За ўтойванне сімптомаў каронавіруса ў Кітаі могуць пакараць смерцю

Кітайскія ўлады забаранілі хворым з тэмпературай або кашлем падарожнічаць па краіне на аўтобусах, цягніках і самалётах. Яны абвясцілі, што ўводзіцца крымінальны пераслед за распаўсюд захворвання.
У Кітаі могуць пакараць смерцю за наўмыснае ўтойванне сімптомаў новага каронавіруса COVID-19 або скажэнне інфармацыі аб стане хворага, гаворыцца ў апублікаванай у суботу, 15 лютага, заяве кітайскага суда. Утойванне гісторыі сваіх падарожжаў таксама можа лічыцца крымінальным злачынствам. Чалавек, які стаў крыніцай інфекцыі і прывёў да распаўсюджвання віруса, будзе абвінавачаны ў стварэнні пагрозы грамадскай бяспекі. Ён можа быць прысуджаны да 10-гадовага альбо пажыццёвага турэмнага зняволення ці да смяротнага пакарання.

Нацыянальная камісія па ахове здароўя Кітая 15 лютага забараніла жыхарам з кашлем, тэмпературай і іншымі сімптомамі віруснага захворвання перасоўвацца па краіне ў аўтобусах, цягніках і самалётах. Акрамя таго, усе грамадзяне, якія вяртаюцца дадому пасля святаў з зоны ачага эпідэміі, павінны заставацца дома альбо пад наглядам лекараў 14 дзён, а тыя, хто адмовяцца ад каранціну, будуць пакараныя.

Многія вытворчасці ў КНР так і не адчыніліся пасля працягнутых ўладамі навагодніх вакацый. Намеснік міністра транспарту Кітая Лю Сяомін паведаміў, што колькасць паездак ўнутры краіны складае пятую частку нармальнага аб'ёму. Па апошніх афіцыйных дадзеных, на мацерыковай частцы Кітая ад віруса памерлі каля 1500 чалавек, больш за 66 тысяч чалавек інфікаваныя.

Тым часам колькасць смяротных выпадкаў ад захворвання зніжаецца ўжо трэці дзень запар. 139 смяротных выпадкаў прыпадае на правінцыю Хубэй, дзе знаходзіцца горад Ухань — цэнтр распаўсюджвання каронавіруса. На працягу 12 дзён зніжаецца і колькасць заражэнняў за межамі правінцыі Хубэй.

Паводле dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: