Тыбет як «чорная метка» Кітаю

На палітычнай мапе свету чакаюцца змены. Рэспубліканец-дэпутат Скот Перы падаў у Кангрэс ЗША законапраект: «Даць права прэзідэнту ЗША прызнаць Тыбет, аўтаномны раён Кітайскай Народнай Рэспублікі, у якасці асобнай незалежнай дзяржавы».

Адзін знаёмы айчынны палітык неяк распавёў кур’ёзны выпадак, што здарыўся на досвітку незалежнасці, пра візіт у Мінск высокапастаўленага чыноўніка з Пекіна. Яго прыезд натхніў беларускіх аматараў будызму выйсці да Дома ўраду з плакатамі «Свабоду Тыбету!». Афіцэр з аховы будынка, калі пабачыў пікет, дастаў рацыю і запатрабаваў прабіць па базе, хто такі вязень «Тыбет», у якой турме ся­дзіць, і за што адбывае тэрмін?

Часы палітычнай непісьменнасці прайшлі. Нават тыя, хто асабліва не цікавіцца міжнароднымі навінамі, нешта чуў пра намер часткі тыбетцаў аднавіць суверэнітэт радзімы, які яна страціла ў 1951 годзе пасля прыходу ў Гімалаі кітайскіх камуністаў. Агульнавядомай у свеце з’яўляецца асоба Далай Ламы, што кіруе незалежнікамі ў эміграцыі.

Вялікага ўплыву на сітуацыю ў Тыбеце дыяспара не мае, а яе дзейнасць сфакусаваная, хутчэй, на арганізацыі семінараў і канферэнцый. Актыў незалежніцкага руху складаюць людзі, якія даўно жывуць на Захадзе або ў Індыі, дзе, як правіла, і нарадзіліся. Відавочна, што ў Тыбеце існуе свая, інтэграваная ў агульнакітайскую, рэгіянальная эліта, якая вельмі баіцца абвастрэння тыбецкага пытання. У такім выпадку Пекін дакладна «закруціць гайкі» і абмяжуе паўнамоцтвы тубыльцаў на карысць цэнтру.

Увогуле, няма сумневаў, што тыбецкая ініцыятыва Скота Перы з’яўляецца фрагментам больш шырокай антыкітайскай стратэгіі Трампа, які помсціць Пекіну за эпідэмію. Адначасова з «тыбецкім законам» Кангрэс разгледзіць пакет пастаноў пра новыя санкцыі супраць кітайскіх чыноўнікаў, звязаных з «пераследам уйгураў» у Сіньцзяне. Раней Сенат ЗША ўхваліў законапраект, які можа перашкодзіць кітайскім фірмам трапляць на амерыканскія фондавыя біржы. Ходзяць плёткі і пра прызнанне незалежнасці Тайваня, які, як вядома, Пекін лічыць часткай Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Чаго можна чакаць, калі амерыканскія парламентарыі сапраўды прагаласуюць за «незалежнасць Тыбету»? Гаворка, нагадаем, пра Тыбецкі аўтаномны раён (Сіцзан), які займае плошчу 1 мільён 178 тысяч 441 квадратны кіламетр (3-е месца сярод адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак КНР) і знаходзіцца ў самым высакагорным рэгіёне нашай планеты. Насельніцтва краю складае каля трох мільёнаў чалавек, якія ў большасці (90 працэнтаў) — этнічныя тыбетцы.

Відавочна, што прызнанне «тыбецкай незалежнасці» ніяк не паўплывае на рэальную канфігурацыю ўлады ў Лхасе. У тым ліку таму, што Тыбет — стратэгічны рэгіён для кітайскіх генералаў, якія трымаюць тут вялікі вайсковы кантынгент. Дзякуючы Тыбету Пекін, сярод іншага, супрацьстаіць Індыі.

Таму, акрамя інфармацыйнага хайпу і ўзаемных дыпламатычных дэмаршаў, адзі­ным канкрэтным вынікам, падаецца, будзе стварэнне на грошы ЗША нейкага сімулякра ўрадавай адміністрацыі, якая паспрабуе віртуальна кіраваць рэгіёнам з-за мяжы. З улікам структуры цяперашняй ААН, дзе Пекін мае права вета, шанцы на дыпламатычнае прызнанне падобнага ўраду незалежнага Тыбету практычна нулявыя.

Акрамя таго, падтрымка незалежнасці Тыбету можа стварыць прэцэдэнт і запусціць дзіўны працэс «параду суверэнітэтаў». 30 траўня, яўна пад уплывам кроку Скота Перы, адзін з лідараў руху за незалежнасць пакістанскай правінцыі Белуджыстан звярнуўся да амерыканскіх кангрэсменаў з экстравагантным заклікам. Сэнс закліку — не абмяжоўвацца Тыбетам, а прызнаць Белуджыстан, які пакутуе ад парушэння правоў чалавека, таксама незалежнай дзяржавай.

Няма сумневаў, што Пекін у адказ на незалежнасць Тыбету зробіць нейкія люстэркавыя крокі. Напрыклад, уздыме пытанне легітымнасці прыналежнасці да ЗША гавайскага архіпелагу. Гаваі (а дакладней, Гавайскае каралеўства) было фактычна анексаванае Злучанымі Штатамі пасля арганізаванага з іх дапамогай перавароту ў 1893 годзе. Расійскае прапуцінскае выданне «Взгляд» ідзе яшчэ далей, дапускаючы прызнанне Пекінам незалежнасці індзейскіх рэзервацый у Злучаных Штатах.

Таму большасць каментатараў усё ж асцярожна ставяцца да перспектываў скандальнага законапраекта. У гэтым асяроддзі дамінуе думка, што Тыбет спатрэбіўся Беламу дому для інфармацыйнай кампаніі. Прычым, аўдыторыяй гэтай кампаніі могуць быць не кітайцы, а амерыканскі палітыкум і электарат — у кантэксце цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі.

Нават тыбецкая дыяспара, вітаючы заканадаўчую ініцыятыву Перы, пагаджаецца, што цяперашні праект прызнання незалежнага Тыбету — гэта, хутчэй, «чорная метка» на адрас Пекіну. «Вядома, ніхто не павінен думаць або гаварыць, што Кітай трэба дэстабілізаваць. Задача палягае ў тым, каб Кітай перастаў нерваваць свет, адмовіўся ад агрэсіўных метадаў акупацыі (Тыбета і Тайваня). Адпраўной кропкай для ініцыявання такога сусветнага супраціву планам тэрытарыяльнай экспансіі Кітая з’яўляецца фармальнае прызнанне Тайваня і Тыбета ў якасці незалежных і суверэнных краін. Гэта пакажа Кітаю яго месца», — піша тыбецкая прэса ў Індыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: