З панядзелка ў Польшчы адновяць працу гатэлі і гандлёвыя цэнтры

Пачынаючы з наступнага панядзелка, 4 траўня, у Польшчы адновяць працу гатэлі і гандлёвыя цэнтры. Такія загады ў межах другога этапа зняцця абмежаванняў, уведзеных у сувязі з эпідэміяй каронавіруса.
Пра рашэнне ўрада паведаміў прэм'ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі. Паводле яго слоў, зняцце абмежаванняў заклікана аднавіць эканамічнае жыццё краіны.

«Мы перакананыя, што нам удалося ўсталяваць пэўны кантроль над эпідэміяй каронавіруса. У той жа час мы не можам быць упэўненыя ў тым, што цалкам кантралюем вірус. Мы не ведаем, чаго можна чакаць праз месяц-два-тры. Мы павінны дзейнічаць асцярожна і эластычна, таму мы паслядоўна адкрываем эканоміку, пры гэтым мы ніколькі не саслабляем нормаў бяспекі і сацыяльнага дыстанцыявання», — адзначыў польскі прэм'ер.

Матэуш Маравецкі таксама паведаміў, што з 4 траўня будуць адкрыты некаторыя музеі і бібліятэкі, якія змогуць адпавядаць санітарным нормам ва ўмовах эпідэміі, а таксама спортпляцоўкі, на якіх змогуць займацца да 6 чалавек. Па рашэнні ўрада, таксама з 6 траўня адновяць працу яслі і дзіцячыя сады.

Адначасова Польшча заявіла аб працягу закрыцця межаў для замежнікаў, паведамляе радыё RMF24 са спасылкай на МУС і адміністрацыю краіны.

Абмежаванні, звязаныя з пандэміяй, працягнулі яшчэ на 10 дзён: з 4 па 13 траўня.

Трапіць у Польшчу могуць толькі грамадзяне краіны і замежнікі, якія з'яўляюцца мужам i жонкай ці дзецьмі польскіх грамадзян, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, члены іх сем'яў і некаторыя іншыя катэгорыі асоб.


Паводле belaruspartisan.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: