Загадкавая радыяцыя

Над Еўропай плавае радыяцыйнае воблака, якое нагадвае чарнобыльскае. Навукоўцы не могуць растлумачыць гэты феномен і толькі разводзяць рукі.

Адразу супакоім чытача: па-першае, радыяцыя ў тым воблаку невялікая і не ўяўляе пагрозы для здароўя. А па-другое, хаця воблака рухалася з усходу на захад, яго маршрут, падаецца, абмінуў Беларусь. Воблака прайшло паўночней, і наўрад ці ўжо вернецца ў нашы шыроты. Зараз яго прапіска — Заходняя Еўропа, адкуль у гэты час яно імкліва рухаецца ў напрамку Вялікабрытаніі.

Пра гэта паведаміла Міністэрства абароны здароўя Вялікабрытаніі, адначасова заклікаўшы суайчыннікаў не панікаваць. У міністэрстве адзначаюць, што праз згаданую атмасферную з’яву ў паветры будзе большая канцэнтрацыя радыенуклідаў, аднак рымейк Чарнобылю брытанскім выспам не пагражае.

Гледзячы на каментары ў прэсе, падобныя заклікі аўдыторыя ўспрымае трошкі скептычна. Як сведчыць гістарычны досвед, першы запавет чыноўніка ў выпадку праблемы з мірным атамам — казаць, што нічога асаблівага не здарылася. Акрамя таго, у паведамленнях чыноўнікаў адносна радыяцыйнага воблака ёсць прабел. Ніхто не можа даць зразумелы адказ на пытанне, адкуль жа ўзнікла тая радыяцыя.

Упершыню пра яе паведамілі 13 лютага, калі IRSN (Французскі інстытут радыяцыйнай бяспекі) апублікаваў адпаведную справаздачу. Паводле тэксту, яшчэ ў студзені «ў нізкіх слаях атмасферы над Еўропай былі зафіксаваныя радыенукліды антрапагеннай (штучнай) прыроды». Як сцвярджаюць у IRSN, упершыню радыенукліды заўважылі нарвежскія вучоныя (гэта адбылося 2 студзеня). Хутка тая ж з’ява была ў Фінляндыі, Польшчы, Чэхіі, Германіі і Іспаніі. Аднак, зноў жа, ніводнай версіі пра крыніцу радыяцыі не прагучала.

19 лютага падавалася, што вучоныя, быццам, трапілі на след. У фінскай прэсе прайшла інфармацыя, што нібыта ў Лапландыю воблака прыйшло з боку Кольскага паўвострава, то бок з Расіі. «У перыяд, калі праводзіліся вымярэнні, было кепскае надвор’е, таму мы не можам прасачыць дакладную крыніцу радыяцыі. Вымярэнні з некалькіх месцаў у Еўропе могуць азначаць, што яна рухалася з Усходняй Еўропы», — заявілі нарвежскія спецыялісты. Адначасова іншыя навукоўцы паведамілі, што загадкавае воблака нагадвае чарнобыльскае.

На падставе агучанай заявы нарадзілася тэорыя пра тое, што воблака з’яўляецца следствам тэстаў ядзернай зброі ў Расіі. Нейкім чынам спрабавалі звязаць феномен радыяцыі з 42 атамнымі эксперыментамі, якія, быццам, правяла Паўночная Карэя. Нарэшце, узгадалі пра заклікі Кіева аднавіць ядзерны статус Украіны нават насуперак міжнароднаму праву. Агучаныя тэорыі, магчыма, і някепскія, аднак усе арганізацыі, якія займаюцца маніторынгам выпрабаванняў атамнай зброі, адзіныя ў катэгарычнай выснове — ніякіх выбухаў у апошні час у Расіі, і ўвогуле ў еўрапейскім рэгіёне, не адбывалася. Нездарма маўчыць на гэты конт Пентагон, які вельмі ўважліва сочыць за амерыканска-расійскім балансам атамнага арсеналу.

Затое ў сваім каментары супрацоўнікі вельмі аўтарытэтнай Падрыхтоўчай камісіі па забароне атамных іспытаў намякаюць, што, хутчэй за ўсё, адбылася аварыя на якім-небудзь рэактары. Як следства, на інтэрнэт-форумах прайшоў нефармальны адбор, на якім усім народам вызначалі краіну, дзе мог адбыцца падобны інцыдэнт.

У конкурсе з вялікім адрывам фінішуюць Францыя і Бельгія. У тым ліку таму, што ў іх вельмі актыўнае ісламскае тэрарыстычнае падполле, якое разглядае атамны сектар як патэнцыйную мішэнь. Аматары канспіратыўных тэорый тыражуюць байкі пра тое, што тэрарыстам удалася дыверсія супраць АЭС, на інфармацыю пра якую, маўляў, наклалі грыф «сакрэтна».

Яшчэ далей ідуць аматары тэорый пра лятаючыя талеркі. Паводле іх версіі, загадкавае воблака — зброя іншапланецян. Цікавая версія пра тое, што воблака ўзнікла праз тое, што радыяцыя з Фукусімы, якая трапляе ў паветра і мора, праз нейкія фактары канцэнтруецца на Поўначы Еўропы.

Сваё слова сказалі і тыя, хто сочыць за эксперыментамі на адронным калайдары — самым вялікім у свеце паскаральніку зараджаных часціц (напрыклад, пратонаў), створаным для вывучэння вынікаў іх сутыкненняў, які знаходзіцца ў Еўрапейскім савеце ядзерных даследаванняў каля Жэневы. На іх думку, аператары калайдара не маюць ідэальных сродкаў блакавання радыяцыйнага выпраменьвання, якое з’яўляецца падчас эксперыментаў. Нейкім чынам яно трапляе ў паветра.

Пакуль інтэрнэт-форумы фантанавалі самымі смелымі ідэямі, даследнікі з NASA 10 лютага высветлілі, што пры палёце самалётаў праз воблака з павышанай радыеактыўнасцю пасажыры падвяргаюцца ўдвая большаму апраменьванню, чым звычайна на вялікіх вышынях. Іанізуючае апраменьванне здольнае выклікаць такія цяжкія праблемы са здароўем, як ракавыя хваробы і паслабленне рэпрадуктыўнай функцыі. Паводле вучоных, аблокі з павышанай радыеактыўнасцю з’яўляюцца ў выніку касмічных штормаў. Магчыма, загадковае воблака, якое зараз блукае над Еўропай, не штучнае, а прадукт падобнай з’явы.

Чым бы ні скончылася цяперашняе падарожжа воблака з радыенуклідамі па Еўропе, яно, безумоўна, давяло сур’ёзнасць радыяцыйнай пагрозы, асабліва ў часы кліматычных зменаў з іх непрадказальнымі наступствамі. Некаторыя вучоныя баяцца, што воблака сапраўды мае не штучную прыроду. Гэта значыць, што ёсць падстава чакаць цыклічнасці падобных з’яў. Ужо зараз у Злучаных Штатах думаюць, як выявіць з’яўленне новага падобнага воблака на першай стадыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: