За што Бог пакараў французаў?

Шмат французаў і хрысціян успрынялі пажар як пакаранне або знак вышэйшых сілаў.

Фота www.sputnik.by

Калі гарыць галоўны хрысціянскі храм краіны, ды яшчэ напярэдадні Вялікадня, ды яшчэ па не высветленых і цяпер прычынах, у гэтым міжволі спрабуюць знайсці метафізіку, глабальнае пасланне, паколькі такога буйнога пажару ў гісторыі Нотр-Дама яшчэ не было.

Закладзены ў ХІІ стагоддзі, храм перажыў Вялікую французскую рэвалюцыю і дзве сусветныя вайны. Прычым, часам комплекс захоўваўся амаль цудам. Напрыклад, у часы рэвалюцыі Рабесп’ер запатрабаваў з парыжан выкуп за захаванне «бастыёну цемрашальства». Атрыманыя грошы павінны былі пайсці на падрыхтоўку рэвалюцый у замежжы. Выкуп быў выплачаны, і сабор пакінулі ў спакоі.

І пасля ўсяго гэтага 15 красавіка 2019-га сабор атакавала полымя такой сілы, што гарэлі галоўны фасад і шпіль. Не дзіўна, што гэтая сцэна дала штуршок для самых смелых версій.

Хапае, натуральна, і вар’яцкіх думак. Напрыклад, расійскія ўра-патрыёты трактавалі пажар як помсту за падпал Напалеонам Масквы ў 1812 годзе. А польскі сатырычны часопіс «Nie» бачыць першапрычынай катастрофы падзеі восені 1939-га, калі французы, насуперак дамоўленасцям, не прыйшлі на дапамогу палякам, якіх атакаваў Гітлер. Прыхільнікі Парашэнкі звязваюць пажар з дэманічнай фігурай Уладзіміра Зяленскага, які напярэдадні пажару меў у Парыжы рандэву з Макронам.

Аднак гэта — маргінальныя тэорыі. У трэндзе высновы некаторых каталіцкіх публіцыстаў. На іх думку, пажар стаў знакам-напамінам пра рэгрэс у Францыі хрысціянскіх каштоўнасцяў. Адразу ўзгадалі, што менавіта перад галоўным алтаром Нотр-Дама ў 2013-м скончыў жыццё самагубствам вядомы французскі гісторык, які такім чынам пратэставаў супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў. А паколькі парыжскі сабор мае статус аб’екта агульнаеўрапейскай культурнай спадчыны, папулярная версія пра тое, што пажар у Парыжы — напамін усім хрысціянам пра пагрозу існавання іх цывілізацыі.

Дарэчы, сімвалічна, што напярэдадні пажару былы Рымскі Папа Бенедыкт заклікаў распачаць крыжовы паход супраць спадчыны 1968 года — буйной культурнай трансфармацыі на Захадзе, якая прынесла з сабою сексуальную рэвалюцыю і альтэрнатыўны лад жыцця.

Больш сур’ёзныя выданні намагаюцца ігнараваць версіі пра метафізічны падтэкст пажару, аднак нейкі сімвалізм у тым, што адбылося, яны дапускаюць. Нямецкая газета «Suedeutsche Zeitung» піша пра заняпад іміджу Парыжа як сталіцы мастацтва і кахання. Цяпер ён будзе выклікаць асацыяцыі са спаленым саборам, буйнымі тэрактамі ісламістаў і вулічнымі беспарадкамі «жоўтых камізэлек».

А амерыканская «New York Times» пабачыла ў полымі Нотр-Дама сімвалічнае заканчэнне нейкага этапу французскай гісторыі. Сапраўды, крызіс у грамадстве, праявай якога сталі згаданыя пратэсты, вымагае ад палітыкаў шукаць новыя прынцыпы агульнай грамадзянскай дамовы. Праўда, пакуль палітыкі дзейнічаюць роўна наадварот. Макрон намагаецца рабіць піяр на праекце аднаўлення храма. Яго апаненты нагадваюць, што адміністрацыя Макрона пагадзілася выдаткаваць толькі два мільёны еўра з астранамічнай сумы, патрэбнай на комплексную рэканструкцыю храму. Дарэчы, апошнія сацыялагічныя замеры сведчаць, што прэзідэнт Францыі не здолеў палепшыць свой рэйтынг за кошт абяцанняў «адбудаваць Нотр-Дам».

Ёсць яшчэ адна катэгорыя ўдзельнікаў дэбатаў наконт трагедыі сабора. Гэта група гісторыкаў, якія заклікаюць не ўспрымаць усё так балюча. На самай справе, нешта падобнае ў гісторыі ўжо здаралася. Хаця такіх моцных пажараў у храме не было, рэканструкцыі, што мелі месца пры Людовіку XIV і Людовіку XV, можна параўнаць з маштабным рамонтам, якому папярэднічала буйная аварыя. Пасля эры рэвалюцый і войнаў Напалеона, прыкладна ў 1830 годзе, комплекс выглядаў настолькі старым, што сталічная мэрыя ўсур’ёз абмяркоўвала пытанне яго дэмантажу. Шмат у чым ад ідэі адмовіліся праз папулярнасць славутага раману Віктора Гюго, які пабачыў свет у 1831 годзе. Прыкладна да 1840-га былі знойдзеныя грошы на пачатак рамонту катэдры. Так што рэканструкцыі для такіх аб’ектаў, як Нотр-Дам, — шмат у чым справа дзяжурная.

Тут варта ўзгадаць пра іншы Нотр-Дам, што ў Рэймсе. Штогод мільён турыстаў наведваюць гэтую царкву, дзе каранаваліся французскія манархі. Пры гэтым мала каго з наведвальнікаў цікавіць, што ў часы Першай сусветнай вайны храм быў цалкам знішчаны. Тады таксама актыўна шукалі ў гэтым факце глыбокі сімвалізм, аднак пасля таго, як комплекс адбудавалі з нуля, пошукі прыпыніліся.

Праўда, ёсць адна праблема. Падаецца, што адбудаваны Нотр-Дам не будзе падобны да арыгіналу. Прынамсі, шмат архітэктурных бюро прапануюць розныя смелыя варыянты рэканструкцыі. Напрыклад, зрабіць на даху пляцоўку для агляду, а сам дах — са спецыяльнага шкла, што дазволіць асвятляць унутраныя памяшканні сабора. Пра офісныя пляцоўкі пад арэнду, буцікі і кавярні ў новым Нотр-Даме нічога пакуль не пішуць, аднак выключаць гэтага нельга.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: