YouTube выдаліў больш за 200 каналаў з-за пратэстаў у Ганконгу

Больш за 200 акаўнтаў у відэахостынгу YouTube, якія спрабавалі аказваць "каардынаваны ўплыў" на сітуацыю ў Ганконгу адключыла кампанія Google.

"Мы адключылі 210 каналаў у YouTube, калі выявілі, што яны ў скаардынаванай манеры загружалі відэа, якія адносяцца да пратэстаў у Ганконгу", — гаворыцца ў заяве кіраўніка групы аналізу пагроз Google Шэйна Хантлі, апублікаваным у чацвер, 22 жніўня.

Адзначаецца, што заблакаваныя акаўнты выкарыстоўвалі VPN-сэрвісы і іншыя метады, каб схаваць сваю лакацыі. Кампанія нагадала, што на гэтым тыдні па аналагічных прычынах былі заблакаваныя некалькі сотняў акаўнтаў у Twitter. Тут былі выяўленыя 936 акаўнтаў з КНР, якія "наўмысна спрабавалі пасеяць палітычныя рознагалоссі ў Ганконгу".

Пра "каардынаваныя дзеянні з Кітая", накіраваныя на скажэнне сітуацыі ў Ганконгу, паведаміла таксама і Facebook. Кампанія выдаліла сем старонак, тры групы і пяць акаўнтаў, якія публікавалі фэйкавыя або абразлівыя пасты пра пратэсты ў Ганконгу.

Ганконг — спецыяльны адміністрацыйны раён — стаў часткай Кітая з 1997 года. Ганконгу гарантаваныя шырокія спецыяльныя правы: свабода прэсы, сходаў і выказвання меркаванняў. Самыя масавыя пратэсты ў Ганконгу з часу перадачы гэтай былой брытанскай калоніі Кітаю працягваюцца з 9 чэрвеня.

Пратэсты ў Ганконгу пачаліся пасля таго, як улады сабраліся дазволіць экстрадыцыю правапарушальнікаў у Кітай. Затым дэманстранты сталі выступаць за дэмакратычныя рэформы, увядзенне ўсеагульнага выбарчага права і супраць жорсткіх дзеянняў паліцыі.

Нягледзячы на намаганні кітайскіх уладаў па стрымліванні пратэстаў, яны працягваюць нарастаць. У прыватнасці, у акцыях пратэсту, якія прайшлі 18–19 жніўня, прыняло ўдзел 1,7 мільёна чалавек.

Паводле www.dw.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: