«З мяшком на галаве». Невядомыя вывезлі з Расіі юрыста ФБК Навальнага беларуса Уладлена Лася

Юрыста Фонду барацьбы з карупцыяй беларуса Уладлена Лася ўчора невядомыя вывезлі на мяжу з Беларуссю.

Пасля гэтага, па яго словах, ён даехаў да аэрапорта і пакінуў краіну. Падрабязнасці ён распавёў у сваім відэазвароце.

Уладлен Лось скончыў юрфак БДУ па спецыяльнасці «паліталогія», а таксама магістратуру Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве. У штабе Навальнага ён працуе з 2013 года, нагадвае TUT.BY.

Уладлена Лася затрымалі ў чацвер у Маскве, уручылі апавяшчэнне аб неабходнасці пакінуць Расію да 25 студзеня і забаранілі ўезд у РФ да 27 лістапада 2023 года. Потым на яго склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне супрацоўніку паліцыі і арыштавалі на тры дні. Пасля адбыцця арышту яго зноў затрымалі і ніхто не мог яго знайсці. Калегі нават вырашылі падаваць заяву аб выкраданні чалавека.

Але сёння ўвечары Уладлен Лось выступіў з відэазваротам, у якім распавёў, што з ім адбылося за гэтыя суткі.

Па словах Лася, яго затрымалі невядомыя людзі ў цывільным, закавалі ў кайданкі, надзелі мяшок на галаву, пагрузілі ў бус і каля 10 гадзін везлі ў бок беларускай мяжы. Ён распавядае, што пасля паўночы яму сказалі, што ён парушыў тэрмін выезду з Расіі да 25 студзеня і таму яму забаронены ўезд у РФ цягам пяці гадоў.

Лось меркаваў, што яго могуць затрымаць беларускія сілавікі, але гэтага не адбылося. Па словах юрыста, яго «суправадзілі» да аэрапорта і ён пакінуў Беларусь. Зараз Уладлен Лось знаходзіцца ў бяспечным месцы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: