Забіты «бацька іранскай бомбы». У Тэгеране застрэлілі фізіка, якога лічылі кіраўніком ядзернай праграмы

Міністэрства абароны Ірана пацвердзіла, што ў выніку замаху непадалёк ад Тэгерана быў забіты фізік Махсен Фахрызадэ, якога некаторыя дыпламаты, паводле паведамленняў, называлі "бацькам іранскай бомбы". Заходнія разведслужбы лічылі яго кіраўніком іранскай ядзернай праграмы.
Фахрызадэ — самы вядомы ядзерны фізік Ірана, ён таксама быў высокапастаўленым афіцэрам Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі.

New York Times параўноўвала яго з Робертам Опэнгаймерам — фізікам, які ў гады Другой сусветнай вайны кіраваў Манхэтанскім праектам па стварэнні амерыканскай ядзернай зброі.

Міністр замежных спраў Ірана Джавад Зарыф назваў забойства "актам дзяржаўнага тэрору", а дарадца вярхоўнага лідара Ірана аяталы Алі Хаменеі прама абвінаваціў у забойстве Ізраіль. Агенцтва Рэйтэр перадае, што офіс прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху адмаўляецца каментаваць паведамленні аб замаху. Ад каментароў таксама адмовілася міністэрства абароны ЗША.

У 2010-2012 гадах чацвёра іранскіх ядзерных экспертаў былі забітыя. Тэгеран таксама вінаваціў у іх гібелі Ізраіль, але доказаў гэтаму няма.

Фахрызадэ, прафесар атамнай фізікі ўніверсітэта імя імама Хусэйна і дарадца міністэрства абароны Ірана, некалькі гадоў таму таксама перажыў няўдалы замах.

Іран заўсёды настойваў, што яго ядзерная праграма мае выключна мірныя мэты.

Што здарылася падчас замаху?

Іранскае міністэрства абароны апісала абставіны забойства так: "Узброеныя тэрарысты напалі на аўтамабіль, у якім знаходзіўся Махсен Фахрызадэ, кіраўнік аддзела нашага міністэрства па даследаваннях і інавацыях. Пасля сутыкнення паміж тэрарыстамі і яго аховай Фахрызадэ атрымаў цяжкія раненні і быў тэрмінова адпраўлены ў бальніцу. На жаль, намаганні медыкаў па выратаванні яго жыцця не ўвянчаліся поспехам і некалькі хвілін таму ён памёр".

Па даных іранскіх СМІ, па навукоўцу, які знаходзіўся ў машыне, быў адкрыты агонь з агнястрэльнай зброі.

Агенцтва Фарс раней паведамляла аб выбуху аўтамабіля ў горадзе Абсард недалёка ад Тэгерана, дзе быў забіты Фахрызадэ. Як распавялі сведкі здарэння, "былі забітыя тры ці чатыры чалавекі, якіх называлі тэрарыстамі".

Як кажа аглядальнік Персідскай службы Бі-бі-сі Джыяр Гол, забойства Фахрызадэ — гэта цяжкі ўдар для іранскіх спецслужбаў, якім было даручана яго ахоўваць. Некаторыя ў Іране нават лічаць, што замах маглі ажыццявіць супрацоўнікі іранскіх сіл бяспекі, якія працуюць на разведку Ізраіля і заходніх краін.

"Правакацыя вайны"

Кіраўнік МЗС Ірана Джавад Зарыф напісаў у "Твітары": "Сёння тэрарысты здзейснілі забойства вядучага іранскага навукоўца. Гэты баязлівы акт — з сур'ёзнымі сведчаннямі ролі Ізраіля — паказвае, што яго віноўнікі робяць усё магчымае для развязвання вайны". Пры гэтым кіраўнік Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі — элітнага падраздзялення іранскай арміі — паабяцаў адпомсціць за забойства Фахрызадэ.

Паводле ВВС

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: