З матэрыяламі справы па смерці Віталя Шышова зможа азнаёміцца яго блізкі сваяк

Следства ў справе па смерці прадстаўніка «Беларускага дому ва Украіне» Віталя Шышова прызнала пацярпелым бокам яго блізкага сваяка — яму і яго адвакату дазволяць азнаёміцца з матэрыяламі расследавання, піша «Радыё Свабода».

Акцыя памяці Віталя Шышова ў Адэсе


«У крымінальнай вытворчасці ў якасці пацярпелага далучылі сваяка памерлага Віталя Шышова. Таксама следчы атрымаў хадайніцтва ад яго прадстаўніка пра азнаямленне з матэрыяламі справы, якое задаволілі», — паведамілі «Свабодзе» ў прэсавай службе Кіеўскай гарадской пракуратуры.

У пракуратуры ўдакладнілі, што Бажэна Жолудзь, дзяўчына Віталя Шышова, з заявай аб далучэнні яе да справы ў якасці пацярпелай не звярталася.

«Цела аддадуць пасля правядзення экспертыз, да якіх далучылі міжнародных спецыялістаў з Літвы», — дадалі ў прэсавай службе.

26 жніўня ў Кіеўскай гарадской пракуратуры паведамілі, што выдача цела, згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Украіны, ажыццяўляецца толькі на падставе пісьмовага дазволу пракурора і толькі пасля правядзення судова-медыцынскай экспертызы ды вызначэння прычыны смерці.

Згодна з інструкцыяй, зацверджанай Міністэрствам аховы здароўя Украіны, правядзенне экспертызы павінна завяршыцца цягам аднаго месяца з дня атрымання ўсіх неабходных матэрыялаў.

18 жніўня прадстаўнікі «Беларускага дома ва Украіне» заявілі, што не могуць забраць для пахавання цела Віталя Шышова. Паводле іх, 17 жніўня супрацоўнікі морга спачатку нібыта запрасілі Бажэну Жолудзь забраць цела, а потым адмовілі і накіравалі яе ў пракуратуру.

Гібель Віталя Шышова. Што вядома?

Адзін з заснавальнікаў «Беларускага дома ва Украіне» Віталь Шышоў прапаў раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся з Беларусі ўвосень 2020 года. Паводле сяброў, ранкам ён, як звычайна, пайшоў на прабежку і не вярнуўся.

Шышоў быў адміністратарам тэлеграм-канала «Беларускі дом ва Украіне», таксама адміністраваў сайт арганізацыі. Рыхтаваў у Кіеве акцыі, звароты, здымаў і мантаваў відэа з акцый. Дапамагаў уцекачам з Беларусі харчамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансерам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.

Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Святошынскім парку Кіева непадалёк ад яго дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дома ва Украіне», якія раніцай аднавілі пошукі. На твары Шышова былі сляды збіцця, прызначана экспертыза.

Былы міністр замежных спраў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасць, што Шышова забілі спецслужбы Беларусі, і задаў пытанне, ці могуць украінцы давяраць сваім спецслужбам, калі тыя не могуць прадухіліць замахі на праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі, якія ратуюцца ад пераследу ва Украіне.

Тады ж кіраўнік аддзела расследаванняў «Bellingcat» Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазіцыйныя беларускія структуры ва Украіне інтэграваліся супрацоўнікі расійскага ФСБ пад прыкрыццём; ён таксама не выключыў, што Шышова менавіта забілі.

Прадстаўнік «Беларускага дома ва Украіне» Юрый Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дома» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Украіну прыязджаюць прадстаўнікі беларускіх спецслужб «для фізічнага знішчэння нашых актыўных чальцоў».

Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён не раз заўважаў за сабой сачэнне.

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзве асноўныя версіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваннем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленнямі пра сачэнне за сабой у паліцыю ніколі не звяртаўся.

Дзяўчына Шышова Бажэна Жолудзь, якая паходзіць з Рэчыцы, прыгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуванні. Таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя — як высветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: