З’езд папулістаў-пераможцаў

Падчас сустрэчы ў Кобленцы лідары еўрапейскіх правапапулісцкіх партый абвясцілі пра смерць Старога свету і акрэслілі контуры новага светаўладкавання.

Тое, што еўраправыя абралі месцам сустрэчы нямецкі гарадок Кобленц, выглядае вельмі сімвалічна. Як вядома, пасля французскай рэвалюцыі горад стаў прыстанкам манархісцкай эміграцыі, цэнтрам раялісцкіх змоў супраць рэвалюцыйнага Парыжу. Адсюль у Францыю выпраўляліся эмісары, якія арганізоўвалі контррэвалюцыйныя паўстанні, тут быў цэнтр вярбоўкі жаўнераў для контррэвалюцыйных армій, у Кобленцы абмяркоўваліся планы — як спыніць рэвалюцыйны рух у Еўропе.

Прыкладна праз 200 гадоў Кобленц зноў апынуўся лабараторыяй правай стратэгіі. Тут засвяціліся такія топавыя фігуры правай сцэны ЕС, як Марын Ле Пэн (французскі «Нацыянальны фронт»), Фраўке Петры — кіраўніца партыі «Альтэрнатыва для Германіі», Герт Вілдэрс з нідэрландскай Партыі свабоды і, нарэшце, адзін з правадыроў італьянскай «Лігі Поўначы» Матэа Сальвіні.

Саміт у Кобленцы прайшоў ва ўзнятай эмацыйнай атмасферы, чаму, безумоўна, спрыялі навіны звонку. Гаворка не толькі пра інаўгурацыю Дональда Трампа, якога ўсе лічаць сваім хлопцам. Напярэдадні Марын Ле Пэн выйшла ў лідары прэзідэнцкай гонкі ў Францыі з 27 працэнтамі падтрымкі (яе асноўны апанент Франсуа Фіён мае 26 працэнтаў).

У самой Германіі выклікаў вялікі рэзананс дэмарш Эрыкі Штэйнбах — патрыярха ўрадавага Хрысціянска-дэмакратычнага саюза. Эрыка кінула парбілет на стол у знак пратэсту супраць дыктату наменклатуры Ангелы Меркель, якая навязвае партыі ліберальную павестку, у тым ліку і ў пытанні міграцыі. Наўрад ці Эрыка пагодзіцца стаць сябрам «Альтэрнатывы для Германіі», аднак канфрантацыя ў лагеры Меркель спрыяе хаосу ў мазгах правага выбаршчыка, і, як следства, пазітыўнай дынаміцы для правапапулістаў.

З улікам гэтых фактараў не дзіўна, што ўдзельнікаў саміту цягнула на прэтэнцыёзныя дэкларацыі. Так, Марын Ле Пэн канстатавала, што Стары свет памёр і ў гісторыі Еўропы пачалася новая эра. Герт Вілдэрс павіншаваў аўдыторыю з 2017 годам, які, на яго думку, будзе пазначаны ў календарах як «Год вызвалення Еўропы».

Якія абрысы ў палітычнага парадку, што ідзе на змену лібералізму? Аналізуючы змест выступаў у Кобленцы, можна казаць, што яго асноўная рыса — адмова ад праекту «Еўрасаюз». На месцы нябожчыка плануецца ўзвесці канструкцыю «Еўропа нацый», дзе будуць ужывацца як еўрапейскі патрыятызм, так і нацыянальная ідэнтычнасць. Пераводзячы на зразумелую лексіку, гаворка ідзе пра канфедэралізацыю Еўропы. Гэта, маўляў, дазволіць узмацніць дзяржаўныя інстытуты на месцах і даць годны адказ на самы маштабны сучасны выклік — праблему мусульманскай эміграцыі.

Усе іншыя аспекты анансаванай у Кобленцы мадэлі, у тым ліку адносіны з Усходняй Еўропай, застаюцца малазразумелымі. Нездарма падчас мерапрыемства паміж удзельнікамі часам выбухалі спрэчкі. Напрыклад, дыскусію справакавала заява аднаго з рэгіянальных лідараў «Альтэрнатывы для Германіі», які атакаваў палітыку культуры памяці ў ФРГ, а дакладней — прысутнасць там тэмы Халакосту. Антысеміцкія пасажы некаторых немцаў генеравалі пратэст галандцаў і французаў. Апошнія, наадварот, лічаць, што ў барацьбе з радыкальным ісламам неабходна вывучаць і развіваць вопыт Ізраіля. «Ізраіль — гэта імідж нашай будучыні», — заявіў Маркус Прэтцэль, адзін з кіраўнікоў «Альтэрнатывы для Германіі».

Абсалютна не зразумелай пакуль з’яўляецца і формула еўрапейскай постліберальнай эканомікі. Шэраг спікераў выступалі за адмову ад еўразоны, у той час як іншыя, наадварот, заклікалі рэфармаваць еўрапейскі фінансавы саюз. Прысутныя на канферэнцыі журналісты ахвотна «тролілі» ўдзельнікаў пытаннямі наконт нестыковак эканамічных праграм еўраправых партый. Напрыклад, «Нацыянальны фронт» напоўніцу эксплуатуе тэму сацыялкі і абяцае радыкальную ракіроўку эліты. А яго нямецкі партнёр — «Альтэрнатыва для Германіі», — агітуе за большую свабоду для бізнесу.

Відавочныя супярэчнасці ў эканамічнай праграме Ле Пэн і яе прыхільнікі намагаліся зняць за кошт тэзісу пра агульную тактычную задачу: не дапусціць запуску праграмы працаўладкавання арабскіх мігрантаў у Еўропе. Рэалізацыя такой праграмы, па іх словах, выракае цэлую генерацыю маладых еўрапейцаў на беспрацоўе.

Калі верыць экспертам, ідэалагічная і праграмная дысгармонія на самай справе мала цікавіць еўрапейскіх правых. Зараз яны дзейнічаюць, хутчэй, сітуацыйна. Еўраправым трэба імкліва стварыць ілюзію наяўнасці агульнага і саліднага фронту, каб прапанаваць сябе Трампу ў якасці яго будучых галоўных партнёраў на Старым кантыненце. Пасярэднікам тут можа выступіць Найджэл Фарадж, былы лідар брытанскіх нацыяналістаў, аўтар ідэі Brexit і першы еўрапейскі палітык, з якім Дональд Трамп размаўляў пасля перамогі на выбарах. Па сутнасці, ад пазіцыі Трампа шмат у чым і будзе залежаць, ці мае шанцы «новы свет», пра які так шмат казалі ў Кобленцы.

Што атрымаецца на выхадзе? Высветлілася, што 21 студзеня — у той жа дзень, калі ў Кобленцы збіраліся еўраправыя, — у 1793 годзе ўвайшоў на эшафот кароль Людовік XVI. Манарха пакаралі за змову супраць французскай нацыі, а сляды змоўнікаў вялі ў Кобленц.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: