Забойства, якое змяніла свет

У пачатку жніўня спаўняецца 50 гадоў справе Чарлі Мэнсана, чые злачынствы, як высвятляецца, таксама адмоўна адгукнуліся на клімаце планеты.

Ужо цяпер зразумела, што адной са знакавых культурных падзей 2019 года будзе фільм Таранціна «Аднойчы ў Галівудзе», дзе зняўся зорны дуэт — Брэд Піт і Леанарда Ды Капрыа.

Рэцэнзіі на карціну, якая выходзіць на нашы экраны 8 жніўня, феерычныя. «Самы яркі і эмацыйны фільм Таранціна, у якога ёсць яйкі, каб паказаць адваротны бок галівудскага кіно і яго гісторыі», — піша «The Guardian».

Кадр з фільму «Аднойчы ў Галівудзе»

Няма сумневаў, што дадатковыя бонусы ў справе раскруткі прынясе карціне і той факт, што яна выходзіць у пракат напярэдадні 50-х угодкаў справы банды Чарлі Мэнсана. Менавіта на фоне тых падзей разгортваецца асноўны сюжэт фільма Таранціна.


Гісторыя злачынстваў секты Мэнсана ў Галівудзе 8–9 жніўня 1969-га ўскалыхнула амаль увесь свет. Не толькі таму, што ахвярамі забойцаў сталі  вядомыя прадстаўнікі свету шоу-бізнесу. Была забітая таксама Шэран Тэйт — жонка знакамітага кінарэжысёра Рамана Паланскі, якая вось-вось павінна была нарадзіць дзіця. Шэран і яшчэ траім, якія прыйшлі да яе ў госці, людзі Мэйсана за паўгадзіны нанеслі больш за сотню нажавых раненняў.

Удзельнікаў злачынства знайшлі досыць хутка, аднак комплекснай карціны забойства ў нас дасюль няма, бо нестае адказаў на шэраг пытанняў. З чаго раптам былы дробны крымінальнік Чарлі Мэнсан уявіў сябе месіяй? Як ён змог пераканаць у гэтым некалькі дзясяткаў чалавек, з якімі стварыў камуну «Сям’я»? Чаму сябры «Сям’і» гатовыя былі выконваць любыя распараджэнні свайго гуру — ажно да забойства?

І, нарэшце, самае нязручнае пытанне — дзе была паліцыя? Чаму паліцэйскія ігнаравалі наяўнасць у горадзе прытона, чальцы якога вялі, мякка кажучы, дзіўны лад жыцця: займаліся групавым сексам, служылі імшы д’яблу, ужывалі наркотыкі, рэзалі жывёл і пілі іх кроў, кантактавалі з мясцовымі крымінальнымі групоўкамі, займаліся дробнымі крадзяжамі? Чамусьці паліцыя ўпарта заплюшчвала на гэта вочы…

Паколькі зразумелага адказу на апошняе пытанне да гэтага часу няма, сярод прадстаўнікоў амерыканскай контркультуры яшчэ ў 1969 годзе нарадзіўся міф пра тое, што Мэнсана падставілі. Нібыта, «свінні» (так хіпі любілі называць паліцэйскіх) проста павесілі на Чарлі некалькі справаў. Тэма наконт нявіннай ахвяры копаў з часам вырадзілася ў сапраўдны культ заснавальніка «Сям’і».


Чытайце таксама:

Чарльз Мэнсан: Я не шкадую і не маю сораму

Зрэшты, ёсць іншае тлумачэнне мэнсанаманіі. Маскоўскі культуролаг Аляксей Цвяткоў піша: «Мэнсан тут, вядома, толькі пароль. Не тое, каб прапаноўвалася любіць Чарлі і адназначна падтрымліваць тое, чым ён праславіўся на ўвесь свет. Прапаноўвалася бачыць у ім увесь круты замес і дух эпохі 1960-х з яе псіхадэлам, утапізмам і захапленнем ад ужо распачатага канца сусвету, з якога абяцаў нарадзіцца прынцыпова новы свет».

Так ці інакш, культ стваральніка «Сям’і» не абмежаваўся назвамі твораў у гонар Мэнсана (на сярэдзіну нулявых ВВС налічыла 70 такіх песень) або модай на яго імя. У гэтым асяроддзі была папулярная ідэя адпомсціць за Чарлі, якога суд у 1970 годзе асудзіў на дзевяць пажыццёвых зняволенняў. У рамках вендэты нават абмяркоўваўся план замаху на прэзідэнта Злучаных Штатаў. Былі таксама пражэкты па ўгону самалёта для наступнага абмену пасажыраў-закладнікаў на вязня.

Праўда, усе планы засталіся планамі. Мэнсан, як вядома, памёр 19 лістапада 2017 года на 84-м годзе жыцця ў турэмным шпіталі аднаго з гарадоў Каліфорніі, не дажыўшы два гады да юбілею сваіх злачынстваў — і, адпаведна, новага выбуху цікавасці да сваёй постаці.


Чытайце таксама:

Загадка аднаго маньяка

Сёння прэса не толькі зноў распавядае пра падзеі 8–9 жніўня ў Лос-Анжэлесе. Усплываюць новыя падрабязнасці і версіі. Напрыклад, брытанскі «Telegraph» убачыў за жорсткімі ўчынкамі Мэнсана руку ЦРУ. Выданне мяркуе, што на Чарлі, які ў маладосці шмат сядзеў, вывучалі дзеянні рознага кшталту псіхадэлічных наркотыкаў. У выніку ў яго мазгах і з’явілася вар’яцкая думка наконт сваёй метафізічнай прыроды.

Нямецкі «Spiegel» звяртае ўвагу на постаць Тэры Мельхера (Terry Melcher), музычнага прадзюсара, з якім меў зносіны Мэнсан праз ідэю-фікс стаць поп-зоркай не горш за «Beatles». Мельхер, які працаваў з маладымі рок-гуртамі, мог быць аўтарам сцэнічнага іміджу Мэнсана — малады чалавек, які сваімі паводзінамі ігнаруе ўсе этычныя нормы. У выніку іх супрацоўніцтва не наладзілася, але асноўную фішку Мэнсан, здаецца, вывучыў. Толькі так можна растлумачыць трыумф Мэнсана на інфармацыйным рынку. Ён сістэмна і амаль ідэальна кампенсаваў падспудны інтарэс кожнага да такой маральнай катэгорыі, як зло — і стаў шмат для каго аватарам д’ябла.


Усё той жа «Spiegel» разглядае справу Мэнсана ў рамках лёсу субкультуры хіпі, якія крытыкавалі капіталізм за спажывецкае стаўленне да жыцця. На думку «Spiegel», папулярызацыя каштоўнасцяў хіпі давала свету шанец выйсці са спіралі спажывання, якое знішчае прыроду. У выніку сёння чалавецтва магло б пазбегнуць такой пагрозы, як глабальнае пацяпленне. У гэтым плане справа Чарлі Мэнсана хутчэй адыграла для хіпі фатальную адмоўную ролю, дыскрэдытаваўшы альтэрнатыву ў вачах вялікай часткі грамадства. Як следства — наш свет таксама застаўся ў старой антыэкалагічнай парадыгме. Зрэшты, выданне спадзяецца на новую рэдакцыю хіпі ў выглядзе набіраючага сілу моладзевага руху за клімат. 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!