«З задавальненнем пакінем беларускіх студэнтаў у нас». Польшча адказала Лукашэнку

Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы гатова пакінуць у сябе выпускнікоў з Беларусі, калі яны сутыкнуцца з цяжкасцямі пры пацвярджэнні сваіх дыпломаў на радзіме.

Акцыя салідарнасці беларускіх студэнтаў у Варшаве


Сёння тэлеграм-канал ТАСС перадаў словы Лукашэнкі пра тое, як ён адкажа на заходнія санкцыі. У прыватнасці, скарыстаўшыся другой хваляй захворвання каронавірусам, Лукуашэнка паабяцаў увесці двухтыднёвы каранцін для тых, хто прыязджае з Захаду. А таксама ён заявіў, што студэнты з Беларусі, якія атрымалі адукацыю за мяжой, будуць павінны пацвярджаць свае дыпломы ў Беларусі.

«Са здзіўленнем прачыталі заяву спадара Лукашэнкі. Ён, мабыць, не ведае, што польскія ўніверсітэты даюць сваім выпускнікам вельмі якасную адукацыю, якая катыруецца ва ўсім свеце. Доказам гэтаму той факт, што дыпломы польскіх ВНУ прызнаюцца ў ЗША і краінах Еўрасаюза. Прычым, гаворка пра такія складаныя спецыяльнасці як медыцына, эканоміка, інфарматыка», — цытуе РИА Новости прадстаўніка міністэрства.

Па словах суразмоўцы агенцтва, калі заявы Лукашэнкі набудуць заканадаўчую сілу, беларускія выпускнікі польскіх ВНУ самі не захочуць вяртацца на радзіму. А Польшча ад гэтага толькі выйграе.

«Мы з задавальненнем іх тут пакінем, бо толькі выйграем, атрымаўшы адукаваных спецыялістаў. Некалькі гадоў правучыўшыся ў нашай краіне, яны ўжо добра валодаюць польскай мовай, інтэграваліся ў грамадства, большасць пачынаюць працаваць яшчэ падчас студэнцтва», — адзначыў супрацоўнік ведамства.

Агульная колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы выключна расце. У 2012 годзе ў ВНУ гэтай краіны навучалася 2344 чалавек, у 2013-м — 3220, у 2014-м — 3955, у 2015-м — 4555, у 2016-м — 5023, у 2017-м — 5980, у 2018-м — 7485. З улікам таго, што польскі ўрад ухваліў дадатковыя квоты на прыём навучэнцаў з Беларусі, сёлета статыстыка можа быць яшчэ большай.

Паводле Радыё Свабода



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: