарожжаў пасля 1 лістапада неабходна ў выпадку пакупкі ўжо з 10 кастрычніка.

Пасажырам, якія вандруюць з 1 лістапада, але паспелі набыць квіткі да 10 кастрычніка без пакупкі WIZZ Priority, у браніраванне будзе дададзена магчымасць бясплатнага правозу зарэгістраванага багажу вагой да 10 кг. А кліентам, якія ўжо набылі паслугу правозу 20 ці 32 кг зарэгістраванага багажу, у браніраванне дададуць паслугу прыярытэтнай пасадкі.

Апошні раз палітыку правозу багажу Wizz Air мяняў у чэрвені 2018 года. Тады было абвешчана, што толькі пасажыры, якія выбралі паслугу прыярытэтнай пасадкі, змогуць узяць ручную паклажу памерам да 55x40x23 з сабой у салон самалёта. Пасажырам без прыярытэтнай пасадкі прапаноўвалася бясплатна размясціць аналагічныя па памерах сумкі ў багажным аддзяленні самалёта. Пасажыры з ручной паклажай максімальных памераў 40x30x18 см, якую можна размясціць пад сядзеннем, маглі браць яе з сабой у салон самалёта. Такім чынам, па сутнасці змены, якія пачнуць дзейнічаць з 1 лістапада, у першую чаргу закрануць багаж памерам да 55x40x23 см. Зараз за яго ў любым выпадку давядзецца даплочваць — альбо набываючы прыярытэтную пасадку, альбо аплачваючы дадаткова яго перавозку ў багажным аддзяленні. Пры гэтым будзе ўлічвацца не толькі памер багажу, але і яго вага.
Чытайце таксама:

Самалётам, цягніком, аўтобусам і нават паромам: вандруем танным транспартам па Еўропе


А вось памер багажу, які ўсё ж можна будзе бясплатна пранесці на борт, нават крыху павялічыцца — з цяперашніх 40x30x18 см да 40x30x20 см. Таксама варта адзначыць, што гэта не першы "сюрпрыз кастрычніка" ад Wizz Air. Зусім нядаўна таксама стала вядома, што авіяперавозчык абмежаваў час бясплатнай анлайн-рэгістрацыі для зваротных рэйсаў 48 гадзінамі супраць ранейшых 15 сутак.

Паводле unian.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!