WSJ паведаміў, што расійскіх дарадцаў адклiкалі з Венесуэлы. Масква гэта адмаўляе

Венесуэлу пакінулі большасць расійскіх ваенных дарадцаў, паведамляе "The Wall Street Journal" са спасылкай на крыніцу, блізкую да Мінабароны РФ.

Фота з сайта etcetera.media

Па дадзеных суразмоўцы выдання, цяпер у Венесуэле застаюцца толькі некалькі дзясяткаў ваенных дарадцаў з Расіі, у той час як некаторы час таму ў краіне працавалі каля тысячы спецыялістаў з РФ. Яны займаліся навучаннем венесуэльскіх вайскоўцаў, а таксама гарантавалі выкананне кантрактаў «Ростеха».

Крыніца WSJ мяркуе, што адкліканне ваенных дарадцаў можа быць звязана з тым, што ў Каракаса няма грошай на аплату іх працы.

Паводле крыніцы газеты, блізкай да ўрада Расіі, у дзяржкарпарацыі "Ростех" ўзважылі ўсе за і супраць ды прыйшлі да высновы, што рэжым Мадура не зможа расплаціцца па папярэдніх пастаўках з-за складанай эканамічнай сітуацыі, і, што "бітва прайграна". Адсюль, напрыклад, рашэнне не будаваць у Венесуэле прадпрыемства па вытворчасці аўтаматаў Калашнікава.

Амбасада Расіі ў Венесуэле скарачэнне колькасці расійскіх вайсковых дарадцаў адмаўляе. «Гэта — чарговая "навіна", што абсалютна не адпавядае рэчаіснасці. Праца ідзе з захаваннем існуючых абавязацельстваў, і ні пра якія скарачэннях гаворкі няма», — паведаміў РІА “Новости” амбасадар Расіі ў Венесуэле Уладзімір Заемскі.

У студзені лідар апазіцыйнага парламента Венесуэлы Хуан Гуайда абвясціў сябе выконваючым абавязкі кіраўніка краіны. ЗША і шэраг іншых краін падтрымалі Гуайда, Расія прызнае законным прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласа Мадура.

Пасля пачатку палітычнага крызісу ў Венесуэле ў краіну прыбылі некалькі груп расійскіх ваенных дарадцаў.

У расійскіх кампаній ёсць некалькі маштабных праектаў у Венесуэле. У прыватнасці, «Роснефть» займаецца здабычай нафты ў гэтай краіне, а «Ростех» будуе завод па вытворчасці аўтаматаў Калашнікава.

Паводле meduza.io, www.svoboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: