За «відавочную непавагу» да Расіі ў інтэрнэце прапанавалі саджаць на 15 сутак

Група парламентарыяў унесла ў Дзярждуму РФ пакет законапраектаў аб штрафах і адміністрацыйным арышце за публікацыю ў інтэрнэце матэрыялаў, якія «ў непрыстойнай форме выказваюць непавагу» да грамадства, дзяржавы, афіцыйных сімвалаў Расіі і органаў улады.

GETTY IMAGES

Пакаранне за непавагу


Аўтары ініцыятывы — сенатары Андрэй Клішас, Людміла Бокава і дэпутат Дзярждумы Дзмітрый Вяткін — прапануюць караць за такія дзеі штрафам у памеры ад 1 тысячы да 5 тысяч расійскіх рублёў (ад 15 да 75 долараў) або адміністрацыйным арыштам на тэрмін да 15 сутак.

Згодна з законапраектам, у выпадку выяўлення ў інтэрнэце матэрыялаў, «якія выказваюць у непрыстойнай форме відавочную непавагу», генпракуратура Расіі павінна будзе звярнуцца ў Раскамнагляд, які павінен заблакаваць рэсурс да ліквідацыі парушэння.

Аўтары прапаноўваюць занесці папраўкі ў закон «Аб інфармацыі», каб забараняць доступ да старонак з матэрыяламі з «непавагай», а таксама дапоўніць яшчэ адным пунктам артыкул «дробнае хуліганства» ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП).


У тлумачальнай запісцы не ўдакладняецца, што менавіта аўтары маюць на ўвазе пад непавагай да дзяржавы і органаў улады і што магло іх падштурхнуць да напісання законапраекта. Там толькі напісана, што «Інтэрнэт з'яўляецца грамадскай прасторай, у якой таксама павінны выконвацца правілы дапушчальных паводзінаў, накіраваныя на забеспячэнне грамадскага парадку і павагі да грамадства і дзяржаўных інстытутаў».

Штрафы за фэйкі

Тая ж група парламентарыяў у сераду ўнесла ў Дзярждуму яшчэ адзін пакет законапраектаў — пра штрафы за распаўсюд у СМІ і інтэрнэце «заведама непраўдзівай інфармацыі пад выглядам праўдзівых паведамленняў», якія ствараюць пагрозу здароўю грамадзян і масавага парушэння грамадскага парадку. Папраўкі ўносяцца ў законы аб СМІ і інфармацыі.

За распаўсюд такіх матэрыялаў будуць караць накладаннем адміністрацыйнага штрафу на грамадзян у памеры ад 3 тысяч да 5 тысяч расійскіх рублёў, на службовых асоб — ад 30 тысяч да 50 тысяч рублёў, на юрыдычных асоб — ад 400 тысяч да 1 млн рублёў.

Акрамя таго, парламентарыі прапануюць канфіскоўваць «прадмет адміністрацыйнага правапарушэння».

Гэты пакет законапраектаў раскрытыкаваў кіраўнік прэзідэнцкага савета па правах чалавека Міхаіл Фядотаў.

«Праблема вырашаецца медыяадукацыяй, людзі павінны навучыцца адрозніваць фэйкавыя навіны ад сапраўдных. Калі яны гэтаму не навучацца, то КаАП не дапаможа ў барацьбе з фэйкавымі навінамі», — сказаў ён ТАСС.

Калі разгледзяць


Дзярждума ўжо не раз галасавала за абмежаванні і пакаранні за актыўнасць у інтэрнэце. У выніку распаўсюджанай практыкай сталі так званыя справы аб рэпостах, калі абвінавачванні ў экстрэмізме выстаўляліся людзям, якія скапіявалі чужыя паведамленні або карцінкі.

Дзярждума разгледзіць законапраекты аб штрафах за «фэйкавыя навіны» і публікацыі з непавагай да грамадства і дзяржавы «ў непрыстойнай форме» не раней за студзень.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: