«За маё жыццё ніхто не дасць і тры капейкі». Чаму Навальны — будучы прэзідэнт Расіі

Галоўны апанент Пуціна нічога не баіцца, нікуды не спяшаецца і не імкнецца падабацца ўсім. Гэты тэкст — для тых, хто прагне перадыху ад змрочнай беларускай рэчаіснасці.

Фота РБК

Фота РБК

У суботу яго чарговы раз судзілі, прычым адразу двойчы. Спачатку адфутболілі апеляцыю на замену ўмоўнага тэрміну рэальным, а потым упаялі буйны штраф нібыта за абразу ветэрана Вялікай Айчыннай.

І тое, і другое было цалкам прадказальным, бо расійскія суды даўно ходзяць парай з беларускімі. І сам Аляксей Навальны гэта таксама выдатна разумеў. Аднак ні разу не сумеўся — і працягнуў гнуць ранейшую лінію абароны. Такую яскравую і зацятую лінію, што рэдка пабачыш ад чалавека, якому заўтра ў турму і надоўга.

Самы смелы палітык Расіі

Па сутнасці, усе судовыя працэсы ён ператварыў у палітычнае шоу. І даваў са сваёй лавы падсудных такога вербальнага коксу, што супрацьлеглды бок часам дранцвеў разам з суддзёй. «Не перабівайце мяне, бо я вас выдалю,» — казаў ён чалавеку ў чорнай мантыі. «Вы выкарыстоваеце яго як куклу, дайце яму легчы і зняць маску,» — дакараў родных састарэлага ветэрана, які зачытваў паказанні па паперцы, пакуль яму не стала блага. «Можна кагосьці ў «Макдоналдс» адправіць?» — запытваў у залі, калі аб’явілі перапынак.

«Тут не мітынг, а працэс,» — не вытрымлівала суддзя, калі абвінавачаны браў высокую ноту і выходзіў на небяспечныя абагульненні. Тады ад яго чулася нечуванае для судовых пасяджэнняў: і пра «жулікаў і злодзеяў», і пра «халуёў і здраднікаў» — і шмат пра што яшчэ. Напрыклад, пра «маленькага зладзеяватага чалавечка ў бункеры» , паводле фобій і комплексаў якога і ўчынены гэты цырк у духу твораў Сухава-Кабыліна.

Безумоўна, такія дзёрзкія паводзіны ў судзе, дзе вырашаецца твой лёс на бліжэйшыя гады, маглі б падацца вар’яцтвам. Здаецца, да пэўнай ступені, яны ім і былі, бо Навальны — чалавек куражу. Але яшчэ ён — чалавек грандыёзнай мужнасці, і гэта, бадай, ці не галоўнае, што хорам адзначалі аглядальнікі пасля таго, як малаток Феміды грукаў па стале.

«Самы смелы палітык сёняшняй Расіі», — казалі на «Рэха Масквы», маючы на ўвазе не толькі апазіцыянераў. «Гэты выступ — для суда гісторыі», — пісаў журналіст Півавараў, маючы на ўвазе палымяную прамову падсуднага перад першым прыгаворам.

А той толькі падпускаў куражу. То паказваў сэрцайкі жонцы Юліі, у вачах якой чытаўся страх за лёс мужа. То заспакойваў і яе, і ўсіх прысутных, агаломшаных ягонай бясстрашнасцю, за якую прыйдзецца вельмі дорага заплаціць. «Што вы ўсе такія сумныя? Што вам распавесці цікавага? А! Я засаліў агуркі. Атрымаў велізарная колькасць рэцэптаў. І доўга не мог зразумець, у чым іх саліць. Ну, у мяне проста мазгоў не хапіла, што агуркі можна саліць у пакеце. У выніку я ўзяў пакет і засаліў агуркі. Паглядзім, што атрымаецца. Рэцэпт досыць просты».

Сказаў гэтак — і праз паўгадзіны выступаў з чарговым апошнім словам, якое сеціва хутка парвала на цытаты. «15 лайдакоў-ахламонаў» — гэта пра следчых. «Адзін чучундрык» — пра таго, хто напісаў заяву пра абразу. Ну, і чарговы раз пра суддзю і Пуціна, каб ім мала не падалося: «Вы гатовыя абслугоўваць гэтага вялізнага кныра, які засунуў галаву ў нафтадолары».

Зрэшты, хопіць цытат з залі суда, іх лёгка знайсці ў рунэце. Пара і тут перайсці да абагульненняў, якія сведчаць пра светлую будучыню палітыка Аляксея Навальнага. Пры ўмове, канешне, што ў зняволенні з ім нічога не здарыцца. Сам ён гэта выдатна разумее: «За маё жыццё ніхто не дасць і тры капейкі, але я працягну змагацца…»

Будзе сядзець

Варта разумець, што судовыя паводзіны Аляксея Навальнага — гэта не сведчанне адчаю ці форма самазнішчэння. Гэта асэнсаваная палітычная лінія, якая ёсць працяг яго гусарскай, рызыкоўнай натуры. Тое станавілася відавочным паступова — калі заснавальнік Фонда барацьбы з карупцыяй грэбаваў элементарнымі правіламі бяспекі і ўсё здымаў і здымаў фільмы, оптам і ў розніцу выкрываючы махлярствы пуцінскага атачэння. Тое зрабілася відавочным канчаткова — калі, атручаны «Навічком», ён выкараскаўся з комы ў Германіі, а потым спачатку вярнуўся ў Расію, а затым выклаў у сеціва магутную дакументалку пра пуцінскі палац у Геленжыку.

Калі самалёт авіякампаніі «Перамога» 17 студзеня кіраваўся з Берліна ў Маскву, везучы на борце Аляксея і Юлію Навальных, за гэтым рэаліці-экшнам назіраў ледзь не ўвесь свет. І свет той разумеў, што апазіцыйны палітык ляціць наўпрост на нары — і амаль у адзіным парыве круціў пальцам ля скроні.

Але ж не, Навальны не крэйзі-мэн, якому ад няма чаго рабіць раптам захацелася згнаіць сябе ў турме. Яго вёў у пастку інстынкт — інстынкт «палітычнай жывёлы», якая проста не можа зрабіць інакш.

Так, лідар ФБК — палітык у спрадвечным сэнсе слова. То бок чалавек, які свядома змагаецца за адно — за ўладу. Канкрэтна — за пасаду прэзідэнта Расіі. Такую амбіцыйную мэту ён акрэсліў перад сабой даўно і цяпер упарта да яе ідзе, гатовы ахвяраваць многім — здароўем, свабодай і нават жыццём.

І як бы не зневажалі яго «добразычліўцы» — як з пуцінскага лагеру, так і з ліку «сістэмнай апазіцыі» — як бы ні называлі «блогерам» ці «персанажам» — шлях ён прайшоў ужо вялікі. Яго Фонд — гэта сёння амаль партыя, са штабамі па ўсёй Расіі. Яго «Разумнае галасаванне» — эфектыўнае вынаходніцтва супраць электаральных фальсіфікацый, якое бяруць на ўзбраенне нават камуністы. Яго ютуб-ролікі — гэта заўсёды сенсацыі са шматмільённымі праглядамі. Яго таўро «Партыя жулікаў і зладзеяў» прыліпла да кіруючай «Адзінай Расіі» як лазневы ліст — не аддзярэш.

У 2011-м, калі ўсё толькі пачыналася, але Навальны ўжо быў заўважнай фігурай падчас мітынгаў на Балотнай, яго рэйтынг пазнавальнасці вагаўся на мяжы статыстычнай пагрэшнасці — 6 працэнтаў. Сёння яго ў Расіі ведаюць усе — і адкрыта называюць галоўным супернікам Пуціна.

З такім досведам, вяртаючыся на радзіму з Германіі, ён, вядома, разумеў прынамсі дзьве рэчы: што ўлады не пакінуць яго на свабодзе і што вулічныя пратэсты не змогуць дамагчыся яго вызвалення. Так і адбылося — Расія не гатовая сёння пратэставаць і прагнуць свабоды так, як Беларусь, запускаючы ў грамадстве незваротныя працэсы. Расіяне яшчэ не зжылі ментальнасць падданых — і яшчэ не неабылі самасвяомасць грамадзян. Таму і пратэставалі гэтай зімой малой колькасцю і зусім нядоўга. Таму і ўтаймаваліся хутка, атрымаўшы дручкоў АМАПу і хутка вярнуўшыся да звыклага пакорлівага існавання.

Навальнага гэта не здзівіла — і аніяк не змяніла яго паводзінаў на судовых пасяджэннях. Атрымліваючы прысуд за прысудам, ён заховаў зайдросную бадзёрасць і дзіўны аптымізм. Бо ўсё, што адбываецца, цалкам чакана. Як і тое, што яму прыйдзецца адседзець. А адседзець — ён гатовы.

Чувак у чырвоных красоўках

Навальны будзе сядзець 2,8 года, аднак гэты час не будзе страчаным. Наадварот — час цяпер працуе на яго.

Нібыта галоўная небяспека — што пра знакамітага палітзэка на волі банальна забудуцца — моцна перабольшана. Забыцца не дадуць яго адданыя паплечнікі, што не так складана ў эпоху віруснага распаўсюду інфармацыі. Не дасць жонка Юлія, гатовая працягваць справу мужа. Дый сам ён яўна прадугледзеў сваю сувязь са знешнім светам аб гэтую пару зняволення. Прынамсі з СІЗА рэгулярна дасылаў звесткі і звароты — і ўсё з тымі самымі жартамі накшталт «я тут не п’ю самагон, не аб’ядаюся рафаэлкамі і не маю намеру павесіцца на аконнай рашотцы».

Галоўнае як раз у іншым. Як Аляксандра Лукашэнку называюць прэзідэнтам АМАПу, так Аляксея Навальнага клічуць прэзідэнтам ціктокераў. І ў дадатак абвінавачваюць у тым, што ён правакуе на ўдзел ў мітынгах непаўнагадовых школьнікаў.

На мове сацыялогіі гэта азначае тое, што электарат Навальнага — гэта пераважна моладзь, і з кожным годам, які палітык правядзе ў казённай робе, моладзі ў Расіі будзе падрастаць усё болей. Хто-хто, а яны — хлопцы і дзяўчаты з пакалення інстаграма і цік-тока — дакладна захопленыя Навальным. Яго мужнасцю, на якую не здатныя ўсе гэтыя таўстапузыя жырыноўскія. Яго сучаснасцю і тэхналагічнасцю, ад якіх так далёкі 68-гадовы Пуцін. Яго харызмай і энергетыкай, якую імкліва страчваюць замшэлыя крамлёўскія герантакраты.

З гэтай арыентаванасці на новыя генерацыі вынікае ключавы, бадай, феномен галоўнага апазіцыянера Расіі. Траслюючы ў наваколле свой катэгарычны дыскурс, ён не імкнецца нікому спадабацца. Падбудавацца пад электаральныя чаканні і патрабаванні — чым грашаць палітыкі ва ўсім свеце, заблытваючыся ў супярэчнасцях і крывадушшы і несучы іміджавыя выдаткі. Навальны застаецца самім сабой — такім, якім ён ёсць. Яго не турбуе, што ягоныя выказванні і каштоўнасці не ўхваляюць цэлыя пласты расіян. Што ён не адпавядае надзённым ўпадабанням сёняшніх выбарцаў. Навальны глядзіць далёка наперад — і, па сутнасці, планамерна гадуе сваю аудыторыю.

У ютубе яна ўжо даўно выгадаваная — пасіянарная, актыўная, шматмільённая. Нездарма, менавіта Навальны  ўжо цяпер — самы звагдваны ў сеціве палітык Расіі. Справа за афлайнам, дзе цяжэй і марудней, але ж і час ёсць. Аляксею Анатольевічу ўсяго 44, аднак па духу ён і таго маладзейшы — са сваім вобразам чувака ў чырвоных красоўках, хіпстарскай сарочцы з закасанымі рукавамі і вясёлымі сторыз у інстаграме, дзе 4,2 мільёны падпісчыкаў і шмат майстэрскіх сэлфі.

Фота «РИА Новости»

Таму ён так лёгка атакуе ў судзе ветэрана ВАВ, не баючыся чапаць «святое». Таму ён адкрыта кпіць са сведкі-пенсіянеркі, якая ні чарта не цяміць у інтэрнэце. Нічога страшнага. Бо недзе ў гэтыя самыя хвіліны ў яго імкліва набягае падтрымка сярод моладзі, якой надзвычай імпануе смеласць гэтага інсургента з двумя вышэйшымі адукацыямі.

Ён шмат чым імпануе маладым з іх максімалізмам і прагай да справядлівасці. Тым, што адчайна і самаахвярна змагаецца з карупцыяй. Што не губляе пры гэтым аптымізму, лёгка ўзгадвае Гары Потэра і цытуе Рыка Санчэза — героя папулярнага мультсерыяла. І нават калі ў апошнім слове на судзе, перад тым як надоўга адправіцца па этапу, звяртаецца да Бібліі, гэта гучыць зачаравальна.

«Трэба змагацца не столькі з тым, што Расія несвабодная, а што яна па ўсіх напрамках няшчасная. У нас усё ёсць — але мы няшчасная краіна. Адкрыйце рускую літаратуру — адны апісанні няшчасця і пакут. І не можам мы вырвацца з гэтага кола, а вырвацца хочацца. Таму лозунг трэба змяніць —Расія павінна быць не толькі свабоднай, але і шчаслівай. Расія будзе шчаслівай,» — гэтымі словамі ён скончыў учорашні апошні выступ. І сышоў пад канвоем туды, адкуль вернецца толькі напрыканцы 2023-га. І дзе будзе дзейна чакаць, калі парасткі дадуць усходы.

Палітычная жывёла з вострым інстынктам улады і ясным ўсведамленнем сваёй місіі, Аляксей Навальны гатовы чакаць столькі, колькі трэба.


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: