За пяць гадоў у свеце загінулі і прапалі без вестак больш за 32 тысячы мігрантаў

У 2014–​2018 гадах у Міжземным моры загінулі або зніклі каля 18 тысяч чалавек. Целы амаль дзвюх трацін гэтых ахвяраў так і не былі знойдзеныя, піша «Радыё Свабода».

Больш за 32 тысячы мігрантаў загінулі або прапалі без вестак у 2014–​2018 гадах, прычым самая вялікая колькасць смяротных выпадкаў адбылася на шляху з Паўночнай Афрыкі ў Еўропу праз Міжземнае мора, паведамляе «Голас Амерыкі» са спасылкай на дадзеныя Міжнароднай арганізацыі міграцыі (МАМ).

Міграцыйнае агенцтва ААН адзначае, што сабраныя па ўсім свеце звесткі недаацэньваюць сапраўдныя маштабы праблемы, бо пра многія выпадкі гібелі мігрантаў ніколі не паведамляюць, а многія целы так і не знаходзяць. Тым не менш апублікаваная статыстыка малюе вельмі змрочную карціну для сотняў тысяч уцекачоў і мігрантаў, якія смяротна рызыкуюць, выпраўляючыся ў шлях у пошуках абароны або лепшага жыцця.

У дакладзе МАМ гаворыцца, што за названы перыяд у Міжземным моры загінулі або зніклі каля 18 тысяч чалавек. Целы амаль дзвюх трацін гэтых ахвяраў так і не былі знойдзеныя. Пераважную большасць з 2200 мігрантаў, якія загінулі ў Паўднёва-Усходняй Азіі, складаюць уцекачы рагінг’я, а большасць з 288 смяротных выпадкаў у Паўднёвай Азіі прыпадае на мігрантаў з Аўганістану.

Нядаўні супольны даклад МАМ і ЮНІСЕФ на тую ж тэму прысвечаны ўсё большай колькасці дзяцей, якія становяцца мігрантамі і выпраўляюцца ў небяспечны шлях.

Сабраныя звесткі паказваюць, што ў перыяд з 2014-га па 2018 год загінулі або прапалі без вестак каля 1600 дзяцей — у сярэднім прыкладна па адным у дзень. Даследнікі адзначаюць, што сапраўдныя маштабы гэтай трагедыі невядомыя, паколькі ў многіх выпадках гібель дзяцей мігрантаў нідзе не рэгіструецца.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!